Вы тут

Чым пагражае смяротны каранавірус з Кітая?


Апошнім часам увесь свет з трывогай даведваецца пра навіны з Кітая. Вядома ж, гаворка ідзе пра ўспышку смяротна небяспечнага захворвання. Як паведаміў ТАСС, да 24 студзеня ад пнеўманіі, выкліканай каронавірусам новага тыпу 2019-nCoV, памерла 26 чалавек. Колькасць тых, хто захварэў у Кітаі, перавысіла 900: большасць — у правінцыі Хубэй, а таксама ў Пекіне, паўднёвай правінцыі Гуандун, Шанхаі, Ганконгу, на Тайвані. Зарэгістраваныя выпадкі захворвання і ў іншых краінах — Тайландзе, Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША, Сінгапуры, В'етнаме. Паведамляецца, што ўсе пацыенты да гэтага наведвалі горад Ухань — ачаг распаўсюджвання смяротнага віруса новага тыпу. Адкуль узяўся 2019-nCoV і чым ён пагражае свету?


Уханьскі сіндром

31 снежня ўлады кітайскага горада Ухань (адміністрацыйны цэнтр правінцыі Хубэй) паведамілі пра распаўсюджванне невядомага віду пнеўманіі. На той момант было зарэгістравана 27 выпадкаў захворвання. Большасць з іх звязаны з гарадскім рынкам морапрадуктаў, які цяпер закрыты. Як стала вядома на гэтым тыдні, у кантакце з хворымі знаходзіліся больш за 2,2 тысячы чалавек.

Ухань займае 42-е месца ў спісе найбуйнейшых гарадоў свету і сёмае ў Кітаі. Тут налічваецца, паводле звестак мясцовых улад, 11 мільёнаў жыхароў. Памеры горада і яго развітая эканоміка тлумачаць, чаму вірус так хутка распаўсюдзіўся на іншыя краіны Азіі і нават дасягнуў ЗША. Паводле адкрытых статыстычных даных, у 2016 годзе Цяньхэ (міжнародны аэрапорт Ухані) абслужыў больш за 20 мільёнаў пасажыраў. З тых часоў пасажырапаток павялічыўся. З Ухані ходзяць прамыя авіярэйсы ў Лондан, Парыж, Дубай і многія іншыя гарады па ўсім свеце. Горад стаіць на беразе ракі Яньцзы. Мегаполіс вядомы сваёй высокатэхнічнай і традыцыйнай прамысловасцю. Ва Ухані шмат індустрыяльных зон і 52 вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якіх займаецца больш за 700 тысяч студэнтаў. У мясцовую прамысловасць інвеставалі 230 з 500 найбуйнейшых кампаній свету з спісу Fortune Global.

У сераду кітайскія ўлады прынялі рашэнне закрыць гэты горад на каранцін. Тут створана штаб-кватэра па барацьбе з пнеўманіяй новага тыпу, працуюць восем груп экстраннага рэагавання, арганізаваны дзевяць спецыяльных шпіталяў для хворых, з'явілася медыцынская экспертная група. Закрытыя гарадскія рынкі, заапарк, узмоцнены кантроль над жывёламі і птушкамі, уведзены кантроль над пасажырапатокам і забарона на выезд арганізаваных груп турыстаў у іншыя рэгіёны.

Глабальны каранцін

Кітайскія ўлады ўсімі сіламі імкнуцца стрымаць распаўсюджванне небяспечнага віруса. Сама меней дзевяць гарадоў кітайскай правінцыі Хубэй следам за Уханем апублікавалі паведамленні аб часовым прыпыненні транспартных зносін. Такім чынам, колькасць населеных пунктаў, дзе ў той ці іншай ступені не ходзіць транспарт, дасягнула дзесяці: Ухань (11 мільёнаў жыхароў), Чыбі (534 тысячы), Эчжоу (1,08 мільёна), Хуанган (7,5 мільёна), Сяньтаа (1,6 мільёна), Чжыцзян (550 тысяч), Цяньцзян (963 тысячы), Хуаншы (2,7 мільёна), Эньшы (809 тысяч) і Сяньнін (2,5 мільёна). Меры закранулі каля 30 мільёнаў жыхароў правінцыі.

