Вы тут

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны


Больш за тры тысячы чалавек заразілася каранавірусам 2019-nCoV, які распаўсюджваецца ў Кітаі. Восем дзясяткаў чалавек ад яго ўжо загінула. Акрамя Кітая, выпадкі заражэння ўжо ёсць у Ганконгу, В'етнаме, ЗША, Тайландзе, Японіі. У Беларусі гэтага віруса пакуль няма. У адзінай шпіталізаванай пацыенткі, якая вярнулася з Кітая з рэспіраторнымі сімптомамі, дыягназ не пацвердзіўся. Што вядома пра гэты вірус медыкам і ці гатовы яны супрацьстаяць, калі той трапіць у Беларусь, расказалі нашы вірусолагі і інфекцыяністы.


Адкуль бяруцца каранавірусы?

Каранавірусы (іх каля 40 відаў) цыркулююць сярод жывёл. Аднак часам яны могуць перадавацца і чалавеку. У прыватнасці, пераносчыкам 2019-nCoV з'яўляюцца кажаны. Увогуле вірусы, якія цыркулююць сярод жывёл, даволі небяспечныя для чалавека, аднак выпадкі перадачы наўпрост вельмі рэдкія. Каб трапіць да чалавека, вірусу патрэбны так званы прамежкавы «гаспадар», і цяпер высвятляюць, якая жывёла паслужыла гэтым перадатачным звяном у выпадку з 2019-nCoV. Праз мяса жывёлы заразіўся чалавек (вядома, што гэта адбылося на рыбным рынку кітайскага горада Ухань, дзе акрамя морапрадуктаў, гандлююць і мясам).

— Каранавірусная інфекцыя знаходзіцца ў чалавечай папуляцыі даўно. Калі яна трапіла да людзей, можна высветліць дзякуючы сучасным тэхналогіям у вірусалогіі. Сам вірус быў выяўлены ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, — расказвае прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук Ігар КАРПАЎ. — Да пачатку 2000-х былі апісаны тры каранавірусы, якія трапілі ад жывёл да чалавека і маглі выклікаць захворванні. У структуры рэспіраторных вірусных інфекцый яны займалі 8—10 %.

Дарэчы, геном віруса «іспанкі», якая ў 1918—1919 годзе забрала жыцці 50 мільёнаў чалавек, быў расшыфраваны толькі ў пачатку гэтага стагоддзя. Лічыцца, што яго крыніцай сталі птушкі. У новым стагоддзі з'явіліся і новыя каранавірусы, якія выклікалі маштабныя эпідэміі. Першая з іх адбылася ў 2003 годзе і вядома як цяжкі востры рэспіраторны сіндром (Sars). Ён узнік у Кітаі, яго перадатчыкам сталі янотападобныя сабакі. У 2012-м з'явіўся бліжнеўсходні рэспіраторны сіндром (Mers). Да чалавека ён трапіў ад аднагорбых вярблюдаў.

— Успышка захворванняў, выкліканых каранавірусам Sars, была ліквідавана і з 2003 года новых выпадкаў не фіксавалася. Захворванні на рэспіраторную інфекцыю, выкліканую вірусам Mers, фіксуюцца і цяпер — пераважна на Аравійскім паўвостраве і ў Саудаўскай Аравіі, — адзначае загадчык лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, кандыдат медыцынскіх навук Наталля ШМЯЛЁВА.

Але дзякуючы напрацаванай сістэме эпідэміялагічных мерапрыемстваў заслону новаму вірусу цяпер удаецца паставіць хутчэй.

— У Кітаі праведзены ўсе мерапрыемствы, каб забяспечыць бяспеку. Рынак у горадзе Ухань закрыты. Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя наведалі Кітай і ацанілі тое, што там адбываецца. Праведзеныя мерапрыемствы атрымалі высокую ацэнку. Было прынята рашэнне не аб'яўляць надзвычайную сітуацыю, — кажа Наталля Шмялёва.

— Першы выпадак заражэння зафіксаваны 31 снежня мінулага года. А ўжо сёмага студзеня быў расшыфраваны геном гэтага віруса, 12 студзеня з яго генатыпам магло азнаёміцца ўсё медыцынскае асяроддзе ў свеце. Зараз вядзецца пошук крыніцы, бо пакуль не ясна, мяса якой жывёлы стала прычынай захворвання, — дадае Ігар Карпаў.

Хто ў групе рызыкі і як лячыць інфекцыю?

