Вячаслаў Сайко ўпэўнены, што да любога цяжкага падлетка можна знайсці падыход, заахвоціць уласным прыкладам да карысных заняткаў (напрыклад, да спорту) і накіраваць яго на шлях выпраўлення. І такіх падлеткаў, якія замест колішняй п'янай кампаніі выбіраюць велапрагулку ў кампаніі інспектара, шмат. Нездарма падпалкоўнік міліцыі Сайко лічыцца адным з найлепшых інспектараў па справах непаўналетніх у краіне. На рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафмайстэрства ён двойчы станавіўся лепшым (у 2015 і 2016 гадах). Як знайсці агульную мову з цяжкімі падлеткамі і як звычайна далей складваецца іх лёс, чаму найлепшая зброя — гэта слова, і што інспектар рэкамендуе бацькам няпростых дзяцей, — у нашым матэрыяле.
Пра выбар прафесіі і свой участак
— Вячаслаў Міхайлавіч, раскажыце, чаму вы прыйшлі ў міліцыю?
— Я мяркую, гэта лёс. Цікава, што калі вызначаўся з выбарам прафесіі пасля школы, не бачыў сябе ні ваенным, ні супрацоўнікам міліцыі. Паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. А на чацвёртым курсе пазнаёміўся з хлопцамі — курсантамі Акадэміі МУС, мы пасябравалі. Пасля заканчэння БДУ мне прапанавалі пайсці ў органы ўнутраных спраў. Абдумаў і пагадзіўся. Так з чэрвеня 1994 года і працую ў Савецкім РУУС Мінска.
— Магчыма, памятаеце свой першы рабочы дзень?
— Канешне! Калі заступіў на службу, якраз пачаліся выпускныя вечары. Мяне, як навічка, накіравалі ў дзяжурную частку, дзе я мог назіраць, як старэйшыя калегі праводзяць разбіральніцтвы з грамадзянамі, у тым ліку і з падлеткамі, якія затрымліваліся за розныя правапарушэнні. У такой абстаноўцы прайшоў першы рабочы дзень. Мая служба пачыналася з інспекцыі па справах непаўналетніх, там я і працую дагэтуль — ужо 26-ы год. Мяняліся толькі ўчасткі.
— Раскажыце пра ваш цяперашні.
— Ён супадае з тэрыторыяй, якую абслугоўвае грамадскі пункт аховы правапарадку № 94. Гэта спальны мікрараён у Зялёным Лузе. Там знаходзяцца дзве навучальныя ўстановы і іх інтэрнаты. Гэта мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 12, дзе рыхтуюць будаўнікоў, другая навучальная ўстанова — гандлёвы каледж. І там, і там ёсць выхаванцы, якія патрабуюць нашай увагі. Тут трэба ўлічваць, што гэтыя дзеці адарваліся ад сям'і, сярод іх заўсёды ёсць тыя, хто дазваляе сабе вольнасці. Без пільнага кантролю дарослых гэта падхопліваюць астатнія. Таму, як правіла, у пачатку навучальнага года збіраем іх, тлумачым асаблівасці заканадаўства, папярэджваем, прыводзім прыклады, каб дзеці арыентаваліся. Далей на працягу года стараемся прыцягваць іх да нашых сумесных мерапрыемстваў, асабліва тых, хто патрабуе асаблівай увагі.
— Сярод цяжкіх падлеткаў шмат дзяўчат?
— На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Савецкага РУУС 112 дзяцей і падлеткаў, больш за чвэрць з іх — дзяўчаты.
Пра асаблівасці кантактавання ў нефармальнай абстаноўцы
— Якія правапарушэнні здзяйсняюць непаўналетнія?
— Распіваюць алкагольныя напоі, узрываюць піратэхнічныя вырабы, удзельнічаюць у канфліктных сітуацыях, якія часам парушаюць закон. Алкаголь — правакатар многіх злачынстваў: хуліганстваў, гвалтоўных дзеянняў і іншых. Апошнім часам стала больш крадзяжоў маёмасці з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі і даных банкаўскіх картак.
— Ці даводзілася сутыкацца з забойствамі?
— Некалькі гадоў таму ў Маскоўскім раёне быў знойдзены труп 9-гадовай дзяўчынкі, нейкі час не маглі ўстанавіць яе асобу. Падчас аператыўных дзеянняў высветлілася, што на маім участку не прыйшла ў школу дзяўчынка, падобная па прыкметах. Сталі разбірацца, устанавілі, што забойства здзейсніла маці — у яе была схаваная форма шызафрэніі. Ніхто, на жаль, не ведаў раней, што ў сям'і такая сітуацыя, бо прафілактычныя меры маглі б дапамагчы. Гэты выпадак стаў непрыемным выключэннем у маёй службовай дзейнасці.
— Работа з цяжкімі падлеткамі больш складаная, чым з дарослымі? Як знаходзіце з імі агульную мову?
— Падлеткі хутчэй паддаюцца ўплыву. Гэта трэба ўлічваць і паспець перахапіць ініцыятыву ў свае рукі, заахвоціць асабістым прыкладам. Я займаюся спортам і імкнуся зацікавіць іх. Яшчэ ў 1991 годзе абараніў званне майстра спорту па гіравым спорце, двойчы быў чэмпіёнам краіны, выйграваў кубак у катэгорыі да 80 кг. У міліцыі давялося праяўляць сябе ў іншых відах — бегу, лыжах, стральбе, плаванні. Падлеткам манатонныя размовы ў кабінеце, як правіла, мала цікавыя. Я імкнуся працаваць з імі ў нефармальнай абстаноўцы: зайсці ў госці, сустрэць на вуліцы, запрасіць на мерапрыемства, дзе прасцей размаўляць. Вось нядаўна гулялі ў валейбол: арганізавалі змешаныя каманды з інспектараў і падлеткаў. Многія былі здзіўленыя, што мы праводзім такія спаборніцтвы.
Вясной мы традыцыйна арганізуем велапрабег: збіраемся непадалёк ад Цнянскага вадасховішча, часам запрашаем святара, які дае свой наказ, далучаюцца супрацоўнікі ДАІ. Заязджаем у Цэнтр выратавальна-вадалазнай службы. Гэта закрытая тэрыторыя, туды проста так не трапіць, але для нас праводзяць экскурсіі. У дзяцей вялікая цікавасць да гэтага аб'екта, там праяўляецца больш за ўсё эмоцый. Заканчваем прагулку на выратавальнай станцыі Цнянскага вадасховішча. Арганізуем мы і іншыя экскурсіі. Напрыклад, у месцы зняволення са складанымі дзецьмі, каб яны на свае вочы паглядзелі, чым могуць скончыцца іх паводзіны.
На мой погляд, у любога падлетка можна выклікаць прыхільнасць, іншая справа, што не адразу. З тымі, хто прайшоў пэўную «школу» дэвіянтных паводзін, канешне, няпроста.
— Былі выпадкі, калі патрабавалася выкарыстоўваць табельную зброю?
— На шчасце, не даводзілася. Гэта ўжо надзвычайная сітуацыя. Любы канфлікт можа стаць некантраляваным, калі не ўтрымаць яго ад напружання. Я заўсёды імкнуся знайсці патрэбныя словы ці нават пажартаваць — у залежнасці ад таго, які перад табой чалавек. І гэта дзейнічае, нават калі падлеткаў цэлы натоўп і настроены яны не вельмі міралюбна. На маім участку знаходзіцца яшчэ і частка тэрыторыі Цнянскага вадасховішча. Гэта зона актыўнага адпачынку, асабліва ў цёплы перыяд. Там таксама шмат здарэнняў — ад распіцця спіртнога да канфліктных сітуацый. Вось там нярэдка даводзіцца ўціхамірваць кампаніі, у тым ліку і падлеткавыя.
Пра неўладкаваныя сем'і і пажаданні бацькам
— Вам часта даводзіцца сутыкацца з неўладкаванымі сем'ямі. Не ведаю, наколькі дарэчы ў рабоце інспектара па справах непаўналетніх такое пачуццё, як шкадаванне, але ці даводзілася яго адчуваць у дачыненні да вашых выхаванцаў?
