Вы тут

У Заслаўі завяршылася свята камернай музыкі ў гонар Міншчыны


Дваццаты раз горад прымаў вялікае музычнае свята. «Сімвалічна, што юбілейны фэст сёлета праходзіў у юбілейны для горада год, — падкрэсліла старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова. — Заслаўе ў жніўні будзе святкаваць 1035-ю гадавіну з дня заснавання.


А пачалося свята ў дзіцячай школе мастацтваў, куды на конкурс «Заслаўскі сшытак» сабраліся юныя піяністы з аналагічных музычных устаноў Міншчыны. У творчым паядынку на найлепшае выкананне твораў беларускіх кампазітараў удзельнічалі 23 юныя музыканты ў трох узроставых групах. Вядома, дзеці моцна хваляваліся. Ды і як было не хвалявацца, калі журы ўзначальваў сам маэстра Міхаіл Фінберг. Цяжка было вызначыць пераможцаў. Але ўсё ж першае месца ў малодшай узроставай групе было прысуджана вучаніцы Салігорскай дзіцячай музычнай школы Ефрасінні Ждановіч. У сярэдняй ўзроставай катэгорыі перамогу падзялілі Яніна Янкевіч з Вілейкі і Маргарыта Таўгень з Маладзечна.

Як адзначылі члены журы, выступленні дзяцей з кожным годам становяцца ярчэйшымі, удасканальваецца іх майстэрства. Па словах загадчыцы аддзялення «Мастацтва» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольгі Палітыкі, ніводнага твора выканаўцы сёлета не сыгралі двойчы. Гэта сведчыць пра тое, наколькі багаты і разнастайны рэпертуар айчыннай музыкі.

Пасля заканчэння конкурсу своеасаблівы майстар-клас паказалі прысутным салісты калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга: Ганна Брылёва на фартэпіяна і Мікалай Мішчанка на кларнеце.

Па традыцыі, прэс-канферэнцыю для журналістаў і прыхільнікаў яго творчасці правёў сам маэстра.

— Як удалося на працягу дваццаці гадоў захаваць фэст, прымножыць яго творчымі набыткамі, новымі талентамі? — запыталіся ў яго.

— Мы пачыналі справу з былым мэрам Заслаўя спадаром Валянцінам Раманавічам Сітнікам. Цудоўны, прыстойны чалавек, ветэран афганскай вайны. Разам з ім мы працавалі ў любое надвор'е, часам і ў траскучыя маразы. Але ні разу за ўвесь час не ўзнікала думкі адмяніць свята. Таму што мы шануем беларускую песню, культуру, радуемся, што нясём людзям дабро. На працягу двух дзесяцігоддзяў мы не мянялі фармат мерапрыемства, таму што ў нас такая нацыянальная палітыка, якая падштурхоўвае любіць дзяржаву, людзей.

— Міхаіл Якаўлевіч прадстаўляе цэлы пласт гісторыі, культуры нашай Беларусі. І гэты пласт ён прынёс у адзін з найстарэйшых гарадоў краіны. Фестываль быў успрыняты жыхарамі як нешта неабходнае ў паўсядзённым жыцці, стаў для кожнага прыступкай, якая далучае да прыгожага, высокага, — лічыць Валянцін Раманавіч.

Усяго ж Міхаіл Фінберг зрабіў 97 аўтарскіх канцэртаў, стаў ідэйным натхняльнікам і арганізатарам 752 фестываляў.

У межах мерапрыемства была прадстаўлена выстаўка «Казачны свет Ганны Сілівончык». Ганна — маладая мастачка, ды ўжо заявіла пра сябе не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Яе работы створаны ў непаўторным аўтарскім стылі — своеасаблівай трансфармацыі наіўнага і фантастычнага рэалізму. Яны нязменна ўражваюць вобразамі, поўнымі неверагоднай ўнутранай сілы, жыццёвай энергіі і аптымізму. «Знаёмства з творчасцю мастачкі можна параўнаць з падарожжам у цудоўную рэальнасць, — пракаментавала адна з наведвальніц. — На карцінах адлюстравана мноства разнастайных персанажаў — дзеці, закаханыя, людзі-жывёлы, людзі-птушкі, людзі-анёлы, ільвы і міфалагічныя істоты. Напачатку гэты свет здаецца нам таемным і загадкавым. Але кожны можа знайсці тут ключы і падказкі да разумення і чытання алегарычных сімвалаў ды зашыфраваных рэалій».

Пасля выстаўкі адухоўленыя людзі з узнёслым настроем і ўражаннямі ад сустрэчы з цудоўным мелі магчымасць паслухаць канцэрт творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Сярод выканаўцаў — струнны аркестр, ансамблі флейтыстаў, трубачоў, дуэт фартэпіяна і кларнета.

Завяршальным акордам фестывальнага дня стаў канцэрт у Заслаўскім гарадскім доме культуры «Світанак» — «20 гадоў разам: музычны падарунак». Сапраўдны россып зорак у адной зале! Для гледачоў выканалі творы салісты-лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сярод іх — заслужаныя артысты Беларусі: Наталля Тамела, Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч і іншыя.

Пры гэтым Міхаіл Фінберг адзначыў, што яго аркестр і артысты спяваюць і іграюць без выкарыстання фанаграмы, што выгадна адрознівае іх ад іншых музычных калектываў і выканаўцаў.

Нагадаю, што Міхаіл Фінберг напярэдадні фестывалю трапіў у бальніцу, але праз пяць дзён быў выпісаны. Міхаіл Якаўлевіч запэўніў прыхільнікаў сваёй творчасці, што падстаў для хваляванняў няма, ён адчувае сябе добра: «За ўсё жыццё ўпершыню трапіў у бальніцу, і журналісты паднялі вэрхал. Я ж у бальніцы рыхтаваўся да гэтага фестывалю, — пажартаваў маэстра. — А калі сур'ёзна, то я здаровы. Будзем разам працаваць на карысць нашай Айчыны», — дадаў ён напрыканцы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: sb.by

Загаловак у газеце: Дваццаць гадоў разам: музычны падарунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.