Спачатку трэба сказаць некалькі слоў пра само месца дзеяння. На гэтым тыдні факультэту ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі споўнілася 27 гадоў. За час яго існавання там падрыхтавалі больш за паўтары тысячы афіцэраў. Шэсцьдзясят з іх скончылі вучобу з адзнакай і залатым медалём, амаль сто атрымалі дыплом з адзнакай. Дзесяць выпускнікоў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Скажу адразу: вучыцца ў нас няпроста, — адзначыў начальнік факультэта палкоўнік Уладзімір Гаўдур. — Але навучальны працэс скіраваны на тое, каб дапамагчы маладым людзям развіцца па ўсіх магчымых кірунках. Нашых выпускнікоў вельмі шануюць у падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння. А яшчэ ў нас юнакі праходзяць сапраўдную школу жыцця, якая дапамагае ім пасля ў дарослым жыцці.
На пачатку падрыхтоўкі будучага афіцэра шмат увагі ўдзяляецца сустрэчам і гутаркам з бацькамі курсантаў. Гэта трэба для таго, каб як мага глыбей разабрацца ў характары і валявых якасцях першакурсніка.
— Залічаныя першакурснікі ў жніўні праходзяць праз абавязковы збор. І вось бывае так, што абітурыент паспяхова здаў фізічныя нарматывы, цэнтралізаванае тэсціраванне, прайшоў праз псіхалагічнае суразмоўе, а на зборы ад яго падчас пераадольвання паласы перашкод даводзіцца чуць: «Я не хачу паўзці», «Мне не падабаецца страляць», «Тут вельмі брудна» — ці нешта ў падобным стылі. Але нашы курсанты — гэта не толькі будучыя юрысты, але і вайскоўцы. Так бы мовіць, два ў адным. І рабочая абстаноўка, у якой яны могуць апынуцца падчас выканання сапраўднага задання, патрабуе менавіта такой падрыхтоўкі, якая не заўжды звязана са знаходжаннем у навучальнай аўдыторыі. Таму калі мы бачым, што юнак гэта не ўсведамляе, на жаль, даводзіцца з ім развітвацца.
Колькі ж чалавек паступае на факультэт унутраных войскаў? Летась праз канчатковы прафесійны адбор прайшлі 78 абітурыентаў. Але форму курсанта гэтага факультэта надзелі 60 першакурснікаў. Прычым пяцёра з іх былі да таго ваеннаслужачымі.
— Шмат хто з абітурыентаў «спатыкаецца» на нашых псіхалагічных тэстах, — згадвае Уладзімір Гаўдур. — Ды і ўзровень фізічнай падрыхтоўкі часта пакідае жадаць лепшага. Цяпер падлеткі вельмі шмат часу праводзяць сам-насам са смартфонамі і камп'ютарамі, вядуць сядзячы лад жыцця.
Па заканчэнні вучобы выпускнікі размяркоўваюцца на першасныя пасады камандзіраў узводаў у падраздзяленнях унутраных войскаў. А вось дзяўчат тут не сустрэнеш. Адпаведны эксперымент праводзіўся каля дзесяці гадоў таму, але не скончыўся паспяхова.
Структура факультэта налічвае тры вучэбныя кафедры — тактычнай падрыхтоўкі ўнутраных войскаў, інжынерна-тэхнічных сродкаў аховы і юрыдычную. Што датычыцца іншых прадметаў, у ліку якіх, напрыклад, агульнавайсковая тактыка і агнявая падрыхтоўка, — то тут курсанты вучацца на кафедрах непасрэдна Ваеннай акадэміі.
— Разам з тым нельга сказаць, што мы «замкнуты» толькі ў межах адной навучальнай установы. Кадры для ўнутраных войскаў рыхтуюць не толькі на нашым факультэце, але і ў грамадзянскіх навучальных установах, сярод якіх БДУ, БНТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы. Акрамя таго, па дамоўленасцях у межах АДКБ мы накіроўваем некалькі курсантаў для навучання ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы Расіі. Гэта Пермскі і Саратаўскі ваенныя інстытуты войск нацыянальнай гвардыі.
Сімвалам унутраных войскаў з'яўляецца легендарны крапавы берэт. Здабыць яго — мара любога спецназаўца. Лёгкіх дзён падчас падрыхтоўкі ў тых, хто служыць у элітным падраздзяленні, не бывае. Фізічныя нагрузкі толькі ўзрастаюць. На першы погляд яны могуць здацца амаль непераадольнымі, але гэта не так. Увесь сакрэт — у сістэме навучання і выхавання. Яна грунтуецца на ўзаемадапамозе і разлічана на калектыўнае пераадоленне цяжкасцяў.
Жыхар Мінска Андрэй прыйшоў паназіраць за спецназаўцамі разам з двума дзецьмі.
— Я тут не ўпершыню. Вельмі падабаецца відовішча. Асабліва ўражваюць выступленні спецназаўцаў, ды і малым маім цікава паназіраць. Усё-такі гэтыя падзеі разгортваюцца не на тэлевізійным экране, а за некалькі метраў ад нас.
— Я вучуся ў дзявятым класе, але задумваюся паступаць сюды, — кажа вучань мінскай сярэдняй школы № 168 Яўген Новікаў. — Мне гэта цікава, хацеў бы паспрабаваць. Падабаецца сама форма, фізічныя практыкаванні не палохаюць. Зачаравала тое, як праходзіў рукапашны бой...
Непадалёк ад плаца разгарнулася выстаўка тэхнікі, стралковага і сапёрна-тэхнічнага ўзбраення. Апошняе асабліва цікава ў свеце таго, што ўнутраныя войскі займаюцца размініраваннем у гарадах, — на жаль, рэха вайны гучыць яшчэ і дагэтуль.
— У нас абсталяванне вельмі магутнае, — кажа начальнік выбуховатэхнічнага цэнтра ўнутраных войскаў падпалкоўнік Ігар Тамко. — Закупляем самыя апошнія ўзоры. Усе прыборы скіраваны на пошук выбуховых прылад, догляд падазроных і бесгаспадарчых рэчаў... Ёсць у нас і спецыяльны робат. Зроблены ён у Беларусі. Ажыццяўляе разведку падазроных прадметаў. Пры пэўнай вазе можа іх нават адвезці на бяспечную адлегласць, затым транспартаваць усё неабходнае абсталяванне. Здольны працаваць удзень і ўначы. Ён абсталяваны відэакамерамі, дзякуючы якім робатам можна кіраваць на адлегласці.
Паказалі журналістам і навучальны корпус, і спартыўны комплекс. Якраз у гэты час сярод першакурснікаў ішлі заняткі па абясшкоджванні праціўніка, які нападае з нажом.
Трэба сказаць колькі слоў пра размяшчэнне. Першыя два курсы жывуць у казарме. Навучэнцы на іх прыроўнены да салдат тэрміновай службы. А вось для тых, хто дайшоў да трэцяга курса, ужо прадугледжаны асобныя пакоі на 4—6 чалавек. І тут ужо ўсё па-дамашняму — вісяць гітара, расцяжка з сімволікай улюбёнага футбольнага клуба і нават ёсць стэрэасістэма. Амаль як дома!
Час падачы дакументаў на факультэт унутраных войскаў для абітурыентаў з ліку грамадзянскай моладзі скончыцца даволі хутка — 1 красавіка. Каб гэта зрабіць, трэба прыйсці ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства. Праверка стану здароўя, фізічнай падрыхтоўкі і прафесійна-псіхалагічны адбор прызначана на тэрмін да 31 мая.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.