Вы тут

Як будзе развівацца АПК Віцебшчыны? Абмяркоўвалі на нарадзе ў Прэзідэнта


Якім чынам выпраўляецца сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці, прадстаўнікі ўлады далажылі Аляксандру Лукашэнку сёння на нарадзе аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай працы АПК. Мерапрыемства было анансавана ў канцы мінулага года.


Па словах Прэзідэнта, сёння неабходна канчаткова разгледзець прапановы па выпраўленні сітуацыі ў АПК Віцебшчыны. На яго думку, праблемы, якія абмяркоўваюць, характэрны для ўсіх абласцей: «Не думаю, што ў Гомельскай вобласці і палове Магілёўскай вобласці гэтыя праблемы адсутнічаюць».

З моманту абмеркавання гэтага праблемнага пытання (нарады ў Віцебку) прайшло два месяцы. Тады прысутныя на сустрэчы дамовіліся, у якім кірунку будуць дзейнічаць і якія меры неабходна зрабіць. Канкрэтныя даручэнні былі дадзены пэўным дзяржаўным служачым і кіраўнікам вобласці. Сёння — час заслухаць, як рэалізаваны канцэптуальныя прапановы і рашэнні, якія тады дасягнулі.

Першыя пытанні, зададзеныя Прэзідэнтам, — якія меры прапануюцца і якія выпрацаваны мадэлі фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў і, галоўнае, што гэта дасць у выніку?

«Як мяне інфармуюць, у прадстаўленых да нарады матэрыялах асноўны ўпор пакуль зроблены на меры дзяржаўнай падтрымкі. Калі гэта адзінае, з чым вы сюды прыйшлі, то мы дарма страцім час. Але я не думаю, што вы прыйшлі толькі з гэтым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што пытанне не столькі ў грошах, колькі ў тым, ці зробленыя сур’ёзныя высновы па ўсіх шлейфах праблем?

Ці ёсць вывераныя вытворчыя і фінансавыя планы? Як будзе наведзены парадак у гаспадарчай дзейнасці і ці ведае кіраўнічая вертыкаль Віцебшчыны, што ёй рабіць далей — задаў пытанні Прэзідэнт прысутным.

«Памятаеце, я вам гаварыў, што да гэтай нарады вы павінны ўзварушыць усе сельскагападарчыя прадпрыемствы — калгасы і саўгасы. Будзем казаць па-старому, каб усім было зразумела. Дамоўцеся з механізатарамі і даяркамі. Я ўжо не кажу пра кіраўнікоў гэтых гаспадарак. Складзеце дамовы, створыце пэўнае максімальнае напружанне зверху да нізу», — даў даручэнні Прэзідэнт і папярэдзіў: калі дзяржава зробіць адпаведныя крокі ім насустрач, то прыйдзецца працаваць так, каб не толькі вярнуць даўгі, але і вывесці прадпрыемствы на бясстратную работу.

Так, людзей неабходна прымусіць працаваць, але каб патрабаваць ад рабочых, неабходна плаціць нармальныя заробкі. А тым, хто імкнецца зарабіць больш, каб накарміць вялікую сям’ю, — неабходна дапамагчы.

Прэзідэнт пацікавіўся, як гэтая праблема вырашаецца ў планах і чым разлічваюць не толькі ўтрымаць людзей на вёсцы, але і прыцягваць новых, высакакласных спецыялістаў?

Па кожнаму з пастаўленых пытанняў павінен далажыць Мікалай Шарснёў як старшыня аблвыканкама. Ад віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дворніка чакаўся сістэмны погляд на пытанне, наколькі эфектыўныя прапанаваныя меры, ці здольныя яны рэальна палепшыць сітуацыю і зрабіць працу аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці ўстойлівай.

Але галоўнае пытанне да ўсіх — ці атрымалася ва ўрада і Віцебскага аблвыканкама выпрацаваць універсальныя меры, якія можна ўжываць у іншых рэгіёнах краіны? Таму на нараду запрошаны кіраўнікі найбольш адстаючых раёнаў.

Анатоль Хацько як галіновы міністр дакладваў аб кадравым баку пытання.

«Калі мы пойдзем на абнаўленне арганізацыйнай сферы АПК вобласці, то дзе возьмем спецыялістаў? Ці ёсць яны ў вас? Мы даўно казалі, што нам неабходна Віцебскую вобласць істотна ў сельскай гаспадарцы мадэрнізаваць. Але ніводны з урадаў далей за размовы не пайшоў», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, мадэрнізацыя павінна быць па галоўным кірунку — што будзем вырабляць у Віцебскай вобласці, зоне крытычнага земляробства. «Галоўнае, што зроблена правільна ў Віцебскай вобласці, што мы пайшлі аб патрабаванняў, ад перапрацоўшчыкаў. Уключылі ў холдынгі калгасы і саўгасы. Калі ласка, дайце нам малако і мяса. Калі яны не разумеюць, колькі, давядзіце да іх, як у савецкія часы, заданні, планы, прагнозы, што заўгодна, але давядзіце да іх тыя аб'ёмы, якія яны павінны выдаць перапрацоўчым прадпрыемствам, і хай выконваюць. Планы павінны быць напружанымі настолькі, каб забяспечыць сваю гаспадарчую дзейнасць і вярнуць даўгі».

Ён параіў, калі вытворцы не разумеюць, давесці да іх пэўныя аб’ёмы, якія павінны выдаць перапрацоўшчыкам: «Планы павінны быць настолькі напружаныя, каб забяспечыць сваю гаспадарчую дзейнасць і вярнуць даўгі. Размовы аб спісанні даўгоў быць не можа».

Пры Віцебскім аблвыканкаме плануецца стварыць арганізацыю па кіраванні даўгамі

Разам з урадам выпрацаваны і ўзгоднены з вышэйшымі службовымі асобамі праект указа аб развіцці аграпрамысловага комплекса Віцебскай вобласці.

У рамках указа прапануецца стварыць сем аб’яднанняў на базе перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці: Віцебскі мясакамбінат, Глыбокскі малочна-кансервавы камбінат, Полацкі малочны камбінат, Аршанскі мясакамбінат, Віцебскі малочны завод, Верхнядзвінскі масласырзавод, Пастаўскі малочны завод. У іх таксама ўвойдуць перапрацоўчыя, абслугоўваючыя і гандлёвыя прадпрыемствы.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі аб’ядноўваюцца ў сыравінныя зоны перапрацоўчых прадпрыемстваў. Такія зоны ствараліся і раней, пачынаючы з савецкіх часоў. Адрозная рыса новых — акрамя разлікаў за атрыманую сыравіну, кіраўніцтва перапрацоўчых прадпрыемстваў, па словах Мікалая Шарснёва, будзе займацца іх развіццём і несці адказнасць за абнаўленне матэрыяльнай базы, аказваць фінансавую, тэхналагічную і практычную дапамогу.

Пры гэтым роля старшыні райвыканкамаў не зменшыцца, запэўніў старшыня аблвыканкама. «У іх з’явяцца дадатковыя фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы для развіцця сельгасарганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. У іх функцыі нязменна ўваходзіць кіраванне прадпрыемствамі, кадравая палітыка, забеспячэнне выканання вытворчых паказчыкаў, бясстратная работа арганізацый», — удакладніў ён.

Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, які з’яўляецца ўласнікам маёмасці галаўных арганізацый аграпрамысловага аб’яднання, прызначаюцца прадстаўнікі дзяржавы з ліку работнікаў аблвыканкама, асноўнымі функцыямі якіх будзе вызначэнне стратэгіі развіцця, павышэнне эфектыўнасці сістэмы кіравання, кадравая палітыка.

У якасці мер фінансавага аздараўлення праектам указа прапануецца частку даўгоў (запазычанасць перад бюджэтам, фондам сацыяльнай абароны насельніцтва і інш.) перадаць арганізацыі па кіраванні даўгамі з далейшай растэрміноўкай і адтэрміноўкай. Такую арганізацыю прапануецца стварыць пры аблвыканкаме. «Для пагашэння гэтых даўгоў сельгасарганізацыям прапануецца адлічаць адзін працэнт ад выручкі, перапрацоўчым — тры працэнты», — паведаміў кіраўнік вобласці.

Лукашэнка: На Віцебшчыне ў эканоміцы павінна быць жорсткая дысцыплінарная і тэхналагічная дыктатура

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Віцебскай вобласці прымушалі садзіць зерне, кукурузу, але разабраліся ў памылковасці шляху. Больш мэтазгодна існаванне арганізацый-інтэгратараў, якія ствараюць для вытворцаў запыт на прадукцыю. А садзіць будуць у рэгіёне зерневыя культуры на кармы, якія неабходны для вытворчасці мяса і малака. Ён нагадаў, што ў савецкія часы патрабаванні да вытворцаў прадукцыі былі куды больш жорсткія.

Да 2025 года неабходна стварыць звыш аднога мільёна тон малака для поўнай загрузкі малочных перапрацоўчых заводаў пры сярэднім ўдоі на карову 5500 кілаграмаў. То бок за пяць гадоў прырасці на 1500 кілаграмаў, што рэальна.

«У гэтым годзе, можа, нават і ў наступным, подзвігі мы будзем здзяйсняць з тымі людзьмі, якія ў нас ёсць, і на той базе, якая ў нас сёння створана ў Віцебскай вобласці», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, арыентуючы дзяржслужачых на працу па аднаўленні гаспадарак — машынных двароў, зернятокаў, комплексаў ферм, працоўнай дысцыпліны.

Па меркаванні Прэзідэнта, сёння на Віцебшчыне ў эканоміцы павінна быць «жорсткая дысцыплінарная і тэхналагічная дыктатура». Неабходна памятаць і пра вяртанне даўгоў — хоць па капейцы, але пастаянна.

Гаворка аб спісанні даўгоў ісці не павінна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў наладзіць эфектыўную работу прадпрыемстваў АПК Віцебскай вобласці, запэўніўшы, што спісання даўгоў для іх не будзе.

«Гаворка аб спісанні даўгоў ісці не павінна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Доўг плацяжом добры. Вярніце даўгі. Можна абмяркоўваць толькі тое, што мы вам дадзім нейкую аддушыну, каб вы маглі глынуць свежага паветра».

Паводле слоў прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, аграпрамысловы комплекс вобласці назапасіў даўгоў на Br3 млрд. Спецыялісты прапрацоўвалі розныя варыянты, што рабіць з гэтай запазычанасцю, але да адзінага рашэння пакуль не прыйшлі. Патрабаванне Прэзідэнта адно: так ці інакш грошы павінны быць вернутыя.

«Пры ўсёй макраэканамічнай стабільнасці ў нас праблем хапае ў эканоміцы, таму трэба зыходзіць з гэтага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ці пакідайце гэтыя даўгі ў калгасах і саўгасах (мы іх адтэрмінуем, і банкі будуць на іх у перыяд адтэрміноўкі нармальна глядзець, а не каэфіцыенты лічыць), ці ж мы перададзім гэтыя даўгі галаўному прадпрыемству, ці ж акумулюючы ў агенцтве (сярод прапаноў — стварыць арганізацыю па кіраванні даўгамі. — Заўвага БЕЛТА)».

Кіраўніку дзяржавы было прапанавана зрабіць «тэхнічную расчыстку» балансаў прадпрыемстваў, каб у іх на балансах не лічылася даўгоў. Гэта дазволіць аўтаматычна палепшыць каэфіцыенты плацежаздольнасці прадпрыемстваў, яны стануць больш прывабнымі пазычальнікамі.

«Прапрацоўваецца пытанне (калі гэта магчыма) у агенцтва сканцэнтраваць даўгі, — сказаў Прэзідэнт. — Але абавязкова яны (прадпрыемствы. — Заўвага БЕЛТА) хоть па цэнце, па рублю павінны плаціць. Няхай гэты год мы ім скажам: давайце паглядзім, як будзеце працаваць, чапаць не будзем. Ад 1 студзеня наступнага года яны хоць рубель павінны плаціць, яны павінны ведаць, што па даўгах трэба разлічвацца, ніякага спісання!»

Прэзідэнт таксама асобна спыніўся на прапанаванай у праекце кадравай палітыцы. Ён выказаў сумнене ў эфектыўнасці найму кіраўніка сельгасарганізацыі з боку галаўнага прадпрыемства. 

«Ёсць кіраўнік — ёсць прадпрыемства, — падкрэсліў ён. — Асабліва на сяле. Вы яго зараз выдзіраеце адтуль, прымаеце на работу, скажам, на Віцебскім мясакамбінаце і даяце яму паперку: будзеш па даверанасці кіраваць. Дык ён скажа вам: „Дзякуй. Я там працую, а не тут“. Псіхалагічна. Не разумею, навошта вы тут юрыдычную казуістыку прапануеце». 

