Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


...І сапраўдны палкоўнік!

Як пяецца ў вядомай песні: «Это было недавно, это было давно». У 60-х гадах мінулага стагоддзя, начытаўшыся кніг савецкіх пісьменнікаў і паспяхова скончыўшы інстытут, я паехала «падымаць» вёску. Да якога ўзроўню — гісторыя замоўчвае, але патрыятызм з мяне пёр і ўшыркі — аж да гарызонту, і ўвысь — да космасу.

Вёска прыняла мяне трохі насцярожана, а вось школа — чакала, бо да заняткаў лічаныя дні.

Заходжу ў настаўніцкую. Там трое маіх будучых калег, адна з якіх тут жа робіць заўвагу: маўляў, чаму гэта я сустрэла яе на вуліцы і не павіталася?

— Прабачце, — кажу, — але ж мы з вамі незнаёмыя?

— Гэта не мае ніякага значэння, — абрывае мяне жанчына. — Тут павінны вітацца ўсе.

— Добра, — згаджаюся. — Буду і я.

У настаўніцкую тым часам заходзіць завуч, падае мне спіс вучняў:

— Пазнаёмцеся, — кажа, — гэта 7 «Б». Вы ў ім будзеце класным кіраўніком.

Я, вядома ж, не супраць, я за: бяру спіс, учытваюся ў прозвішчы-імёны дзяцей, бо для мяне яны зусім непрывычныя — Тадэвуш, Эмануіл, Збыслаў, Тэрэза...

А вось нарэшце і сустрэча. Я рассаджваю ўсіх па росце і бачу, як рослы сусед стараецца выпхнуць з-за першай парты маленькага блізарукага хлопчыка, якога з пагардай і з усіх бакоў дражняць рыжым... Ну непарадак жа!

Вырашаю, што работу класнага кіраўніка трэба пачаць менавіта з яго, з Колі.

На наступны дзень прыношу паштоўкі — копіі карцін, на якіх намаляваны рыжавалосыя жанчыны, аб'яўляю тэму класнай гадзіны: «Што мы ведаем аб прыгажосці». Далей расказваю пра мастакоў, іх творы ды гераінь, спыняюся каля першай парты і «здзіўляюся»:

— Дзеці, — кажу, — паглядзіце, а ў нашага Колі валасы акурат як на гэтых паштоўках! Кажуць, што такіх вось людзей змалку пацалавала сонейка, у самую макаўку...

Вучні пазіраюць на хлопчыка — нехта з цікавасцю, нехта з зайздрасцю, але ж гэтага мала.

У той час валасы ніхто не фарбаваў, не было ў продажы хны. Таму я, па адукацыі хімік-біёлаг, прыйшоўшы дамоў, папрасіла ў гаспадыні, у якой здымала пакой, шалупіння ад цыбулі, запарыла яго, дабавіла крышку марганцоўкі і... пафарбавалася ў рыжую. Назаўтра заявілася ў школу і адразу пайшла ў 7 «Б», спытала дзяцей:

— Ну, ці атрымаўся ў мяне такі колер валасоў, як у Колі?

— Не... У яго святлейшы! У вас цямнейшы! — загаманілі вучні.

— І праўда, у Колі — нашмат прыгажэйшы, — згадзілася я і тут жа ўбачыла, як засвяціўся твар таго маленькага рыжага хлопчыка, пачула, як пераможна, як радасна ён засмяяўся...

Вось так я пачынала заваёўваць самы каштоўны для настаўніка капітал — аўтарытэт у вачах дзяцей. І бацькоў, вядома ж, таксама.

Аднак пра гэты вясёленькі пачатак (ды праз дзесяцігоддзі!) я, напэўна, не ўспомніла б, калі б аднойчы да нас не заехаў той... Коля — палкоўнік у адстаўцы, і ўжо не рыжы. Прырода пафарбавала яго валасы спачатку ў цёмны колер, а потым і ў белы — сівы...

Ён, дарэчы, расказаў мне, што ў свой час быў і ў Траццякоўскай галерэі, і ў Эрмітажы, што яму вельмі цікава было ўбачыць там карціны, копіі якіх я прыносіла на класную гадзіну.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён.


Клін клінам

«Звязда» неяк правільна пісала, што ёсць такое месца, дзе чалавеку добра аднаму. Гэта — прыбіральня. Аднак з любога правіла бываюць выключэнні.

...Казалі, што да нас на фабрыку Ірына Данілаўна (імя зменена) прыйшла са школьнай парты і вучаніцай, досыць доўга працавала каля станка, потым завочна скончыла тэхнікум, і яе перавялі ў нарміроўшчыцы...

Карацей, звычайная біяграфія, звычайны кар'ерны рост: як да спецыяліста — прэтэнзій да яе не было, а вось як да чалавека...

