Вы тут

Як дасягаецца бяспека палётаў? Карэспандэнты «Звязды» наведалі 50-ю змешаную авіябазу


Галоўны кампанент любога палёту — яго бяспечнасць. Верталёт і самалёт — гэта не аўтамабіль. Калі падчас знаходжання ў паветры ўзнікне нейкая няспраўнасць, то магчымасць своечасова сесці на свой аэрадром ёсць далёка не заўжды. Не кажучы ўжо пра мінімальную шкоду не толькі для экіпажа, але і для жыхароў населеных пунктаў ды інфраструктуры. Менавіта таму ў камандаванні Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны адбылася канферэнцыя па бяспецы палётаў авіяцыі Узброеных Сіл Беларусі, скіраваная на вырашэнне праблемных пытанняў і ўдасканаленне асноўных кірункаў работы датычна аварыйнасці ў авіяцыі. А практычныя заняткі прайшлі на тэрыторыі 50-й змешанай авіяцыйнай базы ў Мачулішчах.


— Па выніках мінулага навучальнага года мы сталі найлепшай вайсковай часцю ў Беларусі, — зазначае камандзір авіябазы, ваенны лётчык-снайпер палкоўнік Андрэй Лук'яновіч. — Атрымалі з гэтай нагоды пераходзячы вымпел. Але займець такі трафей, скажам прама, было вельмі складана. Сярод іншага, мы штодня забяспечвалі баявое дзяжурства, удзельнічалі ў сумесным аператыўным вучэнні. Падлічылі, што агулам у паветры мы правялі больш за чатыры тысячы гадзін! І вельмі прыемна, што нашы экіпажы заваявалі летась на Армейскіх гульнях два камплекты ўзнагарод у конкурсе «Авіядартс». «Золата» здабылі экіпажы на новых верталётах Мі-8МТВ5, а «серабро» — на Мі-24.

Паняцце бяспекі палётаў вельмі шырокае. Але ў рэшце рэшт яно зводзіцца да трох складнікаў: кваліфікацыі экіпажа, стану авіяцыйнай тэхнікі і сітуацыі ў навакольным асяроддзі.

— Статыстыка авіяцыйных здарэнняў вядзецца ўжо больш за 80 гадоў, — працягвае Андрэй Лук'яновіч. — І няўмольныя лічбы сведчаць, што больш за 60 % іх прыпадае на долю чалавечага фактару. Для звядзення да мінімуму яго ўплыву на бяспеку палётаў асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі авіяперсаналу. Хачу адзначыць, што ў нас у Ваеннай акадэміі створана ўласная школа маладых экіпажаў, дзе будучыя ваенныя лётчыкі праходзяць поўны курс навучання. Падчас стажыроўкі курсантаў авіяцыйнага факультэта «ставяць на крыло» самыя падрыхтаваныя лётчыкі авіяцыйнай базы. Як вынік, пасля выпуску да нас прыходзіць новае папаўненне, якое мае добрую аснову для далейшага ўдасканалення лётнага майстэрства.

Перш чым сесці за штурвал, будучыя пілоты праводзяць не адзін дзясятак гадзін на трэнажорах. Для кожнага тыпу паветранага судна яны розныя. Усё пачынаецца са знаёмай сітуацыі — уявіце сабе, што вы кіруеце верталётам падчас камп'ютарнай гульні. Толькі тут праграма будзе рэгістраваць усе вашы памылкі. Больш складаны ўзровень — перасесці ў кабіну сапраўднага верталёта і кіраваць палётам ужо адтуль. Ілюзію таго, што насамрэч адбываецца палёт, стварае адмысловы панарамны экран. Віртуальныя пейзажы змяняюцца рэальнымі толькі пры ўмове бездакорнай здачы ўсіх іспытаў.

— Колькі часу трэба для падрыхтоўкі, каб стаць кваліфікаваным лётчыкам? — задаецца пытаннем камандзір верталёта Мі-8 Сяргей Андропаў. —
Насамрэч падрыхтоўка доўжыцца ўсё жыццё. Вось паглядзіце — нават зараз у мяне ў кішэнях ручкі, алоўкі, нататнікі... Неяк мы падлічылі, колькі трэба грошай, каб падрыхтаваць лётчыка першага класа. Атрымалася вельмі і вельмі шмат. Трэнажор жа дазваляе ўбачыць пэўныя памылкі ў лётчыка на зямлі і пазбавіцца ад іх. Па-першае, эканомяцца грошы і мотарэсурс тэхнікі, а па-другое, гэта таксама ўнёсак у бяспечнасць палётаў. Тут усе дзеянні даводзяцца ледзь не да аўтаматызму. Бывае, што адлік часу ідзе на секунды, і лётчык у такім разе мусіць ведаць, як дзейнічаць у такой вострай сітуацыі. Асабліва калі нешта адбылося з самой тэхнікай.