Эксперты, аднак, выказваюць сумненні ў эфектыўнасці каранціну ў сучасным свеце. «Закрыццё горада з 11-мільённым насельніцтвам — гэта нешта экстраардынарнае», — заўважыў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Гаўдэн Галеа. Адгарадзіць ад знешняга свету цэлы горад, сорак другі па памеры ў свеце, будзе складана. «Адзіны спосаб гэтага дамагчыся, калі быць рэалістам, — гэта ўвесці войска, каб яно ўзяло горад у кольца, — заўважыў «Бі-бі-сі» эксперт па ахове здароўя з Сіднейскага ўніверсітэта Адам Камрад-Скот. — Але нават калі пайсці на гэта, дзе пройдзе рыса? Як і большасць сучасных гарадоў, на ўскраінах Ухань пераходзіць у драбнейшыя населеныя пункты і вёскі». Эксперт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Гаўдэн Галеа больш адназначны. «Наколькі я ведаю, спроба стрымаць вірус у горадзе з насельніцтвам 11 мільёнаў чалавек — гэта нешта да гэтага часу невядомае навуцы. Мы не можам сказаць, ці спрацуе гэта», — сказаў ён у гутарцы з Assocіated Press.

Без Новага года

Улады таксама прынялі рашэнне адмяніць усе маштабныя мерапрыемствы ў Пекіне, прымеркаваныя да святкавання Новага года па месячным календары 25 студзеня, — навагоднія масавыя гулянні, у тым ліку традыцыйныя кірмашы ў храмах. Мільёны людзей падчас святкавання Новага года падарожнічаюць па Кітаі. Тысячы кітайцаў таксама выязджаюць за мяжу. Акрамя таго, з 25 студзеня закрыты ўваход у Забаронены горад — палацавы комплекс Гугун, што ў цэнтры Пекіна, побач з плошчай Цяньаньмэнь.

Улады Макаа, як паведамляе ТАСС, закрываюць усе ігральныя ўстановы, апасаючыся далейшага распаўсюджвання небяспечнай хваробы. Мясцовых жыхароў заклікаюць па магчымасці больш часу праводзіць дома і пазбягаць людных месцаў. 23 студзеня ў горадзе быў выяўлены другі выпадак захворвання на каронавірус — 66-гадовы мужчына нядаўна пабываў ва Ухані. Ён і чацвёра членаў яго сям'і былі змешчаныя на каранцін.

Напярэдадні падобныя сімптомы былі адзначаны і ў 52-гадовай жанчыны, якая прыехала з таго ж горада і актыўна наведвала казіно ў Макаа. Пасля гэтага персанал усіх ігральных устаноў абавязалі насіць на рабочым месцы рэспіратарныя маскі. У суседнім Ганконгу таксама ў сувязі з эпідэміяй адменены міжнародны навагодні карнавал — на тэрыторыі адзначаны два выпадкі захворвання на вірусную пнеўманію. На набярэжнай заліва планавалі выступіць як мясцовыя калектывы, так і артысты з мацерыковага Кітая, Італіі, Японіі, Расіі, ЗША і іншых краін.

Акрамя таго, паведамляецца, што супрацоўнікі фабрык па вытворчасці медыцынскіх масак у Кітаі вымушаны ў тэрміновым парадку выходзіць на работу, нягледзячы на святочныя дні з нагоды Новага года. Кіраўнікі кітайскіх заводаў тэрмінова выклікалі супрацоўнікаў, каб справіцца з узрослым попытам на маскі з-за распаўсюджвання ў краіне небяспечнага каронавіруса. Пазбаўленым свят работнікам паабяцалі выплаціць павышаныя ў чатыры разы зарплаты. Па паведамленнях шэрагу заходніх СМІ, маскі раскупляюцца ў Кітаі вельмі хутка, выстройваюцца доўгія чэргі з тых, хто жадае набыць медыцынскія вырабы.

Змяіная крыніца

Да 9 студзеня кітайскія эпідэміёлагі вызначылі, што ўзбуджальнікам успышкі пнеўманіі ў горадзе Ухань стаў новы від каронавіруса (2019-nCoV). У выніку лабараторных даследаванняў удалося вызначыць увесь яго геном. Паводле звестак камітэта па пытаннях гігіены і аховы здароўя горада Ухань, ключавыя сімптомы захворвання — высокая тэмпература і кашаль. Большасць хворых — мужчыны. Рызыка ўскладненняў асабліва высокая для пажылых людзей, узрост памерлых — ад 48 да 89 гадоў.

Даследаванне новага каронавіруса паказала, што гэта гібрыд двух каронавірусаў, які з'явіўся каля двух гадоў таму. Адзін з іх раней знаходзілі ў кажаноў. Мяркуецца, што ад іх заразіліся змеі, у выніку і з'явіўся гібрыдны каронавірус, які пазней трапіў у чалавечы арганізм. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у Medіcal Journal of Vіrusology. Кітайскія навукоўцы заявілі пра гэта, калі рэканструявалі фізічную структуру віруса. Яны растлумачылі, што выявілі генетычнае падабенства аднаго з бялкоў, якія ўваходзяць у склад віруса, з двума відамі змей — паўднёвакітайскім шматпалосым крайтам і кітайскай кобрай.

