Вы тут

Каб пенсіянер мог наведваць курсы камп'ютарнай адукаванасці, у яго запатрабавалі шмат даведак


На прыём грамадзян па асабістых пытаннях да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктара ЛІСКОВІЧА прыйшлі 14 чалавек са сваім набалелым. Зваротаў магло б быць і менш, калі б на мясцовым узроўні да разгляду турбот заяўнікаў падышлі больш уважліва. Але пра ўсё па парадку.


Фота БЕЛТА.

Састарэлага мінчаніна Аляксандра Іванавіча на прыём прывяла дачка — сам ён інвалід ІІ групы па зроку і самастойна не тое што на вуліцу, па кватэры перасоўвацца наўрад ці зможа. Там ён жыве разам са сваёй жонкай, якая з-за ўзросту таксама не надта здаровая. Асноўная праблема, што прывяла 82-гадовага мужчыну ў Савет Рэспублікі, — адмова ў прызнанні яго адпаведнай камісіяй інвалідам І групы. Па словах заяўніка, на вырашэнне пытання, якое яго хвалюе, паўплывала сотая доля працэнта ў вымярэнні яго магчымасці бачыць... Каб паставіць кропку, мужчыне параілі ісці ў суд.

— З кім мне судзіцца?! Я сляпы чалавек, — бядуе ён.

Уважліва выслухаўшы ўсе турботы састарэлага мінчаніна, Віктар Лісковіч пацікавіўся, калі сацыяльныя службы наведвалі яго апошні раз, бо нават немедыку (а старшыня камісіі, дарэчы, доўгі час працаваў у сферы аховы здароўя. — Аўт.) бачна, што мужчына мае патрэбу ў пастаяннай старонняй дапамозе. Як высветлілася, ніколі.

— Мы павінны сёння адыходзіць ад заяўнага прынцыпу аказання дапамогі: ведаеш, ідзеш і прапануеш тыя магчымасці, якія сёння прадугледжаны законам! — абурыўся такому стаўленню да чалавека Віктар Андрэевіч і паабяцаў не пакінуць гэтае пытанне без увагі: ён даручыў адрасаваць зварот у абодва міністэрствы — працы і сацыяльнай абароны і аховы здароўя, каб, падрабязна вывучыўшы гэтую тэму, праінфармаваць аб выніках заяўніка.

Аналагічны па танальнасці атрымаўся і другі зварот — зноў састарэлы чалавек, зноў са сталіцы, зноў інвалід ІІ групы, розніца толькі ў тым, што зусім адзінокі... Рыгор Аляксеевіч прыйшоў да старшыні профільнай камісіі са скаргай на тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання аднаго з мінскіх раёнаў. Маўляў, я да іх — а яны ад мяне! У якасці прыкладу расказаў, як запісаўся на прыём грамадзян па асабістых пытаннях, а замест прыёму... нічога: адказнай асобы на месцы не аказалася — ці то забылася, ці то яшчэ якая трасца! Аднак гэта не адзіны абуральны з яго пункту гледжання факт. Вырашыўшы асвоіць функцыянал смартфона, які набыў сабе, запісаўся на курсы камп'ютарнай адукаванасці. Дык вось, каб стаць слухачом тых курсаў (працягласцю, дарэчы, усяго некалькі гадзін), у пенсіянера запатрабавалі даведкі, ды не адну... Аб стане здароўя, месцы жыхарства і складзе сям'і. Усё б нічога, але ў мясцовай паліклініцы нават не ведаюць, якую даведку трэба выдаць для наведвання курсаў, разлічаных на 2-3 заняткі працягласцю некалькі гадзін.

— Навошта ўсе гэтыя даведкі?! — задае рэзоннае пытанне заяўнік і, дарэчы, мае рацыю.

— Колькі гадоў вы зарэгістраваны ў гэтым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай абароны? — спытаў Віктар Лісковіч.

— Тры.

— А колькі разоў да вас як адзінокага чалавека адтуль прыйшлі?

— Ніводнага...

Як кажуць, заслона!

— У рабоце, дзе ёсць хворыя, адзінокія людзі, павінен дзейнічаць перш за ўсё выяўляльны прынцып. Не трэба чакаць, каб чалавек хадзіў з праблемамі па інстанцыях, — упэўнены Віктар Андрэевіч. — У нас выбудаваная сістэма адказных асоб, якія павінны выканаць гэтую работу па сваім функцыянале. Таму, канешне ж, незразумела: чаму састарэламу чалавеку даводзіцца звяртацца ў Савет Рэспублікі, каб навучыцца рабоце са смартфонам?! Такіх выпадкаў не павінна быць. Мы будзем выпраўляць гэтыя пытанні.

Ён прапаноўваў абмеркаваць з профільнымі міністрамі агучаныя на прыёме грамадзян тэмы, каб работа была пабудавана не толькі ў адносінах да аднаго чалавека, а ў дачыненні да ўсіх, хто патрабуе дапамогі.

— Самае галоўнае — мы павінны адысці ад чэрствасці, чалавечай абыякавасці ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў, якія маглі (і павінны былі б) вырашыць без звароту грамадзяніна, — падкрэсліў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі, падагульняючы прыём грамадзян. — Мы павінны не чакаць гэтага звароту, а прыйсці да чалавека, вызначыцца з аб'ёмамі дапамогі і пабудаваць сістэму яе аказання. Вось тады людзі будуць верыць і разумець, што калі ты трапіш у нестандартную жыццёвую сітуацыю — на гэты выпадак ёсць сацыяльная абарона.

Віктар Лісковіч засяродзіў увагу на тым, што любы грамадзянін, які звяртаецца ў Савет Рэспублікі, мае права разлічваць на тое, што яго пачуюць і дапамогуць. Дарэчы, у гэты дзень прагучалі і іншыя тэмы: медыцынскага забеспячэння, працаўладкавання, спагнання запазычанасці па аліментах, удасканалення работы сродкаў масавай інфармацыі. Усе яны ўзятыя на кантроль, па кожным пытанні заяўнікам будуць дадзены абгрунтаваныя адказы ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Адысці ад чэрствасці і чалавечай абыякавасці, альбо Дайце даведку на даведку!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.