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што паўнамоцтвы кіраўнікоў раёнаў ні ў якім разе не павінны быць ушчамлёныя, бо раён і, перш за ўсё, сельгаспрадпрыемствы — іх прамая адказнасць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: калі старшыня райвыканкама не здолее напружыць усіх, ад заатэхнікаў, інжэнераў да кіраўнікоў сельгасарганізацый, ніякія дадатковыя фінансавыя структры па рэструктурызацыі пазык не дапамогуць. 

«З вас будзе попыт жалезны, — звярнуўся ён да прадстаўнікоў гэтага звяна выканаўчай улады. — Вы ж не думайце, што пройдзе год і вы зноў прыйдзеце і даложаце, што малака трохі больш стала, а вынікаў фінансавых няма. Нам не патрэбны такія вынікі. Нам і без Віцебска малака сёння хапае. Пытанне — у выратаванні вобласці і сялян. А каб іх выратаваць, іх трэба там аб’яднаць і прымусіць працаваць. І заплаціць ім грошы. І сказаць: вось малако і мяса, якія мы павінны абавязкова на галаўное прадпрыемства паставіць».

«Мы вызначыліся, што ў Віцебскай вобласці робім мяса і малако, — нагадаў спецыфіку рэгіёна Аляксандр Лукашэнка. — На зерне там нельга налягаць. Мільён тон атрымалі — гэта для камбікармоў. Паўтара мільёны атрымаеце — добра. Але там трэба на травах спецыялізавацца. Даўно ўжо вучоныя нас да гэтага схіляюць. Мы вызначыліся: вырошчваем на зямлі кармы, каб мець малако і мяса».

Міхаіл Русы запэўніў Прэзідэнта, што структура кіравання вобласцю не будзе змененая: «Упершыню адміністратыўна замацоўваем сыравінныя зоны. Усе гаспадаркі будуць прымацаваныя да перапрацоўчага прадпрыемства. Іх задача — забяспечыць апошнія сыравінай, каб атрымаць дадактовы прыбытак. Задача кіраўніка галаўной арганізацыі разам са старшынёй райвыканкама — нарасціць вытворчасць, стварыць тэхналагічныя групы, навесці парадак у абсталяванні, кантролі. І адсочваць бізнес-план па стварэнні кармавой базы». 

На нарадзе падрабязна абмяркоўвалася пытанне тэхнічнай ачысткі рахункаў. Прэзідэнт выказаў сумненні ў мэтазгоднасці стварэння новай фінансавай структуры, тым не менш выслухаў усіх: ад намесніка сваёй Адміністрацыі да акадэміка.

На думку намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Дворніка, для вывядзення АПК рэгіёна на траекторыю ўстойлівага развіцця Віцебскаму аблвыканкаму трэба выканаць чатыры ключавыя ўмовы: падабраць кадры на пасады аграпрамысловых аб’яднанняў, забяспечыць кіраванне доўгам АПК, забяспечыць жорсткі дыктат тэхналогій і пазбегнуць новых крэдытаў.

Прэзідэнт загадаў праверыць інфармацыю міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько аб мэтавым накіраванні ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю выпускнікоў профільных класаў Віцебскай вобласці. А самому міністру параіў паехаць у адну з вясковых школ, паразмаўляць там з маладымі людзьмі і настаўнікамі і запрасіць выпускнікоў на вучобу ў профільныя навучальныя ўстановы.

Што датычыцца прапановы аб даплаце маладым спецыялістам, то яна можа быць не з рэспубліканскага бюджэту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, а з рэгіянальнага. А яшчэ лепш — са спецыяльна створанага, з дапамогай спонсараў, фонду. 

«Я супраць даплат, — заўважыў пры гэтым Прэзідэнт. — Зарплату ўстанавіце нармальную і будзеце пералічваць гэтаму калгасу-саўгасу энную суму на заробак кіраўніку і спецыялістам». 

Рэспубліканскі бюджэт не павінен быць крыніцай сродкаў для рэалізацыі ўказу ні ў якіх выпадках, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. 

