Вы тут

«Працягні мне руку»


Пра тое, што Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка марыць стварыць зборнік уласных выбраных вершаў, ведала даўно. Няма, мусіць, таго творцы, які б павольна, а  хто — і больш спешна, не рупіўся напісанае «пусціць у людзі». Надзвычай верны спосаб гаварыць душы з душою — мець зносіны праз кнігу. Яна маўклівы і ў той жа час красамоўны пасрэднік паміж узнёслым аўтарам і дасціпным чытачом. Як вядома, кніга мае сапраўдную каштоўнасць толькі тады, калі яе чытаюць, а значыць, і перажываюць напісанае. Інакш гэта шматок паперы, замацаваны вокладкай...


Тамара Краснова-Гусачэнка ў першую чаргу паэтка. Паэзіяй прасякнута яе проза, публіцыстыка, багатая літаратурная скарбонка для дзяцей. І вось аўтар 24 кніг, вельмі разнапланавых, рознаўзроставых, замахнулася на выбранае. Было надзвычай цікава, як сама Тамара Іванаўна сарыентуецца ў вялікім кніжным моры, як будзе пазіцыянаваць сябе, асэнсоўваючы творчы шлях амаль у 60 гадоў?

Кніга выбранага Тамары Красновай-Гусачэнкі «Будзем жыць…» выйшла ў 2019 годзе ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі». Асаблівасць судакранання са светам паэтычных вобразаў аўтаркі ў прадмове да зборніка вызначае Таццяна Шамякіна: «У сваёй творчасці Тамара Краснова-Гусачэнка здолела дакрануцца да такіх глыбінь душы, дзе захоўваюцца і ўспаміны, і прадчуванні Нябеснай Гармоніі. І ў гэтым выключная каштоўнасць яе паэзіі».

Пачынаю гартаць кнігу, затрымліваюся на кожнай старонцы. Наноў адкрываю для сябе творчасць паэткі. «Са мною вечнасць гаво«Працягні мне руку» рыць…»  — з такога гучнага прызнання пачынаецца дыялог з чытачом, верагодней, споведзь перад ім ужо сталай творцы.

З вышыні пражытых гадоў і з небасхілу свайго творчага Алімпа паэтка мае магчымасць яшчэ больш глыбінна адчуваць час, праз яго прасцягі асэнсоўваць сутнасць быцця, «яскрава і тонка прыкмячаць адценні пачуццяў і рухі душы».

У выбраным Тамара Іванаўна на першае месца ставіць вершы, напісаныя ў апошнія гады. У іх — сутнасць яе перажыванняў жыццёвых, з якіх відаць: чым бы паэтка ні займалася (было шмат рознага ў яе жыцці), усё ж паэзія заставалася лейтматывам яе існавання пры любых абставінах.

У другім раздзеле, названым «На адным дыханні», Тамара Краснова-Гусачэнка вяртае чытача ў 1962 год. Прачытаўшы гэтую нізку вершаў, зусім не цяжка здагадацца, чым была напоўнена юнацкая душа аўтаркі. Як і кожная маладая асоба, яна сама — цэнтр Сусвету. «У мяне яр — чаромхі,  // уся бэзавая квецень. // Снегапад у сонечным лузе — пух дзьмухаўцоў». Яна захапляецца ўсім навокал, перажывае самыя агністыя пачуцці: «Нічога цудоўнейшага няма, // чым гэта лучыстае імгненне»; кліча за сабой гэткіх жа маладых рамантыкаў: «Пайшлі глядзець пачатак усіх пачаткаў…»

Вершы трэцяй часткі зборніка маюць іншыя інтанацыі. За плячыма з’яўляецца жыццёвы багаж. Цяжар у ім — уласныя перажыванні, страты маці. І паэтычнае ўяўленне рэчаіснасці набывае больш прыземлены характар: «Усё наша жыццё, як адзін подых. // На ўздыху — дзяцінства, юнацтва і каханне. // На выдыху — хваробы і пакуты…» Нездарма дваццацігоддзе сваёй творчасці — з 1980 па 1999 год — Тамара Іванаўна акрэслівае сумным радком: «Адпусці мяне, боль» і працягвае ў аднайменным вершы: «Вельмі цябе прашу, // пра твае вогненные шляхі //я нікому не раскажу. //Буду толькі пець //пра жыццё, пра каханне, надзею, веру. // Толькі дай ты мне паляцець. // Адчыні найцяжкія дзверы…».

