Вы тут

НеверБАЛЬнае прызнанне, або Выказацца ў танцы


Ці ўсё можна сказаць словамі? Думаецца, часам большай красамоўнасцю валодаюць дотык, узмах, жэст, позірк… Варта толькі вачам сустрэцца, як у сэрцы ўспыхвае штосьці гарачае… Рука дамы ў ажурнай пальчатцы бязважка апускаецца на цвёрдую руку кавалера, позіркі сыходзяцца — і пачынаецца падарожжа ў краіну танца. Пары плывуць як птушыны клін: усё падпарадкавана сістэме, настрою танца. І шэсце скіроўваецца няйначай як у эпоху велічнасці. Класіка прыцягвала заўсёды. Вось ужо 11-ы раз элітарнае мастацтва запальвае сэрцы неабыякавых, тых, хто збіраецца на традыцыйным штогадовым Вялікім навагоднім балі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.


Галоўны танцмайстар балю Юлія Дзятко (злева) і асістэнт Юлія Корсун — увасабленне вытанчанасці і грацыі.

Высокі этыкет балю і сёння дае магчымасць хлопцу адчуць сябе больш упэўненым, а дзяўчыне — жаданай, вытанчанай. Тут пышныя сукенкі пераліваюцца рознымі адценнямі ў святле сафітаў, час бяжыць хутка і мімаволі гулліва думаеш: «Ці не згубіць туфлік?».

Мне выпала магчымасць адчуць бальную атмасферу знутры. І рэпетыцыйныя па і рэверансы расквеціліся кантрольным выхадам на ўрачыстым балі на стары Новы год. Адзінаццаты баль у Оперным заззяў эмацыянальным феерверкам: месяц назад вучаніца на рэпетыцыях, сёння на балі я з нецярпеннем чакала самавыяўлення праз танец, галоўны інструмент якога — цела. І які ж шырокі ў яго дыяпазон невербальных сігналаў! Галоўнае — правільна іх інтэрпрэтаваць, і танцы гэтаму дапамогуць! Сярод іншых эфектных сродкаў невербальнай камунікацыі — адзенне і ўпрыгожванні, што яскрава дэманструе баль.

— Баль прыцягвае старажытнымі прыгожымі касцюмамі, магчымасцю прыбрацца, — адзначае балетмайстарпастаноўшчык, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Дзятко. — Для людзей ва ўзросце баль не параўнаецца ні з чым (хоць і ладзяцца для іх розныя мерапрыемствы) — гэта як дакрануцца да чагосьці высокага. І натхніцца адмысловай атмасферай Вялікага тэатра оперы і балета.

Здаецца, баль — гісторыя з мінулага, але ўвасабляецца сёння. Дзякуючы танцу, які па-майстэрску ажыўляе балетмайстар Юлія Дзятко: «Танец — гэта ўсё маё жыццё (з чатырох гадоў), гэта мая праца, пакліканне, натхненне, любоў, дом. Ужо не ведаю, як без яго. Хоць цяпер не танцую, але ўсё роўна ў танцы. І кожны адгукаецца ў душы па-свойму. Сказаць, што я люблю ставіць і танцаваць вальс — значыць абмінуць польку… Мне падабаецца ўсё: і паланэз, і вальс, і кантрданс, і полька».

Баль збірае шмат адданых прыхільнікаў, некаторыя з якіх танцуюць ажно з першага сезона, гэта карыфеі са стажам. Вольга Санельнікава, напрыклад, адтанцавала ўжо 6 сезонаў. «Нашых бальных заўсёднікаў не палохае тое, што з кожным годам праграма харэаграфічна ўскладняецца, хай не па малюнках, бо зала не дазваляе, — тлумачыць Юлія Дзятко. — Аднак танцы робім такія, каб справіліся ўсе».

Юлія Дзятко гаспадарыць на балі чацвёрты год і ўжо стала яго сімвалам. Для яе баль — хутчэй не работа, а покліч душы, а яшчэ — добры спосаб трымаць бадзёры настрой: «Мне гэтая дзейнасць вельмі падабаецца, асабліва калі ёсць свая каманда, зладжанасць, калі разумеюць з паўслова, тады працаваць — адно задавальненне».

