Вы тут

Павел Холад. Нататкі шматдзетнага таткі


Вера днямі размаўляе па хатнім тэлефоне, па ўсім відаць з адной з бабуль:


— А нам сёння самакат купілі! Не, адзін на дваіх з Поляй.

Потым, звяртаючыся да мяне:

— Тата, а самакат дорага каштаваў?

— Сто пяцьдзясят долараў.

Вера ў трубку:

— Не, нядорага. Сто пяцьдзясят долараў.

Думаю: ну ні фіга сабе «нядорага»! У дзевяностыя на гэту суму мы ўсёй сям'ёй некалькі месяцаў жыць маглі.

Дарэчы, калі мы выбіралі самакат, я пацікавіўся ў прадаўца:

— А чаму ў вас самакаты такія дарагія? Амаль як веласіпеды.

— Дык гэта ж швейцарскія самакаты!

— Што, у самой Швейцарыі зробленыя?

— Не, у Кітаі.

— А швейцарскіх няма?

— На жаль, няма. У гэтай фірмы ёсць яшчэ адзін завод у Германіі, мы адтуль адзін раз заказалі партыю, але нам не спадабалася. Кітайцы лепш робяць.

Калі меркаваць выключна па цане, то самакаты калі і збіралі ў Кітаі, то рабілі гэта ўсё ж швейцарцы, якіх спецыяльна для такіх мэт выпісвалі са Швейцарыі.

P. S. Зрэшты, гэта няважна. Асабіста мне што швейцарскі самакат, што кітайскі — без розніцы. Толькі б мяне на ім катацца не прымусілі.

*  *  *

Схадзіў на бацькоўскі сход у ліцэй БДУ. Прасядзеў там дзве гадзіны (і тое не дачакаўшыся заканчэння), каб пачуць пра свайго сына адну-адзіную фразу, якую я — у розных варыяцыях — чую вось ужо дзесяць гадоў: «У Арсенія ўсё добра».

За гэтыя дзесяць гадоў сын змяніў чатыры школы і мноства класных кіраўнікоў, але з першага да дзясятага класа ўсе яны, як згаварыўшыся, гартаючы журнал, кажуць коратка: «Так... Холад Арсеній... У Арсенія ўсё добра». Іншых дзяцей могуць расхвальваць за выдатныя дасягненні або дакараць за непаспяховасць, але толькі не Арсенія. Стабільнасць — наша ўсё.

Я ўжо пачаў думаць, што ён сам падгаворвае настаўнікаў менш пра яго расказваць на сходах. А потым проста прыгледзеўся да яго больш уважліва і спытаў сам у сябе: «Што б я сказаў пра гэтага чалавека, калі не лічыць, што ён мой сын?» І першая фраза, якая прыйшла мне ў галаву: «У яго ўсё добра». (Не да месца ўспомнілася бендараўскае «з такім шчасцем і на свабодзе...»)

Яму нават уручылі ад класа тытул: «Містар Антыстрэс», што ў перакладзе з рускай мовы азначае «чалавек, якому ўсё па барабане».

Тут яго, дарэчы, можна зразумець. Калі чатыры малодшыя сястры наладжваюць дурдом (а робяць яны гэта з зайздроснай рэгулярнасцю), містар Антыстрэс проста надзявае навушнікі, уключае «метал» і ідзе ў свой пакой, а пры спробе жаночага батальёна ўзяць яго пакой штурмам кідаецца ў іх тапкамі. Канешне, калі такі чалавек трапляе ў нармальную чалавечую абстаноўку, усе будуць дзівіцца яго спакою і дружалюбнасці...

P. S. Па сабе, на жаль, ведаю.

*  *  *

Жонка вучыць дзяцей не казаць адно пра аднаго гадасці. У якасці прыкладу прыводзіць мяне:

— Вось я пра тату ніколі нічога дрэннага не кажу.

І дадае, павярнуўшыся да мяне:

— Толькі праўду.

Дзеці гумару не ацанілі, затое ацаніў я. І задумаўся: што горш — калі пра цябе кажуць гадасці ці калі кажуць праўду?

Пры ўсёй павазе да праўды ў гадасцяў ёсць адна бясспрэчная перавага: звычайна слухачам заўсёды зразумела, што гэта менавіта гадасці, таму яны не столькі характарызуюць таго, пра каго кажуць, колькі таго, хто гаворыць.

З праўдай усё значна горш (калі гэта, вядома, праўда). Калі пра цябе кажуць праўду, гэта таксама, як правіла, усім відавочна, але ў такім выпадку ўдар прыпадае менавіта па табе, а той, хто сказаў праўду, здаецца, зрабіў добрую справу.

У ідэале, вядома, хацелася б, каб усе пра нас казалі выключна добра, але мы ж з вамі дарослыя людзі і ў казкі не верым. Тым больш што ў нас звычайна добра гавораць пра чалавека толькі тады, калі самому чалавеку ўжо абсалютна фіялетава, хто і што пра яго гаворыць...

Таму, калі выбіраць з «двух зол» меншае, асабіста я палічыў бы за лепшае гадасці.

У рэшце рэшт, калі пра цябе кажуць гадасці, гэта ў большасці выпадкаў азначае, што ты жывы (пагадзіцеся, гэта не так ужо і мала).

P. S. У эфіры быў святочны выпуск рубрыкі «Няхай гавораць».

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.