Вы тут

Дырыжор Іван Касцяхін і рэжысёр Алена Медзякова: Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах


І праз дзесяць гадоў пасля знаёмства яны любяць шпацыраваць па горадзе, узяўшыся за рукі.

У Вялікім тэатры Беларусі нямала сямейных пар. Вось і харызматычны дырыжор Іван Касцяхін і чароўная рэжысёр Алена Медзякова пазнаёміліся менавіта на тэатральнай сцэне. Разам яны ўжо амаль дзесяць гадоў. А ён па-ранейшаму глядзіць на яе з велізарнай пяшчотай і называе толькі Алёнкай, а яна на яго — з неверагоднай любоўю, і такім цёплым і аб'ёмным у яе вуснах гучыць імя Ваня.


Вяселле Алены і Івана.

Алена: Тэатр толькі адкрыўся пасля рэстаўрацыі, рэпеціравалі «Набука», я за кулісамі працавала, Ваня дырыжыраваў сцэнічным аркестрам. Мы размаўлялі па рабоце, на «вы»... Але я падумала: сімпатычны хлопец...

Іван: Мяне Алёнка неяк адразу зачапіла. Знайшоў яе ў сацсетках, а там такія раскошныя фота з «беларускіх Мальдываў» — крэйдавых кар'ераў пад Ваўкавыскам. Уважліва прагледзеў Алёнчыну старонку, зразумеў, што ў яе ёсць добрая кампанія, з якой яна зноў збіраецца падарожнічаць. Далучыўся да іх — і мы да гэтага часу сябруем! Выдатныя людзі, былыя цяпер ужо гуманітарыі, якія перакваліфікаваліся ў айцішнікаў. Вельмі падкаваныя ў культурным плане, дарэчы, і ў тэатральным таксама, ведаюць мовы, з аднолькавай цікавасцю падарожнічаюць па Беларусі і па ўсім свеце.

Алена: Мы самі тады яшчэ не зразумелі, што мы — пара, думалі, проста сябруем, а вось нашы сябры, як нядаўна высветлілася, ужо тады былі ўпэўненыя, што мы пажэнімся.

— З боку лепш відаць! А колькі доўжыўся ваш цукерачна-букетны перыяд?

Іван: Ён у нас быў чайнатэатральны! Пасля работы нам падабалася папіць добрай гарбаты, пагуляць, абмеркаваць спектакль або канцэрт. Гады тры, здаецца, мы так вось сустракаліся. Пры гэтым я быў знаёмы з бацькамі Алёнкі, звычайна да яе прыязджалі пасля спектакля, і ўся наша кампанія часцей збіралася ў яе. Мае бацькі таксама былі знаёмыя з Алёнкай. Неяк усе прызвычаіліся, што мы разам. Больш таго, мы і бацькоў паміж сабой пазнаёмілі задоўга да вяселля. Калі паведамілі ім, што вырашылі аформіць адносіны, тата Алёнкі, усміхаючыся ў вусы, толькі і сказаў: «Даўно пара».

Бацькі ўжо будавалі грандыёзныя планы па арганізацыі вяселля, але... Па-першае, мы раптам абвясцілі: «Роспіс праз два тыдні!» — што для іх стала поўнай нечаканасцю. Па-другое, мы сказалі, што менавіта дзень рэгістрацыі шлюбу нам хацелася б адзначыць удваіх — запрасіць толькі сведак, а ўжо потым сабраць родных, сяброў, але абысціся без усіх гэтых заезджаных фармальнасцяў з выкупам нявесты і караваем. Скажу шчыра, бацькоў з абодвух бакоў гэта не вельмі ўзрадавала, але яны, хай не ў той жа момант, прынялі наш выбар, за што мы ім да гэтага часу глыбока ўдзячныя. Усё прайшло як задумалі: і вяселле ў міні-фармаце, і душэўныя вячоркі з роднымі.

