Вы тут

Маладнякоўскімі крокамі



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Запрашаем наведаць выставу “Маладнякоўскімі крокамі” ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Экспазіцыя падрыхтавана ў межах рэспубліканскага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

“Маладняк” – першае прафесійнае згуртаванне пісьменнікаў 1920-х гг., дзейнасць якога значна паўплывала на развіццё беларускай літаратуры. Аб’яднанне ўзнікла ў 1923 г. як гурток маладых паэтаў пры аднайменным часопісе. “Маладнякоўцы” верылі ў свой талент і выключную місію стваральнікаў сапраўднай новай пралетарскай літаратуры.

Да 100-годдзя згуртавання пісьменнікаў рэалізуецца рэспубліканскі праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” (2019–2023). Ініцыятарамі яго правядзення сталі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (часопіс “Маладосць”).

Выстава “Маладнякоўскімі крокамі” створана ў межах праекта і прысвечана “Маладняку” і яго сябрам – Алесю Дудару, Адаму Бабарэку, Валерыю Маракову, Паўлюку Трусу, Міколу Хведаровічу, Максіму Лужаніну, Міхасю Лынькову, Уладзіміру Хадыку, Зінаідзе Бандарынай – пісьменнікам-юбілярам 2019 – пачатку 2020 г.

На выставе можна пазнаёміцца з асобнікамі легендарнага часопіса творчай моладзі 20-30-х гг. ХХ ст. “Маладняк” з першага нумара (1923 г.) па апошні (1932 г.) Менавіта на старонках № 6 за 1925 г. можна прачытаць праграмны тэкст «“Маладняк” (Замест дэклярацыі)» літаратараў першага прафесійнага згуртавання. Прадстаўлены дакументальныя зборнікі аб дзейнасці пісьменнікаў аб’яднання (бюлетэні з’ездаў), альманахі і перыядычныя выданні рэспубліканскіх філій (“Уздым”, “Маладняк Барысаўшчыны”, “Наддзьвіньне”, “Аршанскі Маладняк” і інш.), а таксама кнігі з адметнай серыі зборнікаў творцаў «Кніжніцы “Маладняк”». Унікальныя архіўныя дакументы, фотаздымкі, рукапісы літаратурных прац, нататкі, лісты, асабістыя рэчы Адама Бабарэкі, першыя публікацыі і зборнікі паэзіі і прозы адлюструюць творчы шлях маладнякоўцаў-юбіляраў.

Упершыню ў адной экспазіцыі прадэманстравана спадчына “маладнякоўцаў” з фондаў трох устаноў-захавальніц: Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.  

Выстава “Маладнякоўскімі крокамі” будзе працаваць у Музеі кнігі да 16 сакавіка 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.


Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.