На тэлеканале «Беларусь 3» з 28 студзеня пачнуцца паказы дакументальнага кінацыкла «Хроніка Мінскага гета», рэжысёрамі якіх выступілі Уладзімір Луцкі і Людміла Клінцова (дарэчы, сёлета аўтарскі калектыў «Хронік» атрымаў Спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва).
Першы фільм, які будзе прадстаўлены ўвазе гледачоў у аўторак, раскажа пра трагедыю вязняў яўрэйскага гета ў беларускай сталіцы. Стужку здымалі да 70-годдзя ліквідацыі Мінскага гета. Створана яно было 17 ліпеня 1941 года па загадзе нямецкіх акупацыйных улад, а 21 кастрычніка 1943 года яўрэйскае гета было ліквідавана. За гэты час праз яго прайшло больш за 80 тысяч людзей — у тым ліку дзеці, жанчыны, людзі сталага веку, яўрэі з Мінска і ваколіц, а таксама вязні з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі... Працяглы час лічылася, быццам гісторыя Мінскага гета завяршылася ў 1943-м. Але мала хто ведаў, што ў падвале дома, які знаходзіўся на самым ускрайку закрытай тэрыторыі, хаваліся некалькі яўрэйскіх сем'яў. У гэтых людзей быў свой летапіс тых падзей, і ён адрозніваўся ад афіцыйнай даты на 9 месяцаў. У дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня 1944 года, у літаральным сэнсе з падполля выйшлі 13 чалавек — толькі палова з 26, што ўратаваліся...
За час здымак, якія праходзілі не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і ў ЗША, Ізраілі, Польшчы, стваральнікам фільма ўдалося сабраць унікальныя дакументы і ўспаміны пра той час.
3 29 да 31 студзеня будуць прадстаўлены і іншыя фільмы дакументальнага цыкла — «Хроніка Мінскага гета. Фільм другі. За гонар і свабоду» (2015), «Хроніка Мінскага гета. Фільм трэці. Народжаныя двойчы» (2017), «Хроніка Мінскага гета. Фільм чацвёрты. Зондэргета» (2018, рэжысёр Людміла Клінцова). У іх стваральнікі раскрываюць малавядомыя факты пра тое, як людзі змагаліся за жыццё ў невыносных жыццёвых абставінах, каго ратавалі і хто ратаваў у падполлі вязняў гета на нашых землях.
Алена ДРАПКО
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.