— Гэта хутчэй спачуванне і разуменне. Але ж такія пачуцці працуюць і ў адваротны бок. Тыя ж сіроты, калі іх спрабуюць улагодзіць, патураць ім, пачынаюць гэтым карыстацца, у іх выпрацоўваецца пэўнае ўтрыманства, яны выхоўваюцца не прыстасаванымі да жыцця. Лёс потым жорстка можа з імі абысціся, калі яны атрымаюць дыпломы і выпусцяцца з ліцэя ці каледжа. Тут міліцыянеру трэба паводзіць сябе як бацьку: дзесьці строга і патрабавальна, а дзесьці і мякка.
— Як звычайна складваецца лёс у цяжкіх падлеткаў?
— Каля 95 % тых, хто аднойчы трапляе ў поле зроку інспекцыі па справах непаўналетніх, пасля больш ніколі не сутыкаецца з намі. І спадзяюся, што гэты вопыт карысны для іх. Ёсць падлеткі, з якімі даводзіцца часам ужываць метады ізаляцыі. Іх накіроўваюць у Магілёўскую спецыяльную школу закрытага тыпу для хлопцаў і аналагічную для дзяўчынак — у Петрыкаве. Калі падлеткі здзяйсняюць пэўныя правапарушэнні, згодна з заканадаўствам адпраўляюцца ў закрытыя ўстановы. Да гэтага прыводзяць чатыры правапарушэнні на працягу года. Прычым пасля кожнага з іх праводзіцца карпатлівая работа. Падключаюцца ўсе суб'екты прафілактыкі: і школа, і ўрач-нарколаг, і псіхолагі. Прыцягваем да справы гурткі, секцыі, каб выцягнуць падлетка з неспрыяльнага асяроддзя. На жаль, не заўсёды атрымліваецца — два-тры чалавекі ў год даводзіцца накіроўваць у спецшколу. Але трэба разумець, што гэта не турма, а навучальная ўстанова. І такі захад неабходны, каб зберагчы і іншых, і самога падлетка. Бо часам нават цяжка прадказаць, як у яго складзецца чарговы вечар.
— За што вам звычайна кажуць дзякуй падлеткі і іх бацькі?
— Самы вялікі дзякуй — гэта калі, пазнаёміўшыся з чарговым падапечным і растлумачыўшы яму ўсё, бачыш, што твае прапановы знаходзяць водгук. І калі ён не здзяйсняе правапарушэнняў, гэта найлепшы падарунак. Бо кожнае злачынства непаўналетняга — гэта надзвычайнае здарэнне для нас. Радуе, калі і бацькі, і падлеткі з разуменнем ставяцца да нашай дзейнасці. Я жыву на тым участку, на якім і працую. Часта сустракаеш падапечных, бачыш, як складваецца іх жыццё. Прыемна, калі яны вырастаюць, заводзяць сем'і і не вяртаюцца да ранейшага. У пераважнай большасці іх жыццё ўсё ж наладжваецца.
— Што б вы пажадалі бацькам цяжкіх падлеткаў?
— Часам яны няправільна ацэньваюць нашу дзейнасць: нібыта мы ламаем лёс дзіцяці, псуём яго рэпутацыю. Калі дзіця трапляе ў складаную сітуацыю, не варта яго абяляць, а нас усімі сіламі ачарняць. Варта прыслухоўвацца і да нашых меркаванняў, і да педагогаў, псіхолагаў, старацца выконваць усе рэкамендацыі. Часам бацькі вельмі агрэсіўна рэагуюць, маўляў, не ўмешвайцеся, мы самі справімся. А потым атрымліваецца, што час упушчаны, бацькі ўсведамляюць, што не спраўляюцца, просяць дапамогі. Але калі дзіця ўжо набралася негатыву, абзавялося моцнымі сувязямі ў адпаведнай кампаніі, выцягнуць яго з гэтага асяроддзя нашмат складаней.
Ёсць хлопцы, якія выпадкова трапілі пад нашу ўвагу, напрыклад, пасядзелі ў кампаніі на Цнянскім вадасховішчы, дзе іх затрымалі за распіццё спіртнога. Але не варта забываць, што побач вада, куды яны і лезуць потым. Таму нічога страшнага ў тым, што мы правядзём прафілактычную работу, няма. Зразумела, непрыемна — і ў школе не пахваляць, і бацькі незадаволеныя, але мы, магчыма, зберажом дзяцей ад больш сур'ёзных дрэнных учынкаў і наступстваў.
Алена КРАВЕЦ
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.