Дзень пры дні, можна сказаць, «парадкуючы» грошы на рахунку «фірмы», яна ўцягнулася — узялася нармаваць і сваё жыццё, больш чым ашчадна расходаваць кожную капейку... Што было б зразумела, калі б жанчына не мела, напрыклад, свайго жылля, калі б гадавала сямёра дзяцей, даглядала хворых бацькоў. А то ж нічога такога: адна, у асобнай абжытай кватэры, сама сабе гаспадыня...

І пры гэтым зімой і летам у адной і той жа спадніцы, у старым паліто, адпачываць не ездзіць, у госці не ходзіць, абедае — не раўнуючы як мыш: згрызе нешта з шуфляды і ўсё. Нават чаю з усімі ніколі не п'е, бо на цукар і заварку трэба скідвацца, грошы даваць, а яна...

Мы спачатку нічога не зразумелі — проста заўважылі, што на работу наша Данілаўна прыходзіць з пустымі пластыкавымі бутэлькамі, а назад нясе поўныя.

Аказалася, што ў іх доме з'явіліся лічыльнікі вады і такім вось чынам наша эканамістка «пакрывае» свае расходы...

Мы не разумелі яе, шкадавалі, часам пасмейваліся і, вядома ж, не думалі, што станем... баяцца. Справа ў тым, што ў прыбіральні яна ніколі не ўключала святла (дома, відаць, таксама), а з часам перастала і... зашчапляцца. Бывала, дзверы адчыніш і ў крык, бо нечакана, непрыемна, страшна... А ў адказ табе — задаволены смех.

Мы абураліся, прасілі, жартавалі, што так яна цішком адмотвае сабе туалетную паперу, казалі, што заікамі нас паробіць...

Данілаўна слухала, неяк па-дзіцячы абяцала, што болей не будзе, а праз месяц-другі, некага спалохаўшы, зноў задаволена рагатала.

Колькі б гэта цягнулася, не ведае ніхто, бо ўрэшце нам дапамог выпадак. Адна з нашых жанчын спраўляла юбілей, зранку яе павіншавала кіраўніцтва, бліжэй да абеду «падцягнуліся» госці, у тым ліку і чужыя. Сярод іх быў Міхась Міхайлавіч — ну выліты мядзведзь: вялізны, непаваротлівы і вельмі акуратны. Перш чым узняць прапанаваны фужэр з шампанскім, ён спытаў (калектыў жаночы), дзе ў нас мыюць рукі мужчыны. Нехта паказаў яму, што гэта ў канцы калідора, але на першым паверсе... Чалавек жа, мусіць, не пачуў, таму спакойна пасунуўся на наш другі, расчыніў дзверы ў запаветную вузкую кабінку і...

Такога віскату мы ніколі яшчэ не чулі!.. Кінуліся ў прыбіральню. Першае, што ўбачылі — гэта шырокая спіна госця (развярнуцца ён яшчэ не паспеў), над якой не тое з бачка ўнітаза, не тое са сцяны дзіка верашчала галава Данілаўны.

...Яна, вядома ж, не расказала нам, што тады перажыла, але «засад» больш ніколі не рабіла, нікога не палохала.

Дарэчы, перад сыходам на пенсію яна збіралася пераехаць у вёску, дзе ўсё сваё і... бясплатная вада. Можа, куды і пераехала?

А. Ж., г. Мінск


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж. Як паведамлялася (гл. нумар «Звязды» за 17 студзеня), конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды» працягваецца. Склад маленькага рэдакцыйнага журы застаецца амаль ранейшы: старшыня — першы намеснік галоўнага рэдактара газеты спадарыня Наталля Карпенка, ся́бры — спецыяльныя карэспандэнты (яны ж маладыя матулі) Вераніка Канюта і Надзея Дрындрожык.

Не адмовілася ад сваёй пасады (прынамсі, пакуль) і старшыня вялікага чытацкага журы спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, дапамагаць якой у вызначэнні найлепшых гісторый можа кожны ахвотны.

Што для гэтага трэба? Дробязь, можна сказаць: па пятніцах, чытаючы рубрыку, пазначаць для сябе самыя цікавыя гісторыі — з тым, каб на фінішы года выбраць сваю дзясятку найлепшых і даслаць у рэдакцыю.

Пераможцаў — па традыцыі — чакаюць прызы.

Так што пішыце!

Выбар рэдакцыі

Спорт

Андрэй Ліхавіцкі: Адказнасць, засяроджанасць і любоў

Андрэй Ліхавіцкі: Адказнасць, засяроджанасць і любоў

Андрей Ліхавіцкі — прыклад таго, што геаграфічныя межы спорту не перашкода. Чаму?

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парку «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам.