Вы тут

Самае страшнае


Мікіта Лаўрэцкі — рэжысёр, з імем якога аўтаматычна звязваеш тое, што кінаабывацелі называюць артхаусам, эксперыментальным, малабюджэтным кіно, мяжой ігравога і дакументальнага і маюць на ўвазе, што без падрыхтоўкі да такога мастацтва лепш не падыходзіць і не дакранацца. Апошняя з яго работ, прэзентаваных у Беларусі, называецца «Сашына пекла».


Кадр з фільма «Сашына пекла».

Прэм’ера карціны адбылася ў красавіку мінулага года на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, а беларускаму гледачу была прадстаўлена ў межах кінафестывалю «Лістапад».

«Сашына пекла», здаецца, можна ўспрымаць як эксперымент, які ў сутнасці поўнасцю адпавядае аўтарскаму стылю. Карціна знятая на VHS-плёнку. Візуальны складнік, адпаведна, атрымліваецца зярністы, «шумны», што не толькі цалкам адпавядае чаканням гледача, які пабачыў на афішы імя Мікіты Лаўрэцкага, але і выконвае сэнсавую функцыю — спрыяе пачуццю энтрапіі і экзістэнцыяльнага цяжару, якімі прасякнуты ўвесь фільм.

Рэжысёр абазначае жанр сваёй карціны як эма-хорар. Гэта аўтарскае абазначэнне, невядомае патэнцыйнаму гледачу. Але, пабачыўшы яго, чапляешся за тое, што павінна стаяць за словам «хорар». І Мікіта Лаўрэцкі поўнасцю правальвае такое чаканне. Некалькі рэцэнзій, якія з’явіліся ў інтэрнэце пасля прэм’еры карціны, з гэтага і пачынаюцца: маўляў, чакалі хорар, фільм жахаў, а атрымалася толькі жудасна незвычайна. Першае слова ў фармулёўцы аўтарскага жанру з’явілася невыпадкова. Гэта эмацыянальны хорар. Усё самае страшнае ў ім — унутры чалавечай свядомасці.

Сюжэт расслойваецца на два пласты. У адным звычайны офісны працаўнік Саша ў вольны час стварае біты для папулярнага ў вузкіх колах бельгійскага рэпера Олі. На пачатку фільма Олі прыязджае ў Беларусь, каб сустрэцца са сваім бітмэйкерам і даць адзін амаль падпольны канцэрт. Дэкарацыямі выступаюць вуліцы сучаснага Мінска. Саша жыве ў вузкім здымным пакоі, у які ледзь ўмяшчаецца раскладны фатэль, камп’ютарны стол і сінтэзатар. Інтэрв’ю хлопцы даюць, абапіраючыся на вулічны столік каля ларка з шаурмой, а канцэрт адбываецца ў напаўразбураным памяшканні, дзесьці за прасторай ОК16. У спалучэнні якасці кадраў і лакацый атрымліваецца сапраўдная візуальная дэпрэсія. Але існуе другі сюжэтны пласт, напоўнены дзіўнымі цёмнымі рытуаламі, для якіх настолькі складана знайсці лагічнае тлумачэнне, што здаецца, быццам фокус раптам пераключаецца з рэчаіснасці на нейкую чыста эмацыянальную прастору. І, хаця па мантажы гэтыя сцэны ідуць паслядоўна, ствараецца ўражанне, што дзеянне адбываецца ў паралельных светах — на працягу кожнага дня Саша паступова спускаецца ў сваё пекла.

Адказваючы на пытанні гледачоў пасля лістападаўскага паказу, Мікіта Лаўрэцкі казаў: «Я не ведаю пра свайго героя болей, чым паказана ў фільме. Магчыма, гэта і ёсць самае страшнае — тое, што мы пра яго нічога не ведаем». Перад нашымі вачыма разгортваецца ўнутраная трагедыя, і Мікіта Лаўрэцкі знайшоў вельмі арыгінальны і сучасны сродак яе паказаць.

Галоўны герой, увасоблены на экране Аляксеем Свірскім, выпраменьвае адчуванне некаторай няёмкасці, няскладнасці. Гэты персанаж мог стаць тыповым незразумелым творцам, але ім не стаў. Асабліва адчувалася гэта толькі ў адным моманце — сцэне з офіса ў самым пачатку фільма. Яна выглядае крыху адарванай ад агульнага цячэння дзеяння, занадта тыповай і  за кошт гэтага штучнай. Хаця зразумела жаданне рэжысёра пашырыць свет вакол галоўнага героя да звычайнага жыцця, элементы, не звязаныя з асноўнай сюжэтнай лініяй падаюцца неабавязковымі.

Своеасаблівую ролю выконвае гераіня Вольгі Кавалёвай, якую Саша і Олі сустракаюць перад канцэртам. Яна быццам увасабляе вонкавы свет, адначасова варожы і такі, які імкнецца зразумець героя, заўважае яго. У  гэтым знаёмстве раскрываецца кантраст паміж галоўнымі героямі ў падыходзе да камунікацыі. Каця бярэцца зрабіць відэакліп для рэпера, і ён атрымліваецца своеасаблівым, але вельмі светлым на фоне агульнай атмасферы фільма.

Тое, што самае страшнае ў гэтым хорары будзе ўнутраным, не відавочна адразу. Падабаецца, што аўтар не вызначае для сюжэтастваральнага стану свайго персанажа канкрэтных прычын, нагод, «трыгераў», такім чынам пазбаўляючы героя лішняй ацэнкі. Гэта падаецца актуальным на фоне паступовай дэстыгматызацыі псіхічных захворванняў. Магчыма, у навастворанага жанру ёсць патэнцыял стаць оптыкай для раскрыцця сацыяльна-вострых пытанняў, але ў Лаўрэцкага атрымалася проста гісторыя пра чалавека, у якой метафара і рэчаіснасць пераплятаюцца, становяцца непадзельнымі, і за кошт гэтага эксперыментальная форма здаецца адзінай магчымай формай існавання такой гісторыі.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.