Вы тут

Інтэрактыўна аб Халакосце. Польскі вопыт у асвятленні Другой сусветнай вайны


Больш за 75 гадоў мы збіраем памяць пра вайну. Над гэтай тэмай працуюць гісторыкі, архівісты, музейшчыкі, пісьменнікі, рэжысёры, мастакі. Сабрана неверагодная колькасць інфармацыі! І даследчыкі працягваюць адкрываць для нас усё новыя дакументы, факты, тэмы. Але што рабіць з гэтымі ведамі? Як падаваць іх новым пакаленням? І што яшчэ мы маглі б сказаць, паказаць, зрабіць? Уласна на пошукі новых сэнсаў, падыходаў мяне падштурхнуў візіт, арганізаваны для беларускіх журналістаў пасольствам Рэспублікі Польшча для азнаямлення з польскім вопытам у асвятленні Другой сусветнай вайны.


На гэтым месцы, каб не трапіць у рукі фашыстаў, лідары Паўстання ў Варшаўскім гета вырашаюць пакончыць жыццё самагубствам.

Падарожжа ў часе

Пад птушыныя спевы вы прабіраецеся праз лес (высокія шкляныя панэлі вельмі падобныя на тэатральную дэкарацыю) і даведваецеся пра легенду, звязаную з першымі паселішчамі яўрэяў на тэрыторыі Польшчы. Так пачынаецца пагружэнне ў тысячагадовую гісторыю. Вы завітаеце ў старажытныя гарады і мястэчкі, зробіце віртуальныя манеты і адбіткі кніжных старонак, як у друкарнях XVII–XVIII стагоддзя, пазнаёміцеся з яўрэйскімі традыцыямі і культурай, пабываеце ў рэканструяванай па старых тэхналогіях драўлянай сінагозе, пазбіраеце чуткі ў карчме, станеце сведкам яўрэйскага вяселля, набудзеце білет на цягнік і здзейсніце падарожжа, апынецеся на міжваеннай яўрэйскай вуліцы, з якой можна завітаць у літаратурную кавярню, паглядзець фільмы, якія ішлі ў кінатэатрах у 30-ых гадах, пад гукі з грампласцінак павучыцца танцаваць танга… І гэта яскравае падарожжа ў часе адбываецца ў музеі, прысвечаным… ахвярам Варшаўскага гета (найбуйнейшага месца зняволення і знішчэння яўрэяў у Еўропе ў Другой сусветнай вайне). У першы год яго існавання ад голаду і холаду тут памерлі дзясяткі тысяч чалавек. Але і ў гэты час за ўзведзенай вакол гета высокай агароджай кіпела культурнае жыццё, адбываліся канцэрты і спектаклі, равіны збіралі людзей на службы, працавалі школы (нягледзячы на тое, што фашыстамі асвета была забаронена). Многія з тых, хто да вайны не хадзіў у кіно і тэатр, аддавалі апошнія грошы, каб хоць на пару гадзін патрапіць у іншы свет, не думаць пра бяду…

Без адзінага цвіка. Адноўлены фрагмент драўлянай сінагогі у музее Роlin.

У 1942 годзе 300 тысяч яўрэяў было вывезена адсюль у Трэблінку і знішчана ў газавых камерах. А тыя, хто яшчэ застаўся, аб’ядналіся ў баявыя арганізацыі, пабудавалі бункеры, і ў красавіку ў Варшаўскім гета пачынаецца паўстанне — найбуйнейшае супраціўленне яўрэяў у Еўропе. Да 80-годдзя гэтай падзеі і быў адкрыты музей Polin (так на іўрыце гучыць назва краіны Польшчы). Канешне, у ім ёсць і экспазіцыя, прысвечаная жахлівым падзеям 40-ых гадоў. І ўсё ж гэты музей розніцца ад іншых устаноў, якія знаёмяць з тэмай Халакосту. Калі праходзіш праз папярэднія яскравыя, насычаныя інтэрактывам і цікавай інфармацыяй залі, акунаешся ў культуру і традыцыі яўрэйскага народа і бачыш, што знішчалася, яшчэ глыбей адчуваеш трагедыю. У 2016 годзе Polin быў прызнаны найлепшым музеем Еўропы.

Яго місія — расповед пра жыццё, а не пра смерць. “Наша галоўная задача — паказаць тысячагадовую гісторыю яўрэйскіх абшчын на тэрыторыі Польшчы”, — заўважае доктар гістарычных навук Артур Маркоўскі. — На падставе яўрэйскай тэматыкі мы спрабуем паказваць, навучаць, размаўляць пра розныя вельмі важныя пытанні і, самае галоўнае, пра талерантнасць. Задача музея Полін — ставіць масты: паміж яўрэйскай гісторыяй і культурай і іншымі, паміж Захадам і Усходам, мы працуем з партнёрамі з Расіі, Беларусі, Украіны”.

Музей з’яўляецца буйным цэнтрам культуры ў краіне, дзе адбываецца багата разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку канцэрты, супрацоўніцтва з тэатрам, мастацкія выстаўкі, абмеркаванні кніг, адукацыйныя праекты, а яшчэ гэта пляцоўка для сустрэч навукоўцаў.

