Вы тут

Традыцыі, закладзеныя паміж Беларуссю і Узбекістанам, працягнуць развівацца


У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь Насірджанам Юсупавым.


Фота Белта.

Вітаючы госця, старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі склаліся даўнія і добрыя сувязі. «Беларусь заўсёды разглядала Узбекістан як ключавога, стратэгічнага партнёра ў Цэнтральнай Азіі. Нашы міжпарламенцкія і міжурадавыя адносіны выйшлі абсалютна на новы ўзровень пасля візітаў кіраўнікоў нашых дзяржаў у 2018 годзе і ў 2019 годзе. За гэтыя два гады зроблена шмат — больш, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе», — адзначыла Наталля Качанава.

Пасля леташняга візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь план мерапрыемстваў, зацверджаны прэм'ер-міністрамі дзвюх краін, актуалізаваны, і сёння 30 % запланаваных мерапрыемстваў супрацоўніцтва выкананы, канстатавала спікер верхняй палаты парламента. Аснову партнёрства складаюць гандлёва-эканамічныя адносіны, якія дэманструюць станоўчую дынаміку.

Так, паводле звестак за студзень—лістапад 2019-га, аб'ём тавараабароту паміж нашымі краінамі склаў больш за 213 мільёнаў долараў і павялічыўся амаль на 50 % да ўзроўню адпаведнага перыяду 2018-га (рост паказалі як імпарт, так і экспарт, да таго ж сальда знешняга гандлю склалася са знакам плюс у памеры 124 мільёны долараў).

— Мы бачым, як павялічыліся лічбы нашых гандлёвых адносін, — звярнула ўвагу спікер верхняй палаты парламента і выказала ўпэўненасць у тым, што ўзаемавыгадныя адносіны будуць працягнуты і надалей.

Дарэчы, ва Узбекістане зарэгістравана 50 арганізацый, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца юрыдычныя і фізічныя асобы Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу, у нашай краіне створана 61 арганізацыя, заснавальнікамі якіх выступаюць узбекскія юрыдычныя і фізічныя асобы.

Развіццю двухбаковых адносін спрыяюць і міжпарламенцкія стасункі. Так, летась на першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана з ініцыятывы тагачасных кіраўнікоў верхніх палат парламентаў абедзвюх краін быў падпісаны адпаведны мемарандум. Практыка паказала, што такая форма супрацоўніцтва выклікае ўзаемную цікавасць, асабліва гэта датычыцца прамысловай кааперацыі.

— Для нас вельмі важныя перспектывы па стварэнні сумесных вытворчасцяў і прадпрыемстваў, — адзначыла Наталля Качанава.

Трэба сказаць, што ў 2017-м на тэрыторыі Узбекістана з'явіліся дзве зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі з удзелам беларускага капіталу (у ліку сузаснавальнікаў — акцыянерныя таварыствы «Амкадор» і «Бабруйскаграмаш»). Цяпер вядзецца работа над стварэннем зборачнай вытворчасці спецтэхнікі ААТ «МАЗ». Што датычыцца сумесных праектаў, то ажыццяўляецца кааперацыйнае супрацоўніцтва МАЗа з Ташкенцкім заводам сельскагаспадарчай тэхнікі ў кірунку вытворчасці трактароў. А акцыянернае таварыства «Здравушка-мілк» летась стварыла сумеснае прадпрыемства, у межах якога плануецца пабудаваць завод па перапрацоўцы малака і малочнатаварны комплекс.

І гэта першыя крокі. Узбекскі бок зацікаўлены ў тым, каб на яго харчовым рынку з'яўлялася больш прадпрыемстваў з Беларусі. Аб гэтым у размове з журналістамі паведаміў пасол Узбекістана ў нашай краіне Насірджан Юсупаў.

Дыпламат праінфармаваў, што ў Ташкенце запланавана правядзенне вялікага аграрнага форуму, на які арганізатары запрасілі шэраг беларускіх прадпрыемстваў з прадукцыяй і прапановамі па асваенні ўзбекскага рынка.

Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што са зменамі, якія адбыліся, будуць працягнуты  славутыя і добрыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі — кіраўнікамі палат мінулага склікання.

Нагадаем, што ў снежні 2019-га ва Узбекістане адбыліся выбары ў ніжнюю палату парламента, напярэдадні было абрана кіраўніцтва і створаны камітэты верхняй палаты. Урад згодна з Канстытуцыяй краіны падаў у адстаўку. Парламенцкія выбары летась прайшлі і ў Беларусі.

— Канешне, будзем працаваць над тым, каб гэтыя адносіны ўмацоўваліся і знаходзілі свой працяг літаральна па ўсіх кірунках, — адзначыла спікер верхняй палаты беларускага парламента, акцэнтаваўшы напрыканцы сустрэчы ўвагу на тым, што сяброўскія адносіны паміж народамі, парламентарыямі, урадамі нашых краін будуць выбудоўвацца надалей і знаходзіць усё больш пунктаў судакранання, якія дазволяць паспяхова развівацца і Узбекістану, і Беларусі.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Пункты судакранання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.