Урачыста і велічна прайшло асвячэнне дамавога храма Барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар свяціцеля Савы, першага архіепіскапа Сербскага. Ганаровае месца ў гэтым невялікім светлым храме заняла ікона святога Савы, якую перад пачаткам богаслужэння перадалі ў дар па блаславенні Патрыярха Сербскага Ірынея. Пасля малебну архіпастыр Сербскай праваслаўнай царквы епіскап Маравіцкі Антоній таксама паднёс у дар храму камплект літургічных сасудаў.
Абраз з выявай свяціцеля — гэта дакладная копія фрэскі з манастыра Мілешава, створанай у гонар 800-годдзя Сербскай праваслаўнай царквы.
Шанаванне святога Савы на Белай Русі мае глыбокія гістарычныя карані. Гэтага свяціцеля згадвае Францыск Скарына ў календары «Малой падарожнай кніжыцы» (1522) у ліку самых значных славянскіх святых, а Захарыя Капысценскі ў сваім трактаце «Палінодыя» (1621) называе яго ўзорам для пераймання.
— Для епіскапскага служэння ў сучасных умовах асабліва важныя не толькі прыклад вялікага святога Савы, але і яго нябеснае заступніцтва і дапамога, якія будуць асабліва адчувальныя, калі яму будуць прыносіцца пастаянныя малітвы ў асвячоным храме ў яго гонар, — лічаць у прэс-службе епархіі.
— Прыклад святога Савы, плады яго падзвіжніцкай і духоўна-асветніцкай дзейнасці не абмяжоўваліся межамі святой гары Афон і Сербіі. Яны аказалі істотны ўплыў на ўвесь праваслаўны свет ад Грэцыі да Маскоўскай Русі. Шанаванне святога на тэрыторыі сучаснай Беларусі зацвердзілася ў ХV—ХVІ стагоддзі, — расказаў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.
Богаслужэбныя песнапенні на сербскай мове выканаў дзіцячы хор кафедральнага сабора Уваскрэсення Хрыстова горада Барысава пад кіраўніцтвам рэгента Ксеніі Качаноўскай. Пропаведзь перад прычасцем прачытаў свяшчэннік Ігар Васько.
На богаслужэнні прысутнічаў і маліўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велько Кавачавіч. Як адзначыў ён, асвячэнне прастола дамавога храма ў гонар святога Савы Сербскага стала яшчэ адным унёскам ва ўмацаванне духоўнага адзінства двух праваслаўных народаў. Гэта асабліва значна цяпер, калі паміж Сербіяй і Беларуссю імкліва развіваюцца палітычныя і эканамічныя стасункі. Такія мерапрыемствы сведчаць пра тое, што нашы краіны не толькі развіваюць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, але і з'яўляюцца братэрскімі.
Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін падзякаваў епіскапу Антонію за архіпастырскі візіт і ў памяць аб сумеснай малітве паднёс ікону Ефрасінні Полацкай. Ён таксама ўдастоіў архіерэйскіх грамат беларускага прафесара Івана Чароту і сербскага праваслаўнага публіцыста Ранка Гойкавіча, які браў удзел у верасні ў Дні беларускага пісьменства і друку і які прывёз у дар ад Сербскай Патрыярхіі ікону святога Савы.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.