Вы тут

Лімб #3: формы × рыфмы × novy good


Агмень крытычных зрухаў у горне беларускай літаратурнай перыёдыкі працягвае раздувацца. Пачынаецца трэці выпуск крыху абмежаванага па форме, але крытычна-шчырага рэаліці-шоу «ЛІМБ», дзе скрыжоўваюцца шпагі рознабарыкадных удзельнікаў літпрацэсу. Адразу ад некалькіх чалавек, якія ў той ці іншай форме паспелі адрэагаваць на мінулыя эпізоды ЛІМБа, паступіў запыт на акрэсленне паняцця «паэзіі» і  вызначэнне таго, наколькі высокія крытычныя планкі мае сэнс ставіць перад сучаснай беларускай літаратурай і канкрэтна той яе часткай, што з’яўляецца на старонках спецыялізаваных газет і часопісаў. Прафесійных адказаў і гарачых адкрыццяў па балючых літаратурных тэмах чакайце ў адным з  зімовых нумароў «ЛіМа». А даведацца, што адбывалася ў лімаўскім раздзеле паэзіі на працягу снежня, можна ўжо цяпер.


Падборка тэкстаў Міколы МЯТЛІЦКАГА прасякнутая моцным пачуццём патрыятычнасці. Зварот да гэтых матываў цалкам апраўданы. Але, на маю думку, часам патрыятызм падаецца ў  занадта ўзнёслым ключы, яго раскрыццю не хапае канкрэтыкі: з аднаго боку, гэта дазваляе пазбегнуць штампаў кшталту адвечных буслоў і  сінявокасці, з другога  — знікае суб’ект патрыятычных пачуццяў, што менавіта для такіх пачуццяў можа быць фатальна. Апошні верш, «Грамагучнаю хваляю радасці…», пераходзіць з агульнапатрыятычнага поля да ваеннай тэмы  — і якраз тут абстрактны патэтызм прыходзіцца вельмі дарэчы: гарматна-гучныя, амаль жывыя «Свабода» і  «Незалежнасць» выклікаюць асацыяцыі са «Свабодай на барыкадах» Эжэна Дэлакруа. Цяга аўтара да выбудовы аб’ектыўных вобразаў цікавіць, але, як мне здаецца, такі падыход працуе не з усімі сюжэтамі і тэмамі.

Валерый КУХАРЧУК праводзіць паралелі паміж сабой і Багдановічам па прынцыпе «адарванасці ад Айчыны» і са свайго боку пакутуе ў прасторы Нью-Ёрка. Зноў  жа: на месцы Багдановіча мог апынуцца любы іншы зямляк, таму залішняя адвольнасць і  рэфлектыўнасць у раскрыцці тэмы робіць з яго хутчэй функцыю-на-адзінвобраз, чым паўнавартаснага суразмоўцу. У другім вершы, дзе Багдановіч ужо не патрэбны і дзе акцэнт цалкам змяшчаецца на амерыканскія краявіды, аўтар праяўляе значна больш шчырасці і ўласнага інтарэсу, што ў сваю чаргу выклікае і люстраны інтарэс з чытацкага боку. Наогул, калі паглыбляцца ў  мову напісанага, ёсць невялікае агульнае пытанне да аўтарскага стылю: грувасткія сінтаксічныя канструкцыі (часам — больш чым на пяць (доўгіх!) радкоў) могуць як стварыць уражанне моўнай гушчыні, так і проста змарыць. І  з-за таго, што эпітэты, якімі карыстаецца паэт, хутчэй публіцыстычнабудзённыя, а не мастацкія, спрацоўвае менавіта другі сцэнар: дынаміка верша губляецца недзе ў нетрах каменна-маналітных слоўных ручаёў.

Дар’я ВЯЧЭРКА падыходзіць да асобы Максіма Багдановіча з адпаведным інтэртэкстам, але ў астатнім дыялог зноў аддае аўтарэфлектыўнасцю, праз якую вельмі цяжка пабачыць зацікаўленасць у фігуры паэта. Лірычная гераіня частуе паэта кукурузнымі палачкамі, што ў спалучэнні з ілюстрацыяй, на якой Багдановіч — памятнік, фарміруе ў  галаве міжвольна-камічныя асацыяцыі з галубамі.

