Вы тут

Чаму ў Еўропе нарастае антысемітызм?


На адмысловым форуме ў цэнтры імя Рау пагаварылі пра Халакост і талерантнасць.


Фота БЕЛТА

«Перажыць Мінскае гета ўдалося нямногім людзям, — выступіў яго былы вязень Якаў Краўчынскі. — Яно было часткай бесчалавечанага жадання знішчыць цэлы народ, дзе загінула больш за восемдзесят тысяч чалавек. Мы заўсёды кажам: пагром. У Мінскім гета пагрому не было: колькі фашысцкае кіраўніцтва ні намагалася зрабіць так, каб жыхары горада ўварваліся ў гета і ўчынілі разню, у яго гэта не атрымалася. Але мелі месца добра арганізаваныя акцыі з удзелам нямецкага войска, паліцыі і расстрэльных камандаў. Апроч як падчас гэтых акцый, людзі паміралі кожны божы дзень: не зняў шапку за пятнаццаць крокаў ад немца — куля; падышоў да дрота, нешта абмяняць ці проста так, — куля; здалося, што ў цябе брудная альбо дрэнна прышытая лата, — таксама куля. Гэта працягвалася кожны дзень. Апроч таго, людзей да апошняга эксплуатавалі: прымушалі працаваць на прадпрыемствах, чысціць вуліцы — знаходзілі розныя спосабы, каб людзі паміралі ад змардавання і непасільнай працы. Маё адзінае пажаданне — каб такое больш не паўтарылася, гэта вельмі цяжка ўспамінаць».

Тое, што Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту гэтым разам быў адзначаны ў тым ліку Міністэрствам замежных спраў Беларусі, — па словах рабіна Мардэхая Райхінштэйна, упершыню на такім высокім узроўні, — сведчыць, што з кожным годам на гістарычную падзею звяртаецца ўсё больш увагі. На наша пытанне, ці ёсць у дыскусіі пра Халакост бакі, да якіх беларускае грамадства пакуль не гатова, спадар Райхінштэйн, наадварот, адзначыў нашу «суперталерантнасць»: «Пра Халакост выходзіць усё больш і больш інфармацыі, і, я думаю, Беларусь лепш за ўсіх гатова яе ўспрымаць. Гэта дзіўная краіна, бо, напэўна, адзіная, на тэрыторыі якой пры вялікай яўрэйскай абшчыне не было колькі-небудзь масавага здрадніцтва і для задач знішчэння не хапала «сваіх» супрацоўнікаў, таму іх завозілі з іншых тэрыторый. Да таго ж, на мой погляд, антысемітызм у цэлым на постсавецкай прасторы змяншаецца».

Хоць лейтматывам такіх дзён — і гэты не стаў выключэннем — традыцыйна становяцца словы пра важнасць захавання памяці аб загінулых, каб не паўтарыць мінулае ў будучыні, выступоўцы форуму адзначылі трывожныя сведчанні таго, што ў сучасным грамадстве нецярпімасць па нацыянальнай прыкмеце ўсё яшчэ сябе праяўляе. Рабін Рыгор Абрамовіч успомніў абліты чорнай фарбай помнік ахвярам Халакосту ў Магілёве, разбітае шкло сінагогі ў Бабруйску, графіці ў выглядзе свастыкі на сценах Ізраільскага культурнага цэнтра ў Мінску.

Адраджэнне праблемы нецярпімасці пацвердзіў і пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр: «Мы — немцы — адчуваем вялікі сорам за варварскія злачынствы, якія выходзяць за межы разумення, учыненыя немцамі на гэтай тэрыторыі. Памятаць пра гэтыя злачынствы, назваць вінаватых і захаваць дастойную памяць аб ахвярах — неаддзельная ад нашай краіны адказнасць, якая не падлягае абмеркаванню. Усведамленне гэтай адказнасці з'яўляецца часткай нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, нашага разумення сябе як адукаванага грамадства і прававой дзяржавы. На жаль, мы жывём у час небяспекі таго, што дэманы мінулага, якія лічыліся памерлымі, прачнуцца. Мала хто з нас мог уявіць, што ў Германіі зноў пачнуць цкаваць яўрэяў, абражаць на вуліцы людзей з кіпай на галаве, дражніць яўрэйскіх дзяцей у школах. Але гэта адбываецца ў маёй краіне, хоць я не мог нават падумаць, што такое яшчэ магчыма. Нядаўняй кульмінацыяй тэндэнцыі стала страшнае нападзенне на яўрэйскую абшчыну ў Гале».

Спадар Хутэрэр лічыць, што нарастаючы антысемітызм у Германіі, а таксама ў іншых частках Еўропы, нясе небяспеку дэмакратыі і плюралістычнаму грамадству і важна ўлічваць, што антысемітызм накіраваны не толькі супраць яўрэяў, але таксама выяўляе глыбока антыдэмакратычны светапогляд.

Сярод выступоўцаў у Цэнтры імя Рау былі прадстаўнік Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын Барыс Герстэн, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі і прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Аляксандр Апімах. Удзельнікі форуму паспелі абмеркаваць ролю адукацыі ў зніжэнні антысеміцкіх настрояў, шляхі барацьбы з ксенафобіяй праз сферу культуры і СМІ, прадухіленне злачынстваў на глебе нянавісці, а пытанне Халакоста абмеркаваць як з гістарычнага ракурсу, так і з філасофскага.

«Людзі любяць пытацца, дзе быў Бог падчас катастрофы і як ён такое дапусціў, але трэба таксама задаць пытанне, а дзе ў гэты час быў чалавек і агульначалавечыя каштоўнасці? — кажа Мардэхай Райхінштэйн. — Нам і сёння трэба думаць пра прыроду чалавека, бо ад таго, што мы сталі больш цывілізаваныя, што развілася тэхніка, што ў кожным доме ёсць душ, прырода чалавека не змянілася. На мой погляд, гэта глабальная рэч, і калі мы хочам выкараніць нейкія недахопы сучаснасці, трэба ў першую чаргу думаць пра адносіны чалавека да іншых».

Мерапрыемствы і выступленні, прысвечаныя Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, 27 студзеня праходзілі па ўсім свеце. Галоўнае з іх — урачыстая цырымонія ў гонар вызвалення Аўшвіца — адбылося на месцы самой групы канцэнтрацыйных лагераў, куды прыехала каля двухсот былых вязняў і больш за пяцьдзясят прадстаўнікоў краін свету.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.