Алена: А нашы сведкі — Дар'я Вашкевіч і Сяргей Лісічонак — нашы добрыя сябры, між іншым, таксама сталі сямейнай парай. Дар'я, дарэчы, перакладала на беларускую мову оперу Станіслава Манюшкі «Vеrbum Nоbіlе» для нашай першай сумеснай пастаноўкі.

— Цудоўная опера... Я вось думаю, што для работы гэта вельмі зручна, калі дырыжор і рэжысёр — сямейная пара.

Іван: У прынцыпе, гэта так. Але ў тэатры цяпер у нас нячаста атрымліваецца разам працаваць. Так склалася, што я больш на асноўнай сцэне, а вотчына Алёнкі — пастаноўкі ў камернай зале. Хоць, вядома, агульныя работы ёсць. Адзін з нашых любімых агульных спектакляў — опера Гаэтана Даніцэці «Vіvа lа Mаmmа». Атрымліваецца разам папрацаваць і на іншых пляцоўках, напрыклад, у Берліне на пастаноўцы музычнага лядовага шоу. Там было шмат беларусаў — фестывальны аркестр, якім я кіраваў, Алёнка — суаўтар рэжысёра-пастаноўшчыка.

Алена: А яшчэ мы разам працавалі над пластыка-харэаграфічным спектаклем «Рахманая» па матывах аднайменнага твора Фёдара Дастаеўскага. Спектакль пасля атрымаў дыпломы міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Падарожнічаем!

— Што змянілася ў вашым жыцці пасля рэгістрацыі шлюбу?

Іван: А нічога! Ведаеце, калі мяне просяць, напрыклад, перадаць тое і тое жонцы, — я да гэтага часу крыху здзіўляюся: ого, я жанаты чалавек! Рады, што ў нашых адносінах па-ранейшаму ёсць месца рамантыцы, мы лёгка спалучаем і падзяляем прастору на прыватнае і агульнае, рабочае і асабістае.

Алена: Для мяне важна, што я гэтак жа магу прыціснуцца да пляча Вані і мы можам размаўляць пра ўсё на свеце: пра цікавае кіно, прэм'еру яркага рэжысёра ці балетмайстра, захапленні і хобі, а яны ў нас у кожнага свае, пра ўпадабаную кнігу або... пра рамонт.

Іван: ...Які мы нядаўна паспяхова завяршылі і, нарэшце, пераехалі ў сваю кватэру. Пакуль ішоў рамонт, мы жылі ў бацькоў Алёнкі, а калі пераязджалі, яны сказалі, што ім шкада з намі расставацца.

— Гэта выдатна! А што кожны з вас хацеў бы з бацькоўскай сям'і перанесці ў сваю?

Іван: Мне здаецца, што нашы бацькоўскія сем'і вельмі падобныя. Наогул, у нас класныя бацькі. Яны пасябравалі, часам ладзяць вечарыны пад гітару. Алёнчыны бацькі — інжынеры з ярка выяўленым творчым ухілам, мае — старшыя афіцэры міліцыі, вядома, ужо ў адстаўцы. Шчырасць, узаемапавага, нязгасная цікавасць адно да аднаго і да жыцця — вось што нам падабаецца ў старэйшым пакаленні. Я захапляюся цесцем: яму за 60, а ён можа прачнуцца а чацвёртай раніцы і адправіцца ў пушчу ў грыбы.

Алена: Нашы бацькі яшчэ і тэатралы. Нам заўсёды цікава іх меркаванне, яны ў нас такія ўнутрысямейныя тэатральныя крытыкі.

— Хто ў вас дырыжыруе фінансамі?

Іван: Частка грошай ідзе ў агульны кацёл, пры гэтым у кожнага ёсць асабістыя сродкі. Напрыклад, у мяне хобі — страйк-бол, ёсць нават асобная шафа для спецыяльнага адзення, рыштунку.

— Але хобі патрабуе і асабістага часу...