Парадаксальнай гульнёва-шчырай паэтыкай уражваюць творы Міколы АДАМА. У якасці адметнага прыклада гарэзліва-нізкага штылю больш за ўсё падыходзіць радок «Маланкі з неба брэшуць, як сабакі». Але, што дзіўна, на скрыжаванні гэткіх вобразаў і багатага згадвання ўсялякіх напояў (і не толькі безалкагольнага чаю) паўстае шчымлівая ў  сваёй прастаце любоўная лірыка, у якую безагаворачна верыцца. Нягледзячы на апрыёрную адасобленасць рэальнага свету і свету мастацкага тэксту, умераная зніжанасць і прамалінейнасць аповеду ўсё ж зліваюць гэтыя прасторы ў  адно. Таму тое, што магло б падацца занадта патэтычным у звычайным жыцці ці ў  вершы з  нейтральна-афарбаваным стылем, на кантрасце з  безабаронна прамым, як струна, пачуццём выглядае цалкам гарманічна. «Будзеш напой, нашым названы імем?..»  — запытвае аўтар вуснамі свайго лірычнага героя, і напрыканцы становіцца відавочным тое, што адмовіцца ад вершаванага напою з імем Міколы Адама папросту немагчыма.

Варыяцыяй рандэля пачынае сваю падборку Анхела ЭСПІНОСА РУІС. І  для сучаснага вершаскладання гэта быццам бы досыць нечаканая форма, але не паўсюль гэтая нечаканасць ідзе далей за форму. Праз усе вершы праходзяць пейзажныя матывы, ва ўсіх яны служаць скелетам для рэфлектыўна-прачулай любоўнай лірыкі. Нельга не заўважыць выкшталцонасць прыведзеных тэкстаў, з якой пры вялікім жаданні можа вырасці сапраўды нешта надзвычай моцнае. Умовы, на якіх Анхела Эспіноса існуе ў  сучасным беларускамоўным літпрацэсе, не зусім звычайныя, таму хацелася б, каб менавіта гэтая незвычайнасць і нацыянальны каларыт адыгрывалі ў вершах больш значную ролю.

У выпадку з творамі Васіля КАЗАЧКА гаворка ідзе ўжо не пра агульна-традыцыйны падыход да паэзіі, але пра досыць канкрэтныя штампы: «прысніў цябе, як яблыневы сад», «восень-мастачка… піша і піша карціны-пейзажы», «клён, нібы цар, апрануўшыся ў золата», «ягад агнём грэе рукі рабіна», «клін жураўліны шыбуе ў вырай», «кроны бяроз загарэліся свечкамі» і г. д. Вобразы не набываюць уласна аўтарскае развіццё, а існуюць у вершах «як ёсць». І хаця на працягу лірычнага аповеду ўсе гэтыя радкі раскладаюцца кампазіцыйна ўдала, у выніку тэксты выглядаюць не як самастойныя творы, а хутчэй як кампіляцыі ўжо напісанага.

На прыкладзе вершаў Васіля ЗУЁНКА можна сутыкнуцца з нечым калялітаратуразнаўчым і паразважаць пра тое, як з дапамогай вельмі простых хітрыкаў пазбегнуць непажаданых фанетычных банальнасцяў, якія асабліва бязлітасна б’юць у вока ў пазіцыі рыфм. А  лайфхак вельмі просты: менш мужчынскіх рыфм (з націскам на апошні склад)  — больш жаночых (на перадапошні склад) і дактылічных (перадперад(і  далей)апошні). Паэт ідзе нават далей і рыфмуе паміж сабою словы з жаночымі і дактылічнымі канчаткамі, а таксама ўжывае састаўныя рыфмы, што нават больш пазбаўляе канцы радкоў інерцыйнасці. Асабліва цікавым у лексічназместавым плане паўстае апошні верш, «А могільнік у нас на вышыні дзяржаўнай», у астатнім падборка цікавая хутчэй менавіта ў фанетычна-музыкальным ключы.

Асноўны вектар падборкі твораў Міколы МАЛЯЎКІ — зварот у мінулае. Дзесьці гэты зварот выводзіцца на ўзровень афарыстычнага (і крыху падзацёртага) тэзіса («па-новаму ўсё бачыцца здаля») і становіцца падставай для роздумаў наконт механізмаў памяці, дзесьці гэта толькі кропка ўваходу ў лірыку, прысвечаную роднаму краю, а недзе — і заканамерны выхад у пазажыццёвае, смяротнае. З цягам часу для паэтаў (да і наогул для людзей) характэрны паварот зроку ад будучыні да мінулага, але ў выпадку з Міколам Маляўкам гэта не абмежаванасць, а паўнавартасны вектар мыслення, чые стрэлы накіроўваюць аўтара да тых думак, якія па адсутнасці жыццёвага вопыту не надта «баляць».

 Надзеі САЛОДКАЙ у агульнапаэтычным сэнсе баліць, і менавіта на гэтым болю зроблены акцэнт у абодвух вершах падборкі. Першы твор крыштальна прама адлюстроўвае «традыцыйную» карціну вершаскладання, паводле якой вершы нараджаюцца з жалю, пакутаў, і гэта ў тыпова хрысціянскім ключы прыводзіць аўтарку да Бога. Другі твор цалкам — разгорнутая да сюжэта прымета, згодна з якой птушка, якая грукае ў акно, — гэта душа нябожчыка. Без аўтарскіх акцэнтаў і пераасэнсаванняў гэтай прыметы — толькі мінімалістычнае развасабленне сталай моўнай канструкцыі, у нейкай ступені нават яе дэпаэтызацыя.

