Вы тут

Уласнымі ключамі


У цяжкай, з усіх бакоў абмеркаванай, але так і недаабмеркаванай тэме разумення паэзіі ёсць і такое спрэчнае пытанне: ці варта аўтару тлумачыць, што ён меў на ўвазе, раскрываць сутнасць вобразаў, ды і ўвогуле разжоўваць чытачам сэнс твора? Яно непазбежна ўсплывае тады, калі з’яўляецца кніга паэзіі, дапоўненая раздзелам «каментары», у якім не слоўнік свамовы, не даведка па гістарычных падзеях і не эксперымент кшталту «Уліса» (чамусьці перанесенага ў вершы). Хаця не. У выпадку са смелым паэтычным творам, які б узяўся паўтараць джойсаўскія эксперыменты, пытанне ўзнікла б таксама.


Так ці інакш, кніга паэзіі, дапоўненая раздзелам «каментары», у нас ёсць. Гэта леташні зборнік «лірыкі з каментарамі» Алеся Бадака «Развітанне з вечнасцю». Аўтар твораў, якія хаваюцца пад мінімалістычна аформленай срэбнай вокладкай, вядомы і дасведчаны. Складана ўявіць, што яму магло б не ставаць кантакту і камунікацыі з чытачом. Таму ёсць меркаванне, што каментары нясуць больш глыбокую функцыю ў структуры кнігі. Але да іх пазней. Найперш ідуць самі вершы, так што да іх і звернемся.

Вершы, змешчаныя ў кнізе, з большага раскрываюць звыклыя для паэзіі тэмы, пададзеныя з нязвыклай пазіцыі, якую можна атаясамліваць калі не з жыццёвай філасофіяй аўтара, то хаця б з яго творчым метадам. Сутнасць у тым, што любоў да Радзімы, прырода, сям’я, «пытанне паэта і паэзіі» і так далей раскрываюцца ў вершах праз прызму прасторы і часу. Аўтар стварае вершы як ключы ад сусветных законаў: ён добрасумленны грамадзянін свету і хоча не зламаць іх, не перагарнуць ці перарабіць (што даволі часта сустракаецца ў літаратараў), а адкрыць і зразумець, прычым так, як людзі адмыкаюць дзверы ў  свой дом — сваімі ключамі. Калі пазбавіцца лішніх метафар, можна сказаць, што аўтар, прынамсі, у прасторы сваіх тэкстаў, імкнецца да гармоніі з сусветам. Паэт не кідаецца на чытача са складанай метафорыкай і не абрынае на яго галаву цяжкія форменныя канструкцыі, яго мова простая і зразумелая. Яна не мае ні пышнай вычварнасці, ні наўмыснай мудрагелістасці, і ў дадзеным выпадку вершы ад гэтага толькі выйграюць.

У маленстве я жыў адчуваннем цябе,

І здаваўся мне час бесклапотнабяспечным.

На падворку трава, на страсе верабей, —

Уяўлялася ўсё на зямлі гэтай вечным.

Усё, што апісваецца ў вершах Алеся Бадака, з’яўляецца часткай звычайнага, звыклага чытачам свету. «Паэтызацыя» яго адбываецца цалкам за кошт аўтарскага ўяўлення і светаўспрымання. Тэкст  — паслядоўнасць элементаў рэчаіснасці — выстройваецца такім чынам, што атрымліваецца верш. Яго метад нагадвае імкненне паказаць звыклыя рэчы з нязвыклага ракурсу. Аўтар карыстаецца простымі сілаба-танічнымі памерамі, даволі простымі рыфмамі, і тэксты не тое каб нешта губляюць праз гэта, але часам застаецца адчуванне, што аформленая такім чынам паслядоўнасць элементаў рэчаіснасці прачытваецца менш натуральна, узмацняецца адчуванне зробленасці паэтычнага тэксту. У верлібрах, да якіх А. Бадак звяртаецца не так часта, гэтая зробленасць знікае, аўтарская думка адчувае сябе больш вольна і, адпаведна, раскрываецца ў нечым цікавей. Можна нават сказаць, што аформленае «ў рыфму» — часцей тое, што перад вачыма аўтара; верлібрычнае  — часцей тое, што ў свядомасці.

Але даволі часта згаданае пра рыфмаваныя вершы А. Бадака абсалютна апраўдваецца, бо тэкст пачынае выклікаць асацыяцыі з фальклорам за кошт скарыстанай аўтарам рытмікі або рэфрэнаў. Зразумела, што гэта робіцца свядома. Такім чынам аўтар зноў выяўляе сувязь сваёй творчасці з традыцыямі. Да таго  ж разгорнутыя ў тэкстах тэмы і пошукі вельмі ўдала стасуюцца з каляфальклорнай формай. Часта ў тэкстах узнікаюць вобразы дарогі, зямлі. Алесь Бадак увогуле любіць звяртацца да пейзажных замалёвак, але заўважнае адрозненне ад шэрагу іншых аўтараў заключаецца ў тым, што ў яго прырода ніколі не выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання. Ды і ў цэлым, ніводзін верш не напісаны проста, каб быць напісаным. Напэўна, аўтару самому вырашаць, добрая гэта характарыстыка ці не.