Паэзія — збітыя ў камок нервы. Стан творцы — электрычны зарад. Але паэтка не дазваляе сабе паддацца адчаю, трызніць несуцяшальным горам. Сваё прызначэнне яна бачыць не ў нараканнях на зласлівы лёс, а ў жаданні насуперак усім цяжкасцям «весці чытача па дарозе з яснага свету…». На тое настройвае сябе саму, быць моцнымі вучыць іншых: «Не пакідай мяне, надзея, і ў самае горкае суднае імгненне, калі ўсё рухне, ты, як і раней, зноў працягні мне руку». Яна ажывае, радуецца шматколернасці жыцця. Яе ратаванне — спадзеў на гармонію, якая дасягаецца няспыннай працай, душэўнымі намаганнямі, верай.

Тамара Краснова-Гусачэнка — аптыміст. Якой цаной даецца гэта жыццялюбства, сведчаць яе эмацыянальныя вершы. Яны розныя: тонкая пейзажная лірыка, чуллівае каханне, дзяцінства, вёска, што адыходзіць у нябыт...

Вось у чым прызнаецца сама аўтарка, якая зведала зменлівы настрой паэзіі: «То палыхне рабінай у гушчыры, // То — увесь свет закрые хмарай…// Мільгне пяшчотай // Учарашняй. // То — раптам — неахайна скіне ў вір». Калегампаэтам яна раіць: «Вершы выстройваць па росту? // Ганіце гэту справу прэч! // Усё ў свеце геніяльна проста: // Ноч, раніца, дзень… // І зноўку — ноч».

Зборнік выбраных твораў Тамара Іванаўна падзяліла на 14 раздзелаў. І таму ў ім можна прасачыць не толькі яе станаўленне як паэта. У прыватнасці, кожная ранейшая кніга аўтара сведчыла пра адметны творчы почырк, афарыстычнасць, мастацкую навізну паэткі, якая лічыць Беларусь роднаю.

У асобе паэтэсы на дзіва гарманічна спалучаюцца культуры двух народаў — рускага і беларускага. І гэты дар аўтар скарыстоўвае, звяртаючыся да фальклорных традыцый, робіць іх сучасную стылізацыю. Такія вершы вабяць лёгкім, запамінальным складам. Праз прыкметы, прымаўкі, імёны язычніцкіх бостваў яна гаворыць з чытачом на прыроднаміфалагічнай мове: «Паўсюдна мора красак, света, // Май вядзе за ручку лета».

Мова паэткі вартая асобнай увагі. Прыгожае мастацкае слова надае вершам асаблівую лірычнасць і мелодыку. «Трэба радавацца — пакуль // Ёсць магчымасць такая // Чайкі лётаюць, хмаркі плывуць…// Жыццё — асляпляльна кароткае, // Але — якое вялікае!»

Гэтая ж мелодыка і  ў  празаічных творах, калі Тамара Краснова-Гусачэнка стварае «чарговую гісторыю душы». Дагэтуль я ведала адно яе празаічнае эсэ, дакладней  — чула. 2018 год быў памятны 90-годдзем з дня нараджэння вядомага пісьменніка Чынгіза Айтматава. Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з Пасольствам Рэспублікі Кыргызстан у Рэспубліцы Беларусь праводзілі міжнародны літаратурны конкурс, прысвечаны творчасці пісьменніка «З марай аб Белым Параходзе». У сталічнай кнігарні «Дружба» падводзіліся вынікі конкурсу, адным з пераможцаў якога была і паэтка з Віцебска Тамара Краснова-Гусачэнка. Там, на вялікай урачыстасці, яна агучвала Чынгіза Айтматава са сваім разуменнем «аповеду не толькі пра хлопчыка», чым усіх усхвалявала. Для яе «Хлопчык» з «Белага Парахода» — гэта я, і ты, і кожны, хто ёсць — Чалавек на Зямлі. Хто не можа жыць і мірыцца з хлуснёй і подласцю, хітрасцю і жорсткасцю… Такая яна сама, неспакойная, неабыякавая — нязменны кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, клапатлівая за ўсю сваю пісьменніцкую грамаду.

Завяршае выбранае Тамары Красновай-Гусачэнкі паэзія ў прозе. Апошні раздел названы «Душа — геніяльная форма выратавання». І як з гэтым не пагадзіцца?..

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.