З пэўнай унутранай энергіяй робіць свае сюжэтныя замалёўкі Віктар ГАРДЗЕЙ. І калі ў «Залётах на калядны пост» гэта сапраўды толькі тыповы (нават у нечым архетыповы) вяскова-зімовы сюжэт, то ў «Сазе пра лясное рэха» па адным толькі рытмічным складзе ўжо адчуваецца натуральны эпас (хаця па змесце, зноў жа, сітуацыя даволі будзённая). Рэдкая з’ява — калі за кошт выключна рытміка-музыкальных паэтычных сродкаў са звычайнага аповеду вырастае нешта крыху большае за жыццё. Але, як ні парадаксальна, стаяць гэтыя вершы на законах не лакальна-паэтычных, а наогул літаратурных: менавіта праз выбудову сюжэта дасягаецца пэўная кропка звышжыццёвасці, а значыць, літаратурнасці.

Падборка зімова-святочных твораў з «Фэста аднаго верша» выглядае быццам рознакаляровая гірлянда на ёлцы таго, што звычайна сустракаецца на паэтычных старонках «ЛіМа». Кардынальна розныя паэтычныя практыкі з кардынальна рознымі моцнымі момантамі. Так, Дар’я ГАРОШКА дае гульню выключна паэтычную, гульню на мікраўзроўні мовы, якая ператварае звыклы Новы год у пазітыўны «NOVY GOOD». У сваёй «Каляднай імпрэсіі» Міхал ХУБЕРТ быццам бы сам ператвараецца ў нейкі суцэльны аб’ект зімовай святочнасці і, як лямпа, якая знаходзіцца на сеансе электрычнай акупунктуры, прапускае свята праз самога сябе. З падзіцячаму простай і выбітнай афарыстычнасцю паўстае невялікі твор Валярыны КУСТАВАЙ «Каляднае», у якім даецца тэорыя наконт начальства святочных барадачоў розных краін. Прэч ад няправільнага навагодняга надвор’я збягае Віталій БЫЛЬ у кроскультурнае падарожжа, дзе паўночная сутнасць зімовых святаў размякае настолькі, што пераўтвараецца ў  сутнасць усходнюю: з ламамі, Шамбалай і  кармай. Кагнітыўна-рэфлектыўную феерыю робіць з зімы Уладзь ЛЯНКЕВІЧ: як і ў выпадку з мінулым аўтарам, паэту не падабаецца тая зіма, якая адбываецца навокал (але — ужо не з-за надвор’я, а з-за знарочыстай святочнасці) — і, нікуды не збягаючы, ён спачатку праз уласнае бурчанне, а потым праз псіхатэрапеўтычны сеанс аплікацыі спрабуе калі і не пераадолець свой песімізм, то хаця б прымірыцца з ім. Хрусткім і, зноў, не па-зімоваму цёплым, нават гарачым аповедам укліньваецца ў снежныя матывы Марыя МАРТЫСЕВІЧ  — у вершы «Хлеб святога Антонія» кранае не столькі святочны аспект усіх гэтых дат напрыканцы/напачатку года, колькі аспект хрысціянскі: але і гэта хутчэй падманка, тады як на самай справе тэкст імкнецца стварыць асацыятыўнаю кропку перапляцення паўночнай і паўдзённай прасторы. Тобок з усёй умоўна «каляднай» падборкі гэты верш меней за ўсе (ці найменш яўна) адпавядае тэме (застаючыся пры гэтым моцным).

Акцэнт на форме — гэта тое, што павярхоўна аддзяляе паэзію ад прозы і звычайнага маўлення. І ў той час, калі большасць карыстальнікаў паэтычных фарматаў хапаецца за гэты візуальны, азбучны аспект як за выратавальны круг, які маскіруе бедныя думкі за псеўдаскладанай абгорткай,  — толькі адзінкі працуюць з паэтычным словам так, што выніковая літаратурная маса атрымліваецца не падчас складання формы і  зместу, але падчас іх множання. І менавіта таму сапраўдныя паэты, калі ім даводзіцца віншаваць адно аднаго з Нараджэннем Хрыстовым са старых тэлефонаў, якія не падтрымліваюць кірыліцу, пішуць не «Merry Christmas», а «Merry X-mas», бо інтуітыўна ведаюць, што паэзія  — множанне вядомых складнікаў з  невядомай масай у выніку.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.