Беларусь таксама атрымала рэкамендацыі па выяўленні новага віруса, ёсць і тэст-сістэмы для дыягностыкі. А вось спецыфічных лекаў ад каранавіруса, на жаль, не існуе.

— Этыятропнага лячэння няма. Але хворыя павінны атрымліваць дэзінтаксіцыйную тэрапію, рэспіраторную падтрымку, прымаць гарачкапаніжальныя і абязбольвальныя сродкі. Акрамя таго, неабходна лячэнне магчымых ускладненняў. Асаблівай клінічнай карціны такая вірусная інфекцыя не мае. Гэта катаральныя сімптомы і пад'ём тэмпературы, але інфекцыя можа працякаць і без высокай тэмпературы. Пры гэтым назіраюцца насмарк, кашаль, магчымы кан'юнктывіт (запаленне слізістай абалонкі вока), дыярэйныя ўскладненні. І тут важна разумець алгарытм дзеянняў. Калі вы прыехалі з-за мяжы, у тым ліку з Кітая, і ў вас з'явіліся рэспіраторныя сімптомы, вы павінны звярнуцца па медыцынскую дапамогу і паведаміць урачу, з якой краіны прыехалі. Да такіх хворых павышаная ўвага, да атрымання вынікаў лабараторных аналізаў яны падлягаюць ізаляцыі, — тлумачыць Ігар Карпаў.

Але ёсць і добрыя навіны. Каранавірус 2019-nCoV мае нізкую ўстойлівасць у навакольным асяроддзі (таму атрымліваць пасылкі з Кітая не забараняецца) і перадаецца не так лёгка, як грып, — пераважна толькі пры блізкім кантакце з хворым: у прыватнасці, вядомыя выпадкі заражэння сярод медперсаналу пры доглядзе хворых пацыентаў, таксама можна заразіцца, калі дома хварэе хтосьці з блізкіх. Меры прафілактыкі гэтага захворвання такія ж, як і іншых рэспіраторных інфекцый: захоўваць чысціню рук і рэспіраторны этыкет.

— Першыя 17 чалавек, якія пайшлі з жыцця ад каранавіруснай інфекцыі ў Кітаі, былі старэйшыя за 60 гадоў і мелі шэраг цяжкіх спадарожных хвароб, — падкрэслівае Ігар Карпаў.

Каранавірус можа выклікаць такое ўскладненне, як пнеўманія.

— Асноўную сімптаматыку вірус выклікае з боку дыхальных шляхоў. У тым ліку можа здарыцца вірусная пнеўманія. Яна ў большай ступені магчымая ў людзей з аслабленым імунітэтам і адрозніваецца ад бактэрыяльнай. Але вірусная інфекцыя, выкліканая 2019-nCoV, робіць шмат шуму не столькі з-за ўскладненняў, колькі ад таго, што вірус выйшаў у чалавечую папуляцыю нядаўна. Любое новае захворванне выклікае трывогу і мае патрэбу ў назіранні, — звярнуў увагу Ігар Карпаў.

Не такі заразны, як грып

Яшчэ адна добрая навіна — з часам вірус траціць сваю моц. І калі і застаецца сярод тых, што сезонна цыркулююць на той ці іншай тэрыторыі, то выклікае няшмат захворванняў.

— Нават калі чалавецтва сустракаецца з віруснай пандэміяй, спачатку ўзбуджальнік сапраўды дамінуе над усімі астатнімі. Але з часам ён траціць сваю вірулентнасць — небяспечныя ўласцівасці. І цыркулюе або на асобнай тэрыторыі, або ў пэўны сезон, або выклікае мінімальны працэнт захворванняў, — заключыў эксперт.

У Беларусі пакуль няма вялікага пад'ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. У кантрольных гарадах яе узровень на 46 % ніжэйшы, чым у гэты перыяд летась.

— У такі перыяд мы звычайна назіраем рост, бо дзеці вяртаюцца з зімовых канікул. Сёлета рост нязначны. Паказчыкі захваральнасці ніжэйшыя і ў дзяцей, і ў дарослых, — паведаміла намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ. — Заканамерна, што інфекцыі выклікаюць не грыпозныя ўзбуджальнікі. На мінулым тыдні выяўляліся асобныя выпадкі грыпу тыпаў А і В. Праведзеная вакцынацыя паспрыяла такому нізкаму ўзроўню захваральнасці.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Вірус з «Каронай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».