Алена: На мой погляд, у шлюбе, ды і наогул — у любых адносінах вельмі важна захаваць сябе як асобу, а не растварыцца ў іншым чалавеку, стаць залежным. Гэта няправільна, калі стварыўшы сям'ю, людзі вымушаюць адно аднаго адмаўляцца ад сваіх захапленняў, сяброў — так, ведаю, што бывае і такое. Калі Ваня з'язджае на гульню, я таксама займаюся нейкімі сваімі, «дзявочымі» справамі.

Іван: Вы кажаце, час... Іншым разам бывае так, што мы прыходзім дадому, вячэраем. Потым я сыходжу ў адзін пакой вучыць спектакль, глядзець ці чытаць нешта, Алёнка — у іншы пісаць сцэнарый. І гэта не перашкаджае сямейнаму жыццю, усё роўна адчуваеш, што родны чалавек побач. Калі справы скончаныя, можна пайсці пагуляць. Так, нам да гэтага часу падабаецца хадзіць па горадзе, узяўшыся за рукі. Выдатна, што мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах.

Адпачываем!

— Давайце яшчэ вернемся да фінансаў. Вось, напрыклад, у вас выбар: шыкоўны адпачынак або новае аўто? Як зробіце?

Алена: Тут я пагаджуся з рашэннем мужа.

Іван: Я, мабыць, аддам перавагу абнаўленню машыны. Перш за ўсё, гэта пытанне бяспекі, а таксама, магчыма, новае аўто будзе таннейшае ў абслугоўванні. Вось такое рашэнне, быць можа, больш практычнае, чым эмацыянальнае. Хоць падарожнічаць мы таксама любім і карыстаемся любой магчымасцю пабываць недзе, убачыць новае, сустрэцца з цікавымі нам людзьмі!

— Як вы праводзіце водпуск?

Іван: Так атрымліваецца, што і ў адпачынку мы часам працуем. Аднак калі ўжо здараецца рэальна вольны час — то наўрад ці абяром адпачынак у фармаце «ўсё ўключана», калі нехта ўжо за цябе вырашыў, дзе жыць, што есці і як праводзіць час. Для перазагрузкі нам хапае спантаннай паездкі ў Берлін, Вільнюс, Талін на выхадныя, якія раптам утварыліся. Справа ж не толькі ў тым, колькі дзён ты адпачываеш, а і — як.

— Творчая работа вельмі няпростая. Тут немагчыма ў дзевяць раніцы ўключыцца і ў шэсць вечара выключыцца. Што будзе, калі дома хтосьці трапіць пад гарачую руку?

Іван: Паколькі мы ведаем пра нашу работу ўсё, то фраза: «Давай абмяркуем гэта пасля спектакля/канцэрта» нікога не крыўдзіць.

— Ці шмат часу забірае побыт? І нао-гул, як размеркаваны хатнія справы?

Іван: Мне здаецца, у наш час наракаць на побыт не выпадае. Столькі тэхнікі, гатовай амаль усё за цябе зрабіць! Нейкія сур'ёзныя справы, мы ўпэўнены, трэба давяраць прафесіяналам, галоўнае — знайсці іх. А ў астатнім прынцып вельмі просты: у каго ёсць час, той і робіць.

Алена: Ваня смачна гатуе, у мяне таксама добра атрымліваецца. Але калі няма часу або стаміліся абодва, то можам і ў кавярні паабедаць або павячэраць.

— А што за чароўныя дзеці на фота?

Алена: Гэта нашы пляменнікі. Сваіх дзяцей яшчэ няма, але яны ў нас у планах. А пакуль актыўна рэпеціруем, дапамагаючы займацца з пляменнікамі. Нам падабаецца!

Іван: Так, вядома. Толькі мяне крыху турбуе, што мой двухгадовы пляменнік пачынае актыўна размахваць рукамі, калі чуе класічную музыку (смяецца).

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Алены Медзяковой і Івана Касцяхіна

Загаловак у газеце: «Мы цікавыя адно аднаму ва ўсіх праявах»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.