— Па сутнасці, трэнажор — гэта вылічальны мадэлюючы комплекс, прызначаны для імітацыі палёту канкрэтнага лятальнага апарата, — тлумачыць начальнік комплекснага трэнажора 50-й змешанай авіяцыйнай базы маёр Сяргей Падуздзікаў. — Ён імітуе работу сілавых установак, бартавога абсталявання, фізічныя ўмовы палёту і асаблівых выпадкаў, якія могуць узнікаць у паветры. Уся інфармацыя выводзіцца на маніторы, па якіх і можна кантраляваць увесь працэс з прагонам магчымых сітуацый. На жаль, пакуль у свеце не існуе ўніверсальных трэнажораў, якія могуць мадэляваць некалькі лятальных апаратаў. Усе яны абсалютна розныя па канструкцыі.

Падчас змены перад выкананнем палётаў увесь персанал праходзіць праз медыцынскі агляд.

— Пытаемся, ці ёсць скаргі, колькі гадзін лётчык спаў, чым харчаваўся, вымяраем ціск, пульс, тэмпературу цела, — кажа ўрач па пошукава-выратавальным забеспячэнні, старшы лейтэнант медыцынскай службы Яўген Куневіч. — Пры неабходнасці можам праверыць стан вушэй і горла, каб выключыць сімптомы, звязаныя з дэкампрэсіяй на вялікіх вышынях. Калі там адбудзецца разгерметызацыя, то адбываецца рэзкі перапад бараметрычнага ціску. Ад гэтага можа ўзнікнуць моцны болевы сіндром, што знізіць працаздольнасць лётчыка. У лётнага складу павінны быць вылечаны зубы, з сімптомамі прастуды мы таксама не можам нікога дапусціць да вылету. Адным словам, лётчык мусіць загадзя добра адпачыць, быць здаровым і з добрым настроем.

Побач з урачом — авіяцыйны псіхолаг старшы прапаршчык Аксана Кісель.

— Спецыяльны прыбор вызначае рэакцыю на аб'ект, які рухаецца, а менавіта — спрытнасць і хуткасць. Ёсць методыкі, якія дазваляюць развіць вобразнае мысленне. Напрыклад, сумясціць выразы, патрэніраваць вакамер. Даволі цікавае заданне — рашыць простую матэматычную задачку на логіку.

Увогуле працэдура падрыхтоўкі да пачатку лётнай змены даволі складаная і займае некалькі гадзін. Інжынерна-тэхнічны персанал рыхтуе авіяцыйную тэхніку, падраздзяленні забеспячэння выконваюць падрыхтоўку аэрадрома і ўзлётна-пасадачнай паласы.

Харчавацца лётчыкі могуць толькі ў сталоўцы, для іх вытрымліваецца асобнае меню.

За дзве гадзіны пачынаецца паветраная разведка надвор'я. Самалёт-разведчык удакладняе звесткі ад метэаслужбы на прадмет палётнай бачнасці, краю воблачнасці, правярае стан радыётэхнічных сістэм пасадкі, самой паласы. Затым экіпажы збіраюцца на перадпалётныя ўказанні. Там камандзір ставіць задачу і заслухоўвае ўсіх адказных за правядзенне лётнай змены асоб. Разведчык надвор'я дакладвае сінаптычную абстаноўку. Штурман расказвае, па якіх маршрутах будуць адбывацца палёты і як пройдзе заход на пасадку. Вызначаюцца ўзлётна-пасадачны курс, запасныя аэрадромы. І толькі калі ўсё выканана, гучыць каманда «Па самалётах!».

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Каля 80 тысяч гектараў хваёвых лясоў Беларусі за апошнія тры гады пацярпелі ад высыхання — іх пашкодзіў жук-караед.

Грамадства

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Развітацца з мужам і не помсціць яму, а пачаць новае жыццё.