Жыццё сучаснага чалавека звязана са шклом: смартфоны, камп’ютары, кінатэатры — усё нагадвае пра бар’еры паміж стваральнікам і гледачом. Для кагосьці гэта непазбежнасць, для іншых — нагода для крэатыву, часам рызыкоўная, як, напрыклад, для аднаго з найвыдатнейшых мастакоў Беларусі, майстра акварэльнага жывапісу Вячаслава Паўлаўца.
Выстаўка «Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Аўтар прэзентуе 12 выбраных пейзажаў з асабістай калекцыі. Усе яны прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў — без шкла. У гэтым выпадку карціны становяцца безабароннымі, адкрытымі і быццам прамаўляюць толькі адно: паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. Гэтага не стае ў стасунках людзей са светам, з грамадствам, бо да чалавека зараз трапляе безліч фактаў у бясконцай плыні інфармацыі, якая пазбаўляе каштоўнага часу. Таму яго пачуцці і эмоцыі ператвараюцца ў муляжы, сімулякры і фантомы пачуццяў і эмоцый, лічыць аўтар выстаўкі.
— Адкрытасць, шчырасць, безабароннасць — гэта не слабасць, а моц, якая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці, — адзначае В. Паўлавец. — Гэта не пратэст, а хутчэй роздум над пытаннем перашкод ва ўзаемаадносінах. Гэта рызыка, у нейкім сэнсе экстрым — выстаўляць работы без шкла. Але сучаснае мастацтва набывае розныя формы. Творца з яго дапамогай мае магчымасць паказаць сябе не такім, якім яго кожны дзень бачаць людзі праз знешнасць, адзенне, звычкі, а праз тое, што адлюстравана ў рамках на выстаўцы.
У экспазіцыі прадстаўлены работы розных гадоў: большасць — з серыі «На скрыжаванні лёсу» (2018), а таксама з ранніх «Крокі па вадзе», «Успаміны» і «Чорна-белыя мары». Некаторыя пейзажы па адносінах са светам нагадваюць творы Архіпа Куінджы. Сярод іх — аркуш VII з серыі «Крокі на вадзе», хоць кожны здольны ўбачыць у ім і розны час дня, і няпэўную пару года, і нявызначаны, неакрэслены рух, які, нягледзячы на поўную статычнасць адлюстраванага, усё ж маецца на ўвазе і адчуваецца. На заўвагу пра асацыяцыі з іншым творцам мастак адказвае: яшчэ з тых часоў, калі вучыўся ў мінскай дзіцячай мастацкай школе № 1, і пазней, калі ўжо скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, не пераставаў здзіўляцца ды захапляцца талентам вялікага рускага мастака. Сапраўды, гэты ўплыў усё ж ненавязліва прасочваецца.
Дарэчы, калегі мастака асабліва вылучаюць манахромныя мінімалістычныя пейзажы. У іх, нягледзячы на адсутнасць багацця фарбаў, адчуваецца незвычайная асабістая інтанацыя, якая зачароўвае. Мастака таксама называюць майстрам «пейзажу настрою», незвычайна чуйным да прыроды, да самапазнання чалавека праз прыроду і суіснавання ў гармоніі з ёю. Цікава і тое, што творчасцю В. Паўлаўца захапляюцца як прафесіяналы, якія ствараюць сучасны мастацкі працэс і ўплываюць на яго, так і аматары, якія не валодаюць спецыяльнымі ведамі. Гэты сакрэт застаецца неразгаданым.
У сучасным айчынным мастацтве В. Паўлавец набыў статус захавальніка традыцыі, паслядоўніка вядучых майстроў ХХ стагоддзя — Аркадзя Астаповіча, Віталя Цвірко, Зоі Ліцвінавай. Для яго творчасць, менавіта працэс, — найвышэйшая мэта. З аднаго боку, ён падтрымлівае высокі ўзровень беларускай рэалістычнай Безабароннасць свету мастака Вячаслаў Паўлавец «без шкла» акварэльнай школы, з другога — пастаянна імкнецца да эксперыментаў, ствараючы адмысловы тып акварэлі, працуючы ў манеры alla prima — вадкімі фарбамі па вільготнай паперы. Гэта дазваляе падчас творчага працэсу перажыць некалькі хваляў эмоцый, якія мастак не збіраецца хаваць. Усё пачынаецца з накіравання позірку на белы аркуш паперы, які адначасова і вабіць, і палохае. Вядома, існуюць нейкія эскізы, але калі творцу палоніць стыхія каляровай плыні празрыстай фарбы, знікаюць і час, і прастора. Існуюць толькі вобразы, якія змяняюць адзін аднаго. Іх творца называе гасцямі з сусвету падсвядомасці.
— У гэтыя хвіліны разумееш, чаму мастака называюць творцам. Ты можаш накіроўваць аблокі па небе, ствараць лясы, рэкі, азёры, пракладваць сцежкі, дарогі, будаваць замкі. Істотна і тое, што створаны свет не зусім адпавядае твайму плану. Ды і ніколі няма цвёрдага плана: усё пабудавана на спантаннасці, — адзначае В. Паўлавец.