3.	У музее, прысвечаным тысячагадовай гісторыі яўрэяў заўсёды шматлюдна.

Паўтор ці новая тэма?

Але, нягледзячы на тое, што ў Варшаве ўжо працуе шыкоўная ўстанова, якая нагадвае пра трагедыю, што адбылася тут у 40-ыя гады, у горадзе будзе створаны яшчэ адзін музей, прысвечаны тым жа падзеям. Музей Варшаўскага гета размесціцца ў будынку ХІХ стагоддзя, дзе ў міжваенны перыяд дзейнічала яўрэйская бальніца. І калі Полін прысвечаны тысячагадовай гісторыі яўрэяў наогул, то новы музей будзе распавядаць пра выбітных асоб Варшавы. Мясцовыя яўрэі шмат ахвяравалі сродкаў на медыцыну, культуру, адукацыю. Полін пабудаваў экспазіцыі з дапамогай мультымедыйных сродкаў, а ў Музее Варшаўскага гета будзе змешчана многа сапраўдных экспанатаў — дакументаў, архіўных фатаграфій, рэчаў, якія паказваюць штодзённае жыццё…

Наогул экспазіцыі, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай, у польскай сталіцы паказваюцца яшчэ ў Катынскім музеі, музеі Варшаўскага Паўстання, не абмінуць гэтую тэму і ў музеі гісторыі Польшчы, які зараз будуецца. Ці не паўтараюцца ўстановы? Кожная шукае свой падыход да сэрца наведвальніка, розныя формы падачы і новыя тэмы для размовы з гледачом…

Асабістыя рэчы ахвяр у музее Катынскай трагедыі.

Як завабіць моладзь?

Вітрыны, пакрытыя пылам, тапачкі, якія трэба надзець ля ўвахода і ўтаймаванне з думкай, што гісторыя нецікавая моладзі — ці не гэтыя падыходы раней адпужвалі юных наведвальнікаў. Але ў 2004 годзе была здзейснена рэвалюцыя ў музейнай справе — адкрыўся Музей Варшаўскага паўстання, у якім кожны госць быццам ператвараецца ва ўдзельніка падзей— ідзе па разбураных вуліцах, зазірае ў калодзежы і шчыліны, разам з паўстанцамі прабіраецца па падземных камунікацыях, паўсюль знаходзіць лісточкі з адрыўнога календара, у якім распісаны кожны дзень падзей, што адбываліся ў сталіцы Польшчы ў 1944 годзе. “Аповеду мы падпарадкавалі ўсё. Пачалі з распрацоўкі сцэнарыя, каб вызначыць, якія падзеі, якім чынам і ў якой паслядоўнасці хочам расказаць, — расказвае намеснік дырэктара музея Павел Лукейскі. — Гэта рознілася ад класічнага падыходу, калі раней музейшчыкі думалі, як прадставіць пэўныя прадметы. У нас нават аб’екты былі падпарадкаваны сцэнарыю, а таксама фатаграфіі, інфармацыя, святло, музыка. Усё разам павінна расказваць адну гісторыю. Мы хацелі, каб наведвальнік, калі за ім закрываюцца ўваходныя дзверы, аказаўся ў іншым свеце. Наступная істотная змена — стварэнне інтэрактыўнага музея. Не трэба думаць, што інтэрактыўныя элементы — гэта выключна мультымедыйныя. Эфекту пагружэння ў гісторыю можна дабівацца з дапамогай розных сродкаў — гэта могуць быць шуфляды, якія высоўваюцца, пераключальнікі. Па вопыце нашым і калег з іншых краін, мы ведаем, што павінен быць адпаведны баланс паміж аб’ектамі гістарычнымі, фатаграфіямі, арыгінальнымі экспанатамі і мультымедыя. Перавес у бок сучасных тэхналогій можа нашкодзіць. Такія музеі становяцца нецікавымі, бо мультымедыйную выстаўку людзі могуць паглядзець у сябе дома. Да таго ж мультымедыя тэхналогіі дарагія і хутка старэюць. Многім музейшчыкам падавалася, што калі да існуючых выставак дадаць новае абсталяванне, яны зробяць экспазіцыі сучаснымі. Але гэта не так”.

Шляхамі герояў. Музей Варшаўскага паўстання.

Раней існавала думка, што праз некалькі гадоў кожны музей страчвае наведвальнікаў з-за таго, што ён ужо не навінка. Тут жа за 15 гадоў колькасць гасцей ніколі не падала. Нават пачаўся бум у музейнай галіне — пачалі адкрывацца новыя цікавыя і запатрабаваныя гледачамі, асабліва моладдзю, установы. І не трэба баяцца канкурэнцыі, бо заўважана, што калі сёння з якога музея выходзіць задаволены наведвальнік, заўтра ён можа пайсці і ў іншыя…

Натуральна, і беларускія музеі не спяць у шапку, іх работнікі актыўна сочаць за тымі зменамі, што адбываюцца ў музейнай справе. Наведвальнікаў чакаюць інтэрактыў, квэсты, майстар-класы для дзяцей, прэзентацыі і разнастайныя сустрэчы. Сачыце за абвесткамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.