Вы тут

Гразь... Падумаеш! Як жа без прыгод?


Улька гразі не баіцца!


Фота: pexels.com

Уля нарадзілася вельмі чуллівай дзяўчынкай з асаблівымі патрэбамі. Яна імпульсіўная, любіць паенчыць без дай прычыны і, нягледзячы на дзіўную бясстрашнасць, вельмі нязграбная. Яшчэ толькі навучыўшыся хадзіць, малая, калі мы выходзілі гуляць, знаходзіла самыя брудныя лужыны, падала ў іх і лямантавала. Вядома, у яе былі на гэта важкія падставы — напрыклад, калі я не дазволіла ёй выбегчы пад колы аўтамабіля, які рухаецца па дарозе, або скокнуць у адкрыты люк, які забылі закрыць работнікі ЖЭСа...

На самай справе ўспамінаю той перыяд як выпрабаванне на выжыванне. Але ўсё ж Ульяна з кожным годам становіцца больш спакойная і менш імпульсіўная, хоць па-ранейшаму лужын не баіцца. Ну ніяк у яе не атрымліваецца прыйсці з прагулкі ў прыстойным выглядзе. Нават летам, калі пасля дажджу дзецям за шчасце паскакаць па лужынах, яе гульні ператвараюцца ў нешта першабытнае. Ну навошта, скажыце, акунацца туды з галавой? На маё рытарычнае пытанне яна нязменна адказвае: «Прабач, больш не бу-дуууу» — і пачынае раўці.

Але, як аказалася, не толькі яна любіць гразь, але і гразь ёй адказвае ўзаемнасцю, асабліва калі яна вельмі стараецца застацца чыстай. Памятаю, паехала я ў радзільню нараджаць чацвёртае дзіця. Старэйшых пакінула на тату, а пяцігадовую Ульяну аддала куме, якая даўно хацела ўзяць малую на некалькі дзён да сябе — маўляў, няхай пагуляе са сваім найлепшым сябрам, яе сынам Паўлам. Дачкі ў кумы не было, і яна ўяўляла, як будзе адзяваць малую ў прыгожыя сукенкі. Я ведала гэта і таму дала адзенне ў запас, каб яго можна было мяняць хоць бы два разы на дзень. Але, як аказалася, і гэта не дапамагло.

У хуткім часе ўсё адзенне дачкі стала бруднае, акрамя адзінай цудоўнай сукенкі, прызначанай упрыгожыць Ульку на дзень нараджэння, куды дзеці ўсёй кампаніяй збіраліся прыйсці. Мая кума на самай справе так і зрабіла: надзела на малую ў дзень «ікс» сукенку, а ўсё астатняе закінула ў пральную машыну і пайшла з дзецьмі на свята. Але каля самага дома, куды яны накіроўваліся, Уля ўбачыла гразь. Яна не думала доўга (падазраю, што ўвогуле не думала), бо гэта быў выклік. Улька вырашыла пераскочыць брудны кавалак зямлі. Але ў гэтым паядынку дзяўчынцы не дасталася перамога. Малая ўдарыла тварам у гразь у прамым сэнсе гэтага выразу.

Канешне, быў крык, расчараванне і вяртанне дадому, каб пераапрануцца ў чыстае адзенне... свайго сябра Паўла, бо чыстае адзенне Улі, як мы памятаем, скончылася. Хадзіла гэта гісторыя некалькі гадоў з вуснаў у вусны. І ўспаміналі мы яе са смехам. Ульцы сёння ўжо амаль дзевяць гадоў. Яна пасля сваіх гразевых прыгод сама мые адзенне, каб навучыцца цаніць чысціню. І гэта дапамагае. Але гразь па-ранейшаму абажае маю дачку.

— Мам, ну можна мы навыперадкі з Мішам дадому пабяжым? — пачала прасіцца Уля ўжо амаль каля дому, калі мы вярталіся з навагодняга спектакля.

Я засумнявалася. На тратуарах рэшткі зімы ў выглядзе талага лёду, а на газонах увогуле сапраўдная гразевая мясілка.

— Мы будзем бегчы вельмі асцярожна, — даціскае Міша.

Я згаджаюся і гляджу, як дзве маленькія фігуркі, смеючыся, з падарункамі ў руках знікаюць за домам. Іду павольна з чатырохгадовай Маланняй і слухаю яе дзіўныя разважанні пра Дзеда Мароза. І раптам чую крык Ульяны. Бачу, як яна бяжыць да мяне і раве ў голас. Ну, думаю, Мішка перамог. Але не! Убачыўшы дачку блізка, я... засмяялася. Яна нібыта сапраўды вынырнула з гразі: камбінезон, шапка, боты — усё бруднае, нават з броваў капае гразь.

— Ну нічога не мяняецца, Улька, — супакоіўшы малую, кажу я.

— Няпраўда, — не пагаджаецца яна.— Я ўжо даўно так не пэцкалася.

І сапраўды, падумала я, раней яна станавілася брудная яшчэ ў пачатку нашых выхадаў на прагулкі, і нам даводзілася вяртацца. А цяпер вось дацярпела да свайго дому. Эх, расце дзяўчынка... Ну, а гразь... падумаеш! Як жа без прыгод?

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: ​Улька гразі не баіцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».