Сапраўдная тэарэма акварэлістаў: калі акварэлі ўласціва расплывацца, то не трэба гэтаму супраціўляцца. Шмат залежыць і ад выбару паперы: фактурная, тэкстурная паводзіць сябе інакш, чым гладкая. Адчуванне матэрыялу, яго ўласцівасцей сапраўды ідзе на карысць. Не дзіўна, што часам В. Паўлавец і сам не ведае, якім будзе вынік, бо дадаюцца фарбы і адценні, што раптоўна здзіўляюць самога аўтара, які зазначае: акварэль не церпіць гвалту, трэба ісці за плынню фарбы, прыслухоўваючыся да падказак. І атрымаецца пачуць яе, нібы сімфонію.
Акварэль самадастатковая. Яна ўвабрала ў сябе найлепшае і ад жывапісу, і ад графікі, і ад сваёй папярэдніцы фрэскі, лічыць В. Паўлавец. Менавіта акварэль сфарміравала яго лад жыцця, неўпрыкмет стаўшы жыццятворчасцю. Многія работы ўжо адносяць да класікі беларускага мастацтва XX стагоддзя. Яны ўваходзяць у альбомы, прыватныя калекцыі. У мінулым годзе творца адсвяткаваў юбілей — 60 гадоў. Але што датычыцца Мастацкага музея, то «Без шкла» — толькі другая персанальная выстаўка, хоць у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца 18 твораў мастака. Першая ж выстаўка — «Перакрыжаванні часу» — адбылася яшчэ ў 2006 годзе. З некаторымі работамі можна пазнаёміцца на віртуальнай экспазіцыі. Між тым хутка ў музеі пройдзе майстар-клас мастака па акварэлі.
Творца не цураецца выставак, у тым ліку што тычыцца сумесных праектаў. Калі лічыць з таго ж 2006 года, то іх было арганізавана даволі шмат толькі ў адным Мінску: персанальныя выстаўкі «Акварэалізм» (2012) і «Крокі па вадзе» (2018) у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у рэспубліканскай мастацкай галерыі «Палац мастацтва» (2009), у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа (2016), выставачныя праекты «Tour de Беларусь. Этап: Мінск — Полацк — Мінск» (2015) і «Зямля пад белымі крыламі» ў Нацыянальным мастацкім музеі (2011), а таксама персанальныя выстаўка «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца» ў Нацыяльным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі (2019). Кажучы пра экспазіцыі ў іншых гарадах, нельга не згадаць «Art Belarus» у Варшаве (2010), «Вада+фарба» ў Полацку (ды ў Мінску ў 2011 годзе), а таксама персанальныя выстаўкі ў музеі Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (2010) і «Каляровая плынь» у Нацыянальным полацкім музеі-запаведніку (2017). Такая кіпучая дзейнасць можа і не здзівіць, калі не ўлічваць тое, што В. Паўлавец усё жыццё працуе мастацкім рэдактарам у розных выданнях. На сённяшні дзень гэта часопіс «Мастацтва».
Дарэчы, летась у Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў альбом «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца». У ім 100 акварэлей, створаных на мяжы тысячагоддзяў. Гэта работы апошніх трыццаці гадоў: ад першых самастойных твораў 1980-х да аркушаў, выкананых у 2018 годзе ў Германіі (яго графіка там запатрабавана). У выданне ўвайшлі і творы, што захоўваюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Варта адзначыць, што экспазіцыя «Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца» размясцілася не ў адной з выставачных залаў, а ў арт-кафэ «Культурнае жыццё» Мастацкага музея. Гэта таксама пэўны эксперымент, на карысць якога граюць две рэчы. Па-першае, кафэ — гэта заўсёды выгаднае памяшканне для дэманстрацыі мастацкіх работ дзякуючы вялікай наведвальнасці на працягу ўсяго года. Такі крытэрый безумоўна паспрыяе пазнавальнасці твораў. Па-другое, гэта ўсё роўна тэрыторыя, дзе пануе музейная атмасфера, якая схіляе да роздумаў, прымушае засяродзіцца. Бывае, гэтаму перашкаджаюць і натоўпы ў музеі, і абмежаваны час любой экскурсіі.
Пастаянная натура, крыніца роздумаў творцы — пейзажы старажытнага фальварка Відагошч (цяпер Камсамолец) пад Мінскам, дзе пасля вайны дзед будучага мастака пабудаваў дом. З дзяцінства гэтыя мясціны сталі важнымі як для асобы мастака, так і для яго творчасці. Многія вобразы натхнёныя прыродай гэтага краю. Сёння ў мястэчку майстэрня В. Паўлаўца. Але ад поўнай адданасці натуры ў першыя гады самастойнай работы акварэліст сышоў у прынцыповую імправізацыйнасць, працу па памяці. Мастак усхваліў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускую прыроду, яе шэры дзень, рэдкі на сонца. Сапраўды, асаблівасць яго работ — у маларухавасці, у амаль поўнай адсутнасці на іх людзей. Але чалавек у творах В. Паўлаўца заўсёды няўлоўна існуе. І гэта сам глядач — яго бачанне пейзажа, успрыманне колераў, свету і ценяў, успаміны, пачуцці і эмоцыі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.