Вы тут

«Дзясятае месца — гэта наша памылка». Беларускія гандбалісты не выйшлі ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір


У заключным матчы асноўнага раўнда мужчынскага чэмпіянату Еўропы — 2020 па гандболе зборная Беларусі згуляла ўнічыю з камандай Аўстрыі — 36:36

Самым выніковым гульцом сустрэчы стаў беларус Мікіта Вайлупаў, які закінуў 12 мячоў. Падзяліўшы ачкі з аўстрыйцамі, падапечныя Юрыя Шаўцова занялі пятае месца ў групе і 10-е выніковае месца на Еўра-2020. Адзначым, што беларускай зборнай не ўдалося выйсці ў алімпійскі кваліфікацыйны турнір.


Пасля заключнага матча нашай зборнай галоўны трэнер Юрый Шаўцоў адмовіўся даваць каментарыі, дарэчы, упершыню ў сваёй трэнерскай кар'еры.

«Мы не выканалі пастаўленую мэту, гэта галоўнае расчараванне, — каментуе сустрэчу лінейны Арцём Каралёк. — Мы вельмі моцна хацелі перамагчы і завяршыць турнір на добрай ноце, але не выканалі трэнерскую ўстаноўку. Мы зноў дзясятыя, хоць сталі гуляць лепш. Але дзясятае месца — гэта наша памылка, памылка гульцоў, усіх, хто да гэтага датычны. Усё ідзе ад галавы, гандбол — гэта гульня псіхалогіі. Як ты будзеш падыходзіць да матчаў — такі і будзе вынік. Калі хочаш перамагчы, калі верыш у свае сілы — ты гэта зробіш. Трэба быць мацнейшымі менавіта ў маральным плане. Мы дапускаем такія страты, якія не паддаюцца тлумачэнням. У матчах з роўнымі сапернікамі мы не губляем мячы. У сустрэчах з больш моцнымі апанентамі аддаём пас — і мяч нейкім дзіўным чынам трапляе ў ногі. Трэба працаваць, развівацца. Гульцам неабходна выступаць у моцных клубах, добрых чэмпіянатах. І не баяцца ламаць сябе псіхалагічна. Тады ў нас будзе зборная вельмі высокага ўзроўню».

Адзначым, што правы крайні беларускай зборнай Мікіта Вайлупаў займае другое месца ў спісе найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Еўропы. На яго рахунку 47 дакладных кідкоў, лідар бамбардзірскай гонкі нарвежац Санэр Сагасен закінуў 51 мяч. Арцём Каралёк увайшоў у сімвалічную зборную чэмпіянату.

У паўфінальных матчах нарвежцы сустрэнуцца з харватамі, а іспанцы згуляюць са славенцамі. Зборныя Германіі і Партугаліі разыграюць пятае месца. Усе матчы пройдуць на «Тэле-2-Арэне» ў сталіцы Швецыі Стакгольме (умяшчальнасць трыбун — 35 000 гледачоў).

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.