Блізіліся гарадскія спаборніцтвы «Вялікая лыжня». Тата дастаў свае лыжы, агледзеў мацаванне, змазаў іх спецыяльнай маззю. А потым выправіўся з імі на вуліцу. Вярнуўся праз дзве гадзіны, шчаслівы і вясёлы.
— Два тыдні трэніровак — і я буду гатовы да эстафеты! — з парога заявіў ён.
— А ты раней удзельнічаў у лыжных гонках? — недаверліва спытала я.
— Так, — адказаў тата. — Апошні раз у арміі. І не без поспеху. У мяне і граматы ёсць.
Тата зараз жа прадэманстраваў іх.
— Ого! — усміхнулася я. — Дык ты ў нас спартсмен! Глядзі не прыйдзі апошнім!
— Гэта выключана. У мяне свае прыёмы ёсць!
Два тыдні штовечар тата выпраўляўся катацца на лыжах. Незаўважна настаў дзень спаборніцтваў.
Мы разам накіраваліся ў гарадскі парк. Тату запісалі ў спісы ўдзельнікаў і выдалі 31-ы нумар. Яго забег быў дзявяты. Да гэтага часу ён паспеў зрабіць размінку і пакатацца крыху паводдаль ад месца спаборніцтва.
Нарэшце, час настаў. Суддзя расставіў усіх удзельнікаў уздоўж намаляванай чырвонай палоскі.
— Аб'яўляецца забег на пяць кіламетраў сярод удзельнікаў ад трыццаці да трыццаці пяці гадоў. Старт — пасля адмашкі сцяжком. На старт, увага, марш! — скамандаваў ён.
І ўсе памчалі.
— Лыжню! Лыжню! — было чуваць адусюль.
Спачатку тата заўважна адставаў ад лідараў. Але калі палова дыстанцыі была пройдзена, раптам нібыта сканцэнтраваўся і пачаў наганяць аднаго лыжніка за другім. Калі ж да фінішу заставалася некалькі соцень метраў, ён... вырваўся наперад!
— На фініш першым прыйшоў 31-ы нумар! — аб'явіў суддзя.
Тату ўручылі дыплом і падарунак. А мы па дарозе дадому купілі торт.
— Заўтра ж для ўсёй сям'і набываем лыжы і пачынаем катацца па выхадных, — ужо дома за сталом аб'явіла мама.
— Я толькі «за»! — падтрымаў яе наш чэмпіён. І выразна паглядзеў на мяне. Што заставалася рабіць? Толькі пагадзіцца.
Андрэй Сідарэйка
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?