Вы тут

Дзяўчаты Міншчыны яшчэ раз даказалі, што яны валодаюць талентам і інтэлектам


Вынікі акцыі «Прыгажуні Міншчыны — багацце краіны» былі падведзены падчас абласнога конкурсу «Міс Міншчыны», які прайшоў у Барысаўскім палацы культуры імя Максіма Горкага.


Фота: minsk-region.gov.by.

У выніку папярэдняга адбору ў фінале выступілі 72 самыя прыгожыя, упэўненыя ў сабе дзяўчыны Міншчыны. Па ўмовах конкурсу прэтэндэнткі на карону і галоўны тытул павінны былі мець ад васямнаццаці да дваццаці чатырох гадоў і рост не менш за 174 сантыметры.

Падзеі на сцэне ўстановы культуры развіваліся па класічным сцэнарыі конкурсаў прыгажосці: дэфіле ў кактэйльных і вячэрніх сукенках, купальных касцюмах. Але адной знешняй прывабнасці было недастаткова, неабходна было паказаць свой розум, кемлівасць і інтэлект. І кожная з удзельніц імправізавала на сцэне.

У складзе журы былі прадстаўнікі мадэльнай індустрыі, дзяржаўных органаў, вядомыя артысты, дзеячы культуры, спецыялісты сферы моды і прыгажосці, перад якімі стаяла нялёгкая задача — з лепшых выбраць найлепшых, тых, хто будзе ўдастоены звання «Міс Міншчыны» і прадставіць вобласць на рэспубліканскім конкурсе.

Як прызналася «Міс Беларусь — 2018», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марыя Васілевіч, абмеркаванне выступленняў некаторых прэтэндэнтак ішло доўга. Асабіста для яе як члена журы былі важныя не толькі знешнія даныя канкурсантак, але і ўменне трымацца на сцэне, харызматычнасць. У выніку Віялета Герасімчук з Пухавіцкага раёна стала другой «Віцэ-Міс», першай — Аліна Палашчук з Салігорска, «Міс фота» — Ганна Мілеўская з Маладзечна. А прыз глядацкіх сімпатый атрымала Дар'я Фесіна з Чэрвеня! Госці мерапрыемства аддалі за яе голас шляхам СМС-галасавання. Ну, а галоўны тытул «Міс Міншчыны» дастаўся студэнтцы БДУ Вераніцы Кушалевай з Лагойска.

Вераніка з дзяцінства займаецца ў мадэльнай школе. Так што подыум для яе рэч звычайная. Аднак, як прызналася першая прыгажуня Міншчыны, яна вельмі хвалявалася. Мадэль акрамя ўсяго займаецца яшчэ і дызайнам адзення і марыць стварыць сваю калекцыю.

Сапраўды, конкурс стаў інтэлектуальным і феерычным шоу, паказаў, што разам з прывабнай знешнасцю дзяўчаты валодаюць унутранай прыгажосцю, рознабаковымі ведамі і маюць захапленні.

Удзельніц павіншаваў і падзякаваў ім за ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама, старшыня журы конкурсу Іван Маркевіч:

— Дзяўчаты сапраўдныя разумніцы. Кожная з гэтых прыгажунь змагла б прадставіць нашу краіну на міжнародных конкурсах. Сёння мы яшчэ раз упэўніліся, што прыгажосць не толькі кіруе светам, яна ратуе свет.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Мала быць прыгажуняй...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.