Вы тут

«Педагогам і бацькам трэба стаць аднадумцамі, якія разам будуць вырашаць праблемы выхавання»


Чым прывабіць бацькоў у школу? Як наладзіць з імі стасункі? Што зрабіць, каб метады выхавання педагогаў і бацькоў не супярэчылі адно аднаму, а школьнікі ўспрымалі гэты ўплыў станоўча? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ведаюць у сталічнай школе № 40. Навучальная ўстанова разам з татамі і мамамі школьнікаў актыўна падтрымлівае і развівае ідэі адказнага бацькоўства.


— Педагогам і бацькам трэба стаць аднадумцамі, якія разам будуць вырашаць праблемы выхавання. І менавіта педагогі як спецыялісты ў галіне адукацыі павінны ініцыяваць узаемадзеянне з бацькамі, — упэўнена дырэктар школы Наталля НОВІК. — Сёння многія сем'і перш за ўсё хвалююцца за эканамічны стан сям'і. Большую частку часу яны праводзяць на рабоце, а дома абмяркоўваюць грашовыя праблемы, усё часцей ухіляючыся ад выхавання дзіцяці і перакладваючы гэтую місію на педагогаў школы. Аднак абодва бакі — гэта не заказчык і выканаўца, а члены адной каманды з рознымі функцыямі і сферай прыкладання сіл.

Аднак сем'і розныя, у кожнай свае цяжкасці, таму немагчыма даць адзіны і правільны адказ на пытанне, як узаемадзейнічаць з сям'ёй. Многае залежыць ад інтуіцыі і майстэрства педагога.

— Настаўнікі вучацца выбудоўваць адносіны з бацькамі з улікам іх запытаў, ступені актыўнасці і ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнцыі. Яны імкнуцца развіваць і навучаць бацькоў, бо ад іх у многім залежыць і якасць адукацыйнага працэсу, — кажа Наталля Новік.

Ва ўсіх установах, дзе выкладала педагог з 27-гадовым стажам, для класных кіраўнікоў і спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы (СППС) раз у два-тры гады арганізоўвалася курсавая падрыхтоўка на тэму ўзаемадзеяння з бацькамі. Запрашаліся выкладчыкі, з якімі педагогі абменьваліся практычным вопытам.

Да курсавой падрыхтоўкі кіраўніцтва школы праводзіць з класнымі кіраўнікамі, спецыялістамі СППС і бацькамі анкетаванне з надзённымі пытаннямі. Педагогі, у прыватнасці, могуць напісаць, чаго яны чакаюць ад бацькоў свайго класа, а бацькам на падставе апрацаванай інфармацыі прапануецца адказаць, што і як яны могуць зрабіць і чаго ім не хапае ў сваю чаргу. Па словах дырэктара, школа не можа замяніць або поўнасцю кампенсаваць тое, што атрымлівае дзіця ад бацькоў. Аднак яна здольная і абавязана ўзбагаціць і ўзмацніць станоўчы пазашкольны ўплыў на вучняў, а таксама ў пэўнай ступені нейтралізаваць негатыўнае ўздзеянне, карыстаючыся сваімі прафесійнымі магчымасцямі, лічыць дырэктар.

— Значная частка падлеткаў цяпер аддаляецца ад бацькоў, і сям'і патрабуецца сістэматычная дапамога з боку школы, аднак пры гэтым навучальная ўстанова ніколі не будзе канкурыраваць з сям'ёй, — пераканана Наталля Новік.

Для бацькоў у школе раз на месяц арганізуюцца кансультацыі з настаўнікамі-прадметнікамі. Праводзіцца цыкл з васьмі заняткаў «Паспяховае бацькоўства». За дапамогу і актыўны ўдзел у жыцці школы і яе мерапрыемствах бацькі пастаянна ўзнагароджваюцца ў розных намінацыях. У выніку колькасць зацікаўленых і адказных татаў і мам, а таксама паспяховых вучняў павялічваецца.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Мы — адна каманда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ідэi гомельскай школьніцы ўвасабляюць турфiрмы

Ідэi гомельскай школьніцы ўвасабляюць турфiрмы

Беларускае дойлiдства дыктуе маршрут.

Грамадства

Праца ў вясковым Доме культуры — як і што гэта?

Праца ў вясковым Доме культуры — як і што гэта?

Адказваюць нашыя маладыя рэспандэнткі.