Асістэнт балетмайстра-пастаноўшчыка Павел Чванаў трэніруе ўжо трэці сезон:

— Я танцую з пяці гадоў. Першапачаткова займаўся класікай. Так атрымалася, што побач з класічнай аказалася зала, дзе выкладалі бальныя танцы. Мая танцавальная кар’ера пачалася ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Да трэнерскай дзейнасці НеверБАЛЬнае прызнанне, або Выказацца ў танцы танцамі я займаўся бальш чым 10 гадоў. Амплуа трэнера мне па душы, як і працэс выкладання, асабліва калі бачыш, што ў танцораў атрымліваецца, яны ідуць са шчаслівым выразам твару.

Танец і душа для Паўла непадзельныя: «Бывае, іду па вуліцы і адначасова прадумваю рухі, харэаграфію, і мінакі міжволі ўсміхаюцца, калі бачаць, як я паціху падтанцоўваю (з амплітудай: мне ж патрэбна прастора)... Вось так, прыдумляючы новы рух, раблю іншых крыху больш шчаслівымі».

А з чым звязана бальнае прыцягненне? Хтосьці да балю рыхтуецца цэлы год: шыюць сукенку, да дэталяў прадумваюць вобраз — жывуць гэтым. Сёлета ў конкурсе на найлепшы касцюм перамагла Вераніка Пастарнак. Шматгадовая адданасць балю — найлепшае сведчанне яго высокай місіі і запатрабаванасці.

«На балі можна сустрэцца, пагаварыць, гэта высокасвецкае мерапрыемства, а яшчэ — магчымасць атрымаць задавальненне ад танца, атмасферы», — перакананы Павел Чванаў. Ды, верагодна, першачарговая на балі — апантанасць танцам, што перадаецца ад трэнера танцорам. «Танец ідзе са мной па жыцці, — гаворыць Павел. — Для мяне гэта штосьці такое прыгожае, як захад сонца, яркае, як салют, заспакаяльнае — як марскі брыз».

Пэўна, марскую стыхію на балі ўвасабляе велічны паланэз — як шаноўны гаспадар: ён урачыста адкрывае танцавальную праграму. І вось пары прыгожа паплылі, далікатна ўказваючы ў такт нагой. «До за до», перакідка, паклон, абводка — фігуры адна за адной, і танцавальнае падарожжа разам з ласкавым брызам набірае хаду. Сінхроннасць пар стварае неверагоднае відовішча: кавалеры стаяць тварам да цэнтра, дамы — насупраць, потым сыходзяцца. Пазней кавалер будзе чакаць даму, стоячы на калене. Зала — прастора адухаўлення. І сола дам — як танец птушак. Перакідка, і ўрачысты крок паланэза — шырока, грацыёзна, быццам самадастатковае цячэнне глыбакаводнай ракі.

Кацярына Гладкая і Максім Катовіч прыйшлі на баль упершыню: захацелася адчуць штосьці новае, ды і, вядома, прыгожа прайсціся ў адмысловых векавых па.

Курсант авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Павел Брышцен упадабаў паланэз, а яго сябра курсант Юрый Тарасевіч — вальс: тут, на яго погляд, больш пачуццёвых рухаў, вытанчаных фігур. Дарэчы, танчаць на балі курсанты Ваеннай акадэміі з факультэтаў проціпаветранай абароны, сувязі і аўтаматызаваных сістэм упраўлення, агульнавайсковага, унутраных войскаў... Іх парадная форма і падцягнутая пастава для дам  — замілаванне, нагода для гордасці і  павагі. Асабліва калі на балі яны дэманструюць найлепшыя мужчынскія якасці, даючы даме магчымасць адчуць сябе пад надзейнай абаронай, сапраўднай жанчынай.

Баль вабіць не толькі суайчыннікаў — заўсёднікі тут і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Фа Ва — з Кітая, ён аспірант факультэта міжнародных зносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на балі ўжо другі раз: «Я люблю танчыць. І больш вальс: ён вельмі эстэтычны».

