Вы тут

Смяюцца, танчаць і спяваюць аўтарскія вырабы Святланы Арэхавай


Сучасных туркаў, жыхароў краіны развітога турызму, чымсьці здзівіць цяжка. А вось беларуская гліна прывабіла іх дзякуючы мастаку-керамісту Святлане Арэхавай з Чашнікаў. Творчасць майстра пераканала нашчадкаў асманаў: наш прыродны матэрыял — проста цуд! З глінай Святлана сябруе амаль чвэрць стагоддзя. Міжнародны фестываль культуры і  мастацтва «Бююкчэкмеджэ» ў Стамбуле, удзельніцай якога яна стала летась, крыху маладзейшы: яму — 20.


Шлях у свет прыгажосці для прызнанага сёння майстра пачаўся ў школьныя гады. Дзяўчынка з глыбінкі вызначалася сярод равеснікаў здольнасцю бачыць незвычайнае ў звычайным. У той час дзеці фабрычнага мікрараёна ў невялікім Смяюцца, танчаць і спяваюць аўтарскія вырабы Святланы Арэхавай райцэнтры не мелі магчымасці вучыцца азам мастацтва ў прафесіяналаў. Святлана марыла паступіць у сталічную установу для таленавітых школьнікаў. Здзейсніць мары дапамаглі неабыякавыя, і дзяўчына змагла падрыхтавацца і стаць навучэнкай Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава.

 «Лёс чалавека, адданнага творчасці, — пошук і праца», — ісціна, якую таленавітая дзяўчынка зразумела з самага пачатку. У групе, дзе вучылася, толькі яна была правінцыялкай, а аднагрупнікі — выхаванцы сталічных школ з мастацкім ухілам. Вельмі нялёгкім было станаўленне, але ўпартасць і працавітасць зрабілі сваё. На старшых курсах яна трывала замацавалася ў спісе найлепшых. Толькі выпрабаванні адпускаць не хацелі. Пачатак працоўнай дзейнасці выпаў на няпростыя 1990-я. Маладому спецыялісту ў глыбінцы неаднойчы давялося зведаць горыч скарачэння і шмат часу аддаць пошукам працы. Апошнія зноў прыводзяць Святлану ў сталіцу. Нейкі час працавала ў майстэрні кераміста Алега Ларыёнава і вельмі любіла сваю справу. Але складаная эканамічная сітуацыя вяртае дзяўчыну на малую радзіму. Праўда, цяжкасці толькі загартавалі. Майстар набыла вопыт і ўпэўненасць: усё атрымаецца, і кераміцы яна не здрадзіць.

Сёння Святлана Арэхава — індывідуальны прадпрымальнік, вырабляе і рэалізуе керамічныя вырабы, член Чашніцкага народнага клуба мастацкіх рамёстваў «Майстар». Яе ведаюць і па-за межамі Беларусі. Працуе шмат, натхнёна. Калі глядзім на работы майстра, цяжка ўявіць, як гэтае глінянае хараство нараджаецца ў звычайнай двухпакаёвай кватэры, а для абпальвання вырабаў выкарыстоўваецца гараж.

Кажуць, Арэхава ведае тысячу спосабаў, як ажывіць гліну. Кожны год — сотні мілых цацак. Аўтарская галерэя смяецца, танчыць і спявае. Кожны твор адмысловы, непаўторны.

Шмат заказаў, напрыклад, атрымлівае на выраб міні-галерэі местачковых яўрэяў. Кожная з шасці фігур сімвалізуе тыповых прадстаўнікоў нацыянальнага асяроддзя канца ХІХ стагоддзя: шынкары, музыканты, доктар.

Любімы вобраз аўтара — Арлекін. Вырабы, як чалавечыя лёсы, розныя. Цяжка адвесці погляд ад белых анёлкаў, зробленых з фаянсу, якія, здаецца, завіталі да нас з нябёс. Карыстаюцца попытам пано. У царстве хараства Святланы, на мой погляд, няма ніводнай рэчы, якая б не зацікавіла.

Святлана падтрымлівае цесныя сувязі з калегамі, аднадумцамі, пастаянна ўдзельнічае ў «Славянскім базары», розных выстаўках. А ў мінулым годзе вырашыла падрыхтаваць партфоліа, каб паўдзельнічаць у адборы на ХХ Міжнародны фестываль культуры і мастацтва ў Стамбуле. Яе надзеі спраўдзіліся. Улетку чатыры таленавітыя беларускі, якія прадстаўляюць розныя нацыянальныя рамёствы, былі запрошаны ў Турцыю.

Фэст ладзіўся ў старажытным раёне Стамбула Бююкчэкмеджы, які распасцёрся на беразе Мрамарнага мора. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва  — толькі частка святочнай праграмы. Сваёй творчасцю радавалі музыканты, танцоры, прадстаўнікі іншых кірункаў сусветнай культуры і мастацтва. Да народных умельцаў туркі ставяцца з асаблівай павагай. Праз інтэрнэт шукаюць таленты па ўсім свеце. Сур’ёзную зацікаўленасць праяўляе мясцовая адміністрацыя. Галаву муніцыпалітэта Хасана Акгюна на працягу 11 фестывальных дзён неаднойчы можна было заўважыць сярод наведвальнікаў. Пра маштабнасць свята сведчыць колькасць і геаграфія ўдзельнікаў: толькі рамеснікаў — 140 з 20 краін і рэгіёнаў.

На пляцоўцы беларусак на працягу ўсіх фестывальных дзён было шматлюдна. Пра нашых майстрых пісалі турэцкія газеты. Стамбульскі фестываль не пакінуў абыякавым. «Сказаць, што я вельмі задаволена — мала, — сцвярджае Святлана. — Я адкрыла для сябе цэлы свет. Мела шмат зносін, набыла цікавы досвед. Мы наведвалі майстар-класы, пабывалі на экскурсіях, вучылі і вучыліся самі. Пасля фэсту ў мяне з’явілася шмат новых ідэй. І хацелася б рэалізаваць задуманае, каб радаваць прыхільнікаў».

Ірына ТОРБІНА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.