Яшчэ адно назіранне, якое пацвярджае і думку пра агульную накіраванасць творчых пошукаў паэта, і здагадку пра зварот да традыцыйных форм, — гэта частае ўзнікненне ў вершах дэкарацый, памежнага стану: паміж сапраўдным і ўяўным, рэальнасцю і міфалагічным.

Калі прыгледзецца, то ўся кніга — гэта расповед пра блуканне ў памежжы: святло — цемра, жыццё — смерць, каханне — адзінота, мінулае — сёння. Гэтыя сусветныя арэлі дуалізму адбіваюцца і на форме. Асабліва часта такія вершы можна заўважыць у трэцяй і апошняй паэтычнай частцы кнігі, якая і называецца адназначна: «Край свету».

Усё меней і меней тут лета.

Усё болей і болей тут суму.

І цягнуцца ноччу ад ветру

Дрэвы мокрыя бліжэй да ЦУМа.

Ім здаецца, што там, ля вітрынаў,

У цяпле за празрыстай сцяною

Зноў з’яўляюцца шэрыя спіны

Іх сясцёр і братоў.

«Развітанне з вечнасцю» падзяляецца на чатыры часткі: тры паэтычныя і каментары.

Каментары — гэта своеасаблівыя эсэ, у якіх аўтар распавядае не тое каб пра гісторыю стварэння верша, а пра яго карані — разважанні і падзеі, якія так ці інакш прывялі да стварэння тэксту. Так, напрыклад, да верша «Камяні» прыкладаецца вялікі нарыс пра родную вёску аўтара. А да перакладу верша «Вёска. Заважанне» — эсэ пра пераклад паэзіі. Такія допісы суправаджаюць не кожны тэкст: для значнай колькасці твораў у каментарах пазначана толькі сціплае «напісаны ў ... годзе». Гэта пацвярджае думку пра тое, што аўтар стварыў каментарную частку не для таго, каб нешта патлумачыць у саміх тэкстах. Падаецца, што да кожнай канкрэтнай гісторыі яна будзе асобнай: дзесьці, магчыма, занадта вялікая эмацыянальная нагрузка, калі, напісаўшы верш, аўтар не здолеў пазбавіцца цяжару; дзесьці кантэкст сапраўды моцна дапамагае глыбей адчуць верш. Часам такія тэксты дэманструюць амаль цалкам аўтаномныя ад верша разважанні, звязаныя, напрыклад, з абставінамі напісання або лёсам верша. Нездарма яны ахарактарызаваны ў гэтым тэксце як эсэ — некаторыя з «каментароў» з’яўляюцца асобнымі творамі. Адметны тэкст, які суправаджае верш «Сусветная гісторыя». У ім аўтар шмат разважае пра сутнасць паэзіі і асабліва пра тое, што не мае дачынення да паэзіі.

Сярод паэтычных асаблівую ўвагу на сябе звяртае другая частка — яна носіць назву «Стаць лістападам (гісторыя аднаго кахання)». Слова «гісторыя», заяўленае ў назве, не варта ўспрымаць як намёк на сюжэтную структуру часткі. Гэта сапраўды гісторыя, але ў ёй распавядаецца пра пачуцці, а не пра падзеі, як у непаслядоўна выбудаванай хроніцы. Насамрэч з гэтых вершаў чытач няшмат даведаецца пра стасункі аўтара з жанчынай, якой і  прысвечана гісторыя кахання, але адчуе галоўнае — глыбіню пачуцця з усімі яго адценнямі: наіўнасць, надрыў, горыч, хваляванне і пяшчота. Дзесьці можна прасачыць градацыю гэтых адценняў, развіццё пачуццяў. Дзесьці вершы зліваюцца ў суцэльную эмацыянальную плынь, у якой цяжка вылучыць нейкія этапы. У выпадку з вершамі пра каханне каментары выконваюць сваю функцыю найлепш. Яны не проста разбаўляюць эмацыянальны згустак кантэкстам, але і паглыбляюць змест гэтых эмоцый, афарбоўваюць іх яшчэ ярчэй, даюць ім глебу. У гэтым выпадку часткі з апавяданнямі-ўспамінамі і вершаваная зліваюцца ў адзін узаемадапаўняльны непадзельны твор.

Нягледзячы на тое, што «Стаць лістападам» можа існаваць як аўтаномны твор, ён упісваецца ў агульную карціну «Развітання з вечнасцю» за кошт экзістэнцыяльнага падтэксту. Як было згадана раней, уся кніга — хронікі блуканняў паміж крайнасцямі з празрыста акрэсленымі мэтамі. А што да каментароў — пакуль яны служаць для паглыблення кантэксту, а не спрашчэння чытацкага ўспрымання, то ніякай перашкоды не створаць. Чытач зможа інтэрпрэтаваць так, як яму будзе зручна, але так ці інакш міжволі далучыцца да аўтарскіх пошукаў.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.