Як і кантрданс, які падобны на ўспышку гарэзлівасці, весялосці. Тут пастаяннае ўзаемадзеянне: вось пары мяняюцца, каб потым сысціся і, узяўшыся за рукі, рушыць у рытмічным кроку. Усё аздабляецца паклонамі ўправа, улева. Адмысловая фігура — калі чацвёркі змыкаюць рукі ўгары — атрымліваецца свечка. Але самая чаканая фігура — «шэн»: крок наперад — сустрэча з новым партнёрам, і так чатыры разы. Позірк новага партнёра — як іскра. Што б маглі выказаць вочы дамы ў тыя часы? Перажыванне, надзею? Фігура «шэн» — разынка кантрданса: крочанне насустрач новаму партнёру, падаванне яму рукі і вітанне позіркамі прыемна кружыць галаву. Незвычайная фігура  — так званыя домікі: адна пара трымае рукі ўгары, а другая «нырае» ў створаны такім чынам домік, потым чаргуюцца. Прыгожа, калі пары мяняюцца, пераходзячы наперад адна адной, — своеасаблівы жывы фантан пад акрыленую мелодыю кантрданса. Увогуле, у гэтым танцы ўсё пабудавана на замене з партнёрамі — бясконцы рух, інтэрактыў. І  фінал — тэмпераменты паклон з заваротам і выкідам рукі ўверх — як клічнік. Яркая імклівая музыка кантрданса здольна перанесці ў часы віравання баляў і падарыць россып пачуццяў. Пэўна, у гэтым параўнацца з кантрдансам можа толькі полька, у нечым свавольная і непрадказальная. Зала тэатра задае настрой узнёсласці, і  ты дыхаеш эпохай, узнімаешся над будзённасцю. Сілуэты дам нагадваюць зіхаценне агеньчыкаў на святочнай ёлцы. Ды вытанчаныя строі найбольш выразна лунаюць у вальсе.

Вальс заварожвае з самага пачатку: арыстакратычны паклон быццам задае тон танцу. Далікатнасць — у кожным нюансе: мужчыны стрымана робяць ківок галавой, жанчыны злёгку прысядаюць на нагу. Фігуры «люстэрка», «до за до з паваротам» — і дама праносіцца вакол партнёра, каб пасля зліцца з ім у вальсавым ходзе. Праменад па коле — непераўзыдзены жывапіс: дамы — як пушынкі, як сняжынкі, якіх так не хапае гэтай зіме. Ідэальнае вальсіраванне, пары ва ўнісон, на тварах — захапленне, прадчуванне палкага пачуцця, узаемнасці. Як лодкі злёгку хітаюцца на вадзе пад ласкавым ветрам — так пары быццам гайдаюцца ў вальсіраванні. Здаецца, не спыняцца, бо прагнуць новага пад’ёму. Калі плаўнымі лініямі класічных па ў вальсе перадаецца любоў, то імклівым каскадам рухаў у польцы — іскрамётнасць, флірт. Зліццё музыкі і харэаграфіі — неверагодны эмацыянальны напал. Эфектнае масавае перамяшчэнне пар падобна на слізганне лебедзяў па воднай гладзі. А потым — палёт, адухоўлены шчырым пачуццём. І пары такія праўдзівыя, быццам драматычныя акцёры.

Яркую вобразнасць давала арганічная сувязь з музыкай. Музыка вызначала характар кожнага танца, яго тэмп і рытм. Французскі балетмайстар XVIII ст. Новер у сваёй кнізе «Пісьмы аб танцы і балетах» адзначаў: «Танец, адлюстроўваючы мелодыю, з’яўляецца рэхам, якое паўтарае тое, што гаворыць музыка». Малюнак рухаў ствараў дзівосную эмацыянальную атмасферу. Свята віравала.

Выразнасць дзеі — ад гармоніі музыкі і танца, рухаў і душэўных фарбаў. Вісарыён Бялінскі, рускі літаратурны крытык ХІХ стагоддзя, называў танец скульптурай, якая рухаецца, — пластыкай, што пакінула свой п’едэстал. Ці не для таго, каб «высякаць са свайго цела агонь і выразнасць», як раіў Новер. І запальваць сэрцы.

Праграма балю ўражвала змястоўнасцю і дынамічнасцю. З кожным годам арганізатары стараюцца