Вы тут

У Гомелі ўпершыню прайшоў хакатон сацыяльных праектаў


ІT-бізнес і органы мясцовай улады — у адной камандзе па стварэнні новых формаў камфортнага жыцця. У Гомелі ўпершыню прайшоў хакатон сацыяльных праектаў.


ЕРАM Еngіnееrіng Jаm, ці проста «Джэм», — форум праграмістаў-валанцёраў. Галоўная яго ідэя — стварэнне бясплатных інтэрнэт-прадуктаў, закліканых зрабіць больш камфортным ці прасцейшым жыццё грамадзян. Вядомая кампанія — вытворца праграмнага забеспячэння, якая мае за плячыма вопыт арганізацыі падобных мерапрыемстваў у Мінску, абрала месцам правядзення чарговага хакатона-2020 менавіта Гомель.

— Супрацоўнікі нашай кампаніі выйшлі з ініцыятывай да кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама і прапанавалі зрабіць што-небудзь карыснае для горада і вобласці, — адзначае дырэктар гомельскага офіса ЕРАM Сяргей Агеенка.

Ініцыятыву па новым фармаце работы падтрымаў старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей. Ён падкрэсліў, што ініцыятыва кампаніі — добры ўнёсак у развіццё канцэпцыі разумнага горада і бяспечнага пражывання ў ім:

— Ваш інтэлект, ідэі ў вырашэнні тых ці іншых праблем, высокі патэнцыял у спалучэнні з прафесіяналізмам дазволяць эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы на аснове сучаснай думкі і новых тэхналогій. Карысныя і інавацыйныя прапановы будуць падтрыманы аблвыканкамам.

Камандны прадукт

Бізнес і органы ўлады разам вызначылі праблемнае поле — вузкія сацыяльныя кірункі, у якіх вельмі неабходна дапамога праграмістаў. Так пачалася работа.

Месцам правядзення хакатона абралі Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф. Скарыны. І невыпадкова. У ГДУ толькі летась амаль палова выпускнікоў факультэтаў са спецыяльнасцямі ІT-кірункаў размеркавалася ў кампанію-рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Ва ўніверсітэце днямі адкрылася і абноўленая ёю лабараторыя для студэнтаў.

Удзельнікаў першага хакатона шукалі праз інтэрнэт-прастору. Арганізатары запрасілі як студэнтаў, так і дзеючых праграмістаў. Унікальны вопыт каманднай работы, магчымасць заявіць пра сябе, пакінуць карысны ўласна створаны сайт ці праграму і не застацца без каштоўнага прыза — гарантаваліся.

Урэшце першы гомельскі ІT-фэст аб'яднаў больш за 50 удзельнікаў з Беларусі і Расіі, якія падзяліліся на 10 каманд. На дапамогу прыйшлі і эксперты — прадстаўнікі валанцёрскіх аб'яднанняў, турыстычнай супольнасці Гомеля, супрацоўнікі ДАІ, юрысты.

Працавалі па чатырох вызначаных праектах: турыстычны даведнік па Гомельскай вобласці, база даных бадзяжных жывёл, навігатар для школьнікаў і праграма для заяўкі на адвакацкую дапамогу. На выкананне праектаў былі адведзены два дні з перапынкамі на сон, адпачынак і харчаванне.

— Не ставілася задача за гэты тэрмін здаць поўнасцю гатовы прадукт, — растлумачыў адзін з арганізатараў Сяргей Кобзеў. — Трэба было зрабіць план-мінімум — аснову будучых праграм з арыгінальнай канцэпцыяй і напаўненнем рэсурсу. Работа ў іх павінна быць зручная для людзей рознага ўзросту і рознай ступені камп'ютарнай адукаванасці. Таксама праграмы павінны падтрымліваць розныя мовы.

Хто перамог?

У журы ўвайшлі эксперты ІT-сферы і ГДУ імя Ф. Скарыны. Па выніках прэзентацыі праектаў пераможцамі названыя адразу дзве каманды: каманда ГДУ імя Скарыны з прататыпам праграмы для бяспечнага перамяшчэння дзяцей у горадзе і каманда, якая працавала над турыстычным даведнікам па Гомельскай вобласці.

Прадукт па бяспецы дазваляе аднаму з бацькоў стварыць са свайго тэлефона пешы маршрут, які адлюстроўваецца на тэлефоне дзіцяці, і бачыць яго месцазнаходжанне. Пры набліжэнні да месцаў павышанай небяспекі (пешаходныя пераходы, чыгуначныя пераезды) праграма аўтаматычна выключае музыку і часова абмяжоўвае доступ да іншых «цацак» у дзіцячым тэлефоне, а на экран выводзіцца апавяшчэнне з просьбай звярнуць увагу на дарогу і паглядзець па баках.

Турыстычны даведнік — гэта мабільная праграма з адлюстраваннем метак з цікавымі месцамі на карце. Кожная пазнака ўтрымлівае панарамны фотаздымак, запланавана і падтрымка віртуальнай рэальнасці.

Прыз глядацкіх сімпатый атрымала каманда, якая распрацоўвала вэб-рэсурс для атрымання адвакацкай дапамогі. Ён дапамагае зрабіць юрпаслугу больш даступнай і аператыўнай за кошт зручнага інтэрфейсу. У прадукце прадугледжана некалькі роляў: асабісты кабінет як для адваката, так і для кліента. Можна падаць заяўку на атрыманне юрыдычнай дапамогі непасрэдна на сайце і чакаць зваротнай сувязі ад спецыяліста. Плануецца ўкараніць створаны прадукт на базе Гомельскай абласной калегіі адвакатаў.

Кожны ўдзельнік камандаў-пераможцаў атрымаў прыз: сертыфікат на 200 рублёў у краму электронікі. Прыз глядацкіх сімпатый — 100 рублёў для кожнага члена каманды.

Работа працягнецца

Што будзе далей з пакуль што «сырымі» прадуктамі? На гэтае пытанне прадстаўнікі кампаніі адказалі так: усе расходы па дапрацоўцы найлепшых праектаў яны бяруць на сябе і пасля бясплатна перададуць іх для карыстання. У сваю чаргу, аблвыканкам гатовы аказваць дапамогу ў распрацоўцы: фінансаваць і ўсяляк прасоўваць інавацыі. У планах зрабіць сацыяльны хакатон у Гомелі традыцыйным і праводзіць яго два разы на год.

Дарэчы, праекты, створаныя на сацыяльных хакатонах у Мінску, завяршаюцца. Гэта праграма па кальцаванні птушак для НАН, сістэма вывядзення з-пад агню пажарных для МНС, чат-бот для трэкінгу пасылак для «Белпошты», рэсурс па выкліку сантэхніка на дом для Мінгарвыканкама, рэсурс па супраціўленні булінгу для падлеткаў, контурныя карты для школ і многія іншыя.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: «Лічба» дапаможа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».