Спачатку не было ясна, ці перадаецца новы вірус ад чалавека да чалавека. Да 20 студзеня высветлілася, што ўсё-ткі перадаецца. Дзяржаўны камітэт па пытаннях гігіены і аховы здароўя КНР паведаміў, што заразіліся як мінімум 14 медыцынскіх работнікаў, якія аказвалі дапамогу інфікаваным. Эксперты адзначаюць, што галоўная небяспека новага каронавіруса ў тым, што ён «выклікае смяротнае для чалавека захворванне» і, хутчэй за ўсё, можа перадавацца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным і кантактным шляхамі, выклікаючы ўспышкі захворвання ў замкнутых прасторах.

Якога-небудзь спецыфічнага лячэння новай пнеўманіі няма, адзначылі ў СААЗ. Прымяняюцца супрацьвірусныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца пры іншых вірусных захворваннях. 23 студзеня кітайскія спецыялісты працягваюць спрабаваць новыя метады пры лячэнні хворых. Медыкі паведамілі, што 53-гадовага цяжкахворага пацыента ўдалося вылечыць дзякуючы экстракарпаральнай аксігенацыі (насычэнні крыві кіслародам). СААЗ чакае далейшага распаўсюджвання захворвання ў Кітаі і, магчыма, у іншых краінах.

Эксперт РАН Сяргей Няцёсаў адзначыў ТАСС, што распаўсюджванне каронавіруса можна спыніць на працягу паўгода, калі хутка распрацаваць і арганізаваць прымяненне сродкаў дыягностыкі, а таксама інфармаваць грамадзян аб хваробе. Ганконскі вірусолаг Гуань І выказаў здагадку, што маштабы эпідэміі могуць перасягнуць маштабы «атыповай пнеўманіі» ў 10 разоў. СААЗ заклікала краіны весці пільны эпідэміялагічны маніторынг у сувязі з успышкай новай пнеўманіі.

Зараза з рынку

Крыніцай новага віруса, як лічаць улады, стаў рынак ва Ухані. Паведамляецца, што там гандлявалі морапрадуктамі, перапрацаваным мясам птушак, а таксама аслоў, авечак, свіней, вярблюдаў, ліс, барсукоў, бамбукавых пацукоў і рэптылій. «Нам ужо вядома, што хвароба прыйшла з рынку, на якім ішоў незаконны гандаль дзікімі жывёламі», — паведамляў напярэдадні дырэктар Цэнтра па кантролі і прафілактыцы хвароб Гаа Фу. Змеі часта палююць на кажаноў у дзікай прыродзе. Мяса крайта і кобры прадавалася на Уханьскім рынку, а гэта павышае імавернасць таго, што новы вірус мог перайсці ад кажана да змяі, а затым да чалавека.

Аўтар кнігі «Зараза» Дэвід Куамен у каментары «Бі-бі-сі» расказаў, што з'яўленне каронавіруса з Кітая не магло быць нечаканасцю для ўрачоў. «Адна з самых дзіўных рыс гэтай апошняй успышкі [захворвання. — Аўт.] — тое, наколькі яна была прадказальная, — заявіў пісьменнік у гутарцы з вядучым праграмы на чацвёртым канале радыё «Бі-бі-сі». — Я не хачу сказаць, што мог бы прадказаць яе сам: я не навуковец і не чыноўнік сферы аховы здароўя. Але калі я вывучаў прадмет для маёй кнігі «Зараза», то гаварыў з экспертамі».

«Я пытаўся ў іх, як будзе выглядаць наступная буйная ўспышка. І яны казалі наступнае: імаверна, «гэта будзе які-небудзь від адналанцужковага РНК-віруса, напрыклад каронавірус. Ён прыйдзе ад жывёл і будзе перадавацца паветрана-кропельным шляхам. Магчыма, ачаг успышкі будзе на кітайскім рынку жывых жывёл», — сказаў Куамен. Ён лічыць, што кітайскія рынкі, дзе прадаюць жывых жывёл — ад курэй да кажаноў, — гэта сапраўдныя інкубатары новых вірусаў. Тым не менш пакуль не зусім зразумела, наколькі сур'ёзную небяспеку тоіць у сабе новая ўспышка, кажа Куамен. «Мы яшчэ не ведаем — вучэбная гэта трывога або сапраўдны пажар. Калі акажацца, што небяспекі для ўсяго свету няма, то ў любым выпадку гэтая наша рэпетыцыя не пройдзе дарэмна», — лічыць пісьменнік.

Між тым Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала ўсім краінам быць гатовымі да стрымлівання смяротнага каронавіруса. «Далейшы міжнародны вываз выпадкаў захворвання можа распаўсюдзіцца на любую краіну», — адзначаецца ў паведамленні СААЗ.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Кідок кобры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…