«Што тычыцца жылля, гэта найважнейшае пытанне і для іншых, — спыніўся на наступным пункце абмеркавання Прэзідэнт. — У вас усюды ёсць аграгарадкі. У гэтых аграгарадках для кожнага спецыяліста, для пачатку — галоўнага, павінен быць пабудаваны дом». 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў замаўляць такія дамы ў Шклове. «Вось тут плячо падставім, — паабяцаў ён. — Але гэта павінна быць жыллё па месцы — у аграгарадку, бо ў спецыяліста ёсць дзеці, а гэтыя дзяцішкі павінны пайсці ў дзіцячы садок, а потым — у школу».

Яшчэ адна прапанова — дазволіць маладым спецыялістам права на вайсковую службу ў рэзерве. Лідар дзяржавы паабяцаў прапрацаваць яе, заўважыўшы, што хлопцы, якія працуюць на сяле, усё роўна ў абавязковым парадку павінны прайсці вайсковую падрыхтоўку.

Яшчэ адно даручэнне кіраўніка дзяржавы — вырашыць пытанне з дазволам на атрыманне правоў кіроўцы аўтатранспартам выпускнікам сельскіх школ, якія атрымалі адпаведную падрыхтоўку, але не дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

Напрыканцы нарады Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з людзьмі, якіх прапанавалі на пасады кіраўнікоў новых аб’яднанняў, падкрэсліўшы, што гэта будзе цяжкая і надзвычай адказная праца, і важна, каб яны самі хацелі праявіць сябе на ёй.

Грашовыя сродкі трэба сканцэнтраваць на галоўных напрамках, падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

«А галоўны напрамак сёння — падрыхтавацца да вясновай сяўбы. Трэба сёння таксама займацца племянной справай у жывёлагадоўлі. Старшыням райвыканкамаў мой наказ — калі бачыце, што ў гаспадарках не хопіць кармоў, але ёсць жывёла, перакіньце яе туды, дзе яна не загіне і дасць прывагу, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба разварушыць вобласць. Старшыня райвыканкама з заўтрашняга дня ўвогуле не павінен спаць, вобразна кажучы». 

На нарадзе прынята рашэнне дапрацаваць праект указу цягам двух тыдняў. 

«Мужыкі, я вас вельмі прашу: зразумейце сур’ёзнасць моманту. Грошай лішніх няма. Ідзе барацьба не на жыццё, а на смерць: або мы патонем, або застанемся на плаву. Але ў нас ёсць усё, каб нармальна плыць і не патануць. Мы павінны гэта вытрымаць. Усё залежыць ад вас там, на месцах. Калі Віцебская вобласць выплыве, то Магілёўская і Гомельская дакладна не памрэ. Мінскай і бог загадаў. Астатнія больш-менш працуюць, — такімі словамі завяршыў нараду Прэзідэнт. — Галоўнае пытанне — не адцягвайце ўвагу на размовы пра рынкі, фінансы. Будуць фінансы, калі будзе дысцыпліна тэхналагічная і людзі будуць працаваць. Прымусьце ўсіх працаваць!»

У 2019 годзе ў Віцебскай вобласці налічвалася 185 стратных арганізацый без дзяржаўнай падтрымкі. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць арганізацый сельскай гаспадаркі на 1 снежня складала каля 60 мільёнаў рублёў, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць — 480 мільёнаў. Запазычанасць па крэдытах і пазыках — 652 мільёны рублёў.

Намінальны налічаны сярэднямесячны заробак работнікаў, якія занятыя ў сельскай гаспадарцы, летась склаў 687 рублёў, пры гэтым каля 40 працэнтаў работнікаў сельскай гаспадаркі атрымлівалі заробак ніжэй за 500 рублёў.

У 2019 годзе перапрацоўчым прадпрыемствам вобласці ўдалося выйсці на бясстратную работу. Колькасць стратных прадпрыемстваў скарацілася з 15 да 11, сума іх чыстых страт скарацілася амаль удвая.

На пачатак мінулага снежня перапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебшчыны мелі 210 мільёнаў рублёў пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці. Агульная сума запазычанасці па крэдытах і займах — 1,3 мільярды рублёў (60 працэнтаў сумарных даўгоў прадпрыемстваў).

Сальда знешняга гандлю вобласці станоўчае, але яго памер з году ў год скарачаецца (у 2013 годзе — 334 мільёны долараў, за 11 месяцаў 2019 года — 98 мільёнаў).

Марыя ДАДАЛКА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА і паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?