Вы тут

Не ведаю, ці дзесь існуе рай...


Анхела Эспіноса Руіс
нарадзілася 6 лютага 1993 года ў Малазе (Іспанія). ​



НЕ ВЕДАЮ, ЦІ ДЗЕСЬ ІСНУЕ РАЙ...

* * *
Ты стаіш на парозе між явай і сном,
Ты стаіш чалавекам, анёлам, пачварай,
Ты стаіш абгалелым пад бледным святлом,
Не сыходзь — я хачу цалаваць твае шнары...

Я стаю на каленях, цалую зямлю,
Тваёй скуры хацела б стаць знакам радзімым,
Ледзьве бачу цябе, у адчаі стаю:
Тваё цела ўзнімаецца ранішнім дымам.

Ты стаіш — за табою сівая любоў,
Ты стаіш перад безданню страху й пяшчоты,
Ты стаіш, свае рукі падняў — ты гатоў
Да абдымку, распяцця ці ўсё ж — да палёту.

 

* * *
Спі, мой каханы, пад коўдраю лета
Шэпчуць туманы, ляцяць, як каметы,
Песняй вышыняў калышуць зямлю.
Спі, мой анёл, — невымоўна люблю.

Спі між аблокаў — кахаю, кахаю
Ціха, глыбока ў азёрах адчаю.
Заўтра пакліча нязведаны шлях:
Дай мне заснуць у цябе на руках.

Спі — ля дарогі квітнеюць таполі,
Мабыць, знямога не пройдзе ніколі.
Сні да світання наш страчаны рай,
Спі, маё сэрца, ды моўчкі кахай.

Спі лёгкім сном, залацістым дыханнем,
Спі дзьмухаўцом, вальнакрылым каханнем,
Смерцю чароўнай па светлым граху:
Я бараніць ад жыцця не магу.

 

* * *
Калі цёплым, спагадлівым вечарам горад пусцее
І ўзлятаюць з-пад бруку блакітныя мары вясны,
Ты па дахах ідзеш — за табой лёгкі водар лілеяў,
І знікаеш між сонных аблокаў, як дым залаты.

Калі шэра фарбуе нябёсы салодкая стома,
Ты ідзеш над глухой навальніцай у страчаны рай,
І твой голас ліецца, як мёд над бязлітасным громам,
І нябачным дажджом халадзее над горадам май,

Я іду пад вясновым дажджом, і па зорных дарогах
Я шукаю цябе — ты ляціш, бы далёкі капрыз,
Я бягу, я лячу за табою на крылах трывогі,
І квітнее загадкавы месяц, як жоўты нарцыс.

 

* * *
У самоце іду вечаровай утульнаю вуліцай
І ступаю паспешлівым крокам на коўдру лістоты,
А паветра духменіць забытым каштанавым водарам,
Зіхацяць парасоны пад дожджыкам, бы хрызантэмы.

Я іду ў захапленні, здзіўляе любоў мімалётная:
Мінакі закахана глядзяць незнаёмцам у вочы.
Сваё ж сэрца захоўваю золатам позняга верасня;
Адпускаць не магу, не магу я насіць на далоні.

Дый навошта мне ўбачыць, як зоркі танцуюць за хмарамі?
Адчуваю даўно сцэнаграфію за небасхілам,
Не хачу, каб вільготнасць пранікла ў душу пацалункамі,
Бо сусвет без цябе для мяне — вечнашэрая восень.

 

* * *
Завейны вечар выпрастаў крыло,
Пакрыў пару прыгожага марозу.
Сярод праспекта бліснула святло:
Стары ліхтар пусціў шкляную крозу.

Няўзнакі раскалоўся наш сусвет,
Падняўся дым згарэлай цыгарэты,
Зламаны на стале ляжыць санет,
Над ім лунае вялы сон паэта.

Пабудзь яшчэ са мной, не пакідай,
Мы выжывем між трэшчын — абяцаю.
Не ведаю, ці дзесь існуе рай.
Не так і важна — справімся й без раю.

Да лета дажывём па сотні зім,
Трымайся, не шкадуй апошніх сілаў.
Праз коўдру мглы з табою паляцім,
Пакуль не зніклі зоркі з небасхілу.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?