Вы тут

Тры плюс два, або як не патраціць усё на цукеркі і марожанае. Фінансавае выхаванне дзіцяці


«Мама, купі!» — гэтую фразу ад свайго дзіцяці чуў, мабыць, кожны. А вось годна адрэагаваць на яе, асабліва калі вашы сын ці дачка блізкія да істэрыкі, удаецца не ўсім. Чаму так адбываецца? Мы вучым маленькага чалавека самым розным рэчам, якія спатрэбяцца яму ў жыцці. А пра фінансавае выхаванне часта забываем, а яно не менш важнае, чым уменне чытаць, пісаць і апранацца.


Тлумачым на жыццёвых прыкладах

Усвядомім дзве простыя рэчы: па-першае, весці размовы пра грошы трэба і, па-другое, важна, каб ваш уласны прыклад стаў пацвярджэннем тых ісцін, якія вы хочаце данесці да сваіх дзяцей. Зразумела, для кожнага ўзросту патрэбны свой падыход. Ужо ў гады тры-чатыры сына ці дачку варта пачынаць знаёміць з тэмай грошай. Не браць малых у краму, каб там не сутыкнуцца з істэрыкай ці пазбягаць непатрэбных і незапланаваных пакупак — стратэгія не найлепшая, хоць і мае права на існаванне. Псіхолагі адзначаюць, што пачынаць расказваць дзіцяці пра фінансавы бок жыцця можна якраз тады, калі ў малога ўзнікае жаданне нешта сабе купіць. У кожнай сям'і такі момант настае ў розны перыяд. Галоўнае, каб менавіта бацькі выступалі ў ролі першакрыніцы такой важнай тэмы. Лепш, вядома, калі ваш аповед будзе пабудаваны на простых прыкладах, якія адлюстроўваюць рэальнае жыццё. Раскажыце дзецям, адкуль бяруцца грошы, якія абавязковыя плацяжы вы робіце штомесяц, як размяркоўваеце сродкі на куплю прадуктаў, падарункаў, адзення.

Для малых важную ролю адыгрывае тое, у якой форме пададзены веды. Таму як мага лепш падыдзе варыянт гульні (нават вучыцца лічыць можна, выкарыстоўваючы ў якасці падручнага матэрыялу, напрыклад, манеткі) альбо тэматычныя мультфільмы і кніжкі. Тут можна ўспомніць «Залаты ключык» Аляксея Талстога ці мультфільм з цыкла «Смяшарыкі» — «Навучанне фінансавай «падкаванасці», які выйшаў у студзені 2018 года. Яшчэ адзін практычны спосаб павысіць узровень фінансавай граматнасці і правесці час разам — складанне спіса пакупак. Так вы навучыце дзіця (а можа, і сябе) планаваць выдаткі і дамовіцеся, як кажуць, «на беразе», па што пойдзеце ў краму.

Зразумела, ад незапланаванай і не вельмі патрэбнай дзясятай машынкі, якую, напрыклад, сын можа пачаць прасіць, ніхто не застрахаваны. Тут ужо трэба дзейнічаць па сітуацыі і галоўнае правільна тлумачыць, чаму такое жаданне нездзяйсняльнае менавіта ў гэтую хвіліну.

Каго вучыць будзем?

— Калі дзіця прыходзіць у краму і кажа «купі» — значыць, яно ўжо разумее, што тавар на паліцах проста так ніхто не аддае, за яго трэба заплаціць. І гэта пэўны званочак для бацькоў, каб размаўляць з дзіцем на тэму фінансаў, — кажа фінансавы кансультант Святлана МУРАШКА. — Аднак калі мы гаворым пра фінансавую адукаванасць дзяцей, то тут, умоўна кажучы, можна вылучыць дзве мадэлі навучання: заходнюю і постсавецкую. На Захадзе гэтая тэма актыўна вывучаецца з дзецьмі, там існуюць нават спецыяльныя ўрокі, альбо яна разглядаецца ў рамках той жа матэматыкі. Але ўсё гэта прадугледжвае, што бацькі самі фінансава адукаваныя. Калі ж мы разглядаем постсавецкую прастору, то тут яшчэ не зразумела, каго трэба вучыць. Можна даць дзіцяці веды, але вельмі многае залежыць ад таго, якія прыклады яно бачыць кожны дзень у сваёй сям'і. Калі бацькі не паводзяць сябе разумна ў плане фінансаў, то ўсе намаганні навучыць малое будуць марныя. Вельмі малая імавернасць, што дзіця, чые бацькі робяць неабдуманыя пакупкі, не паўторыць іх сцэнарый у сваім жыцці.

Спецыяліст таксама адзначае, што фінансавая адукаванасць як дысцыпліна з'явілася ў нас нядаўна і дасюль дзяцей ёй нідзе не вучаць. Ёсць Нацыянальная праграма Нацбанка, але там усё абмяжоўваецца тыднем фінансавай адукаванасці, а патрэбны значна большы час, каб навучыцца і ва ўсім разабрацца. І яшчэ варта ўлічваць такі момант: дзіця, атрымаўшы веды, паўнавартасна зможа выкарыстоўваць іх толькі ў дарослым жыцці, калі будзе фінансава незалежнае ад бацькоў. Нават кішэнныя грошы — гэта не той узровень адказнасці. Хоць некаторыя прыклады ілюструюць, што распараджацца грашовымі сродкамі хлопцы і дзяўчаты ўмеюць і ведаюць іх вартасць. Ёсць нават выпадкі, калі за кошт накапленняў дзіця (!) магло адправіць бацькоў у адпачынак, а адзін хлопчык назбіраў грошай і купіў сабе самакат. Такія вынікі ў дзяцей магчымыя, калі яны ведаюць, што такое грошы, якія могуць быць наступствы ў эмацыянальных пакупак і як не патраціць усё на цукеркі і марожанае.

Што больш каштоўнае

Вядома, калі дзецям дашкольнага ўзросту бацькі могуць толькі нешта патлумачыць на ўласным прыкладзе, у форме гульні ці з дапамогай кнігі, відэа, то са школьнікамі, падлеткамі будуць спрацоўваць ужо іншыя падыходы. У прыватнасці, гаварыць пра кішэнныя грошы спецыялісты раяць тады, калі дзіця ідзе ў школу. Аднак мамы і таты павінны думаць таксама і пра тое, ці гатовыя іх дзеці самастойна распараджацца грашыма: ці ўмеюць яны добра лічыць, ці ведаюць, як купіць патрэбную ім рэч, ці могуць праверыць рэшту, ці не забудуць узяць чэк. Псіхалагічны момант немалаважны, і ў кожным выпадку свой час для такога адказнага моманту сталення, даверу. Таксама важна памятаць, што кішэнныя грошы вашы сын ці дачка маюць права траціць як лічаць патрэбным. Але, у сваю чаргу, бацькі могуць дапамагчы з падказкамі. Растлумачце дзіцяці, што варта і што не варта купляць у той жа школьнай сталоўцы альбо газетным кіёску. Абгаварыце правілы, якая сума выдаецца і на які час, папярэдзіўшы, што дадатковых грошай не будзе да наступнага разу. Так дзіця будзе вучыцца планаваць і размяркоўваць свае сродкі, а таксама разумець наступствы. Карысна падтрымліваць ідэі сына альбо дачкі зарабіць самім нешта ў час канікул. Ведаю нямала прыкладаў, калі летам падлеткі могуць паехаць з бацькамі ў ягады, а потым прадаць «ураджай» і так за пэўны час назбіраць на жаданую абноўку ці паездку. У такога кшталту сітуацыях шмат выхаваўчых момантаў: і разуменне, адкуль бяруцца грошы, і магчымасць адчуць, што ты здольны дапамагчы бацькам і купіць сабе тое, што жадаеш. Аднак не трэба плаціць дзецям за паспяховую вучобу альбо за дапамогу бацькам у хатніх справах: усё ж такі ёсць мяжа паміж тым, на чым можна зарабляць і тым, на чым нельга, бо многія справы робяцца проста для сябе і іншых. І добра, каб нашы дзеці гэта разумелі. Можна нават завесці традыцыю дабрачыннасці, калі вы разам зробіце нейкі падарунак сваімі рукамі альбо збераце цацкі, адзенне, кніжкі для сям'і,
у якой ёсць у іх патрэба.

Фінансавая адукаванасць для дзяцей — неабходны этап у працэсе выхавання. Так вы дапаможаце маленькаму чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена ў тых сітуацыях, калі ён будзе сутыкацца з тэмай фінансаў. А калі самі маеце патрэбу ў больш глыбокіх ведах па гэтай тэме, то сёння іх можна знайсці на сайце любога беларускага банка ў раздзеле «Фінансавая адукаванасць», дзе ёсць інфармацыя, рэкамендацыі і падказкі.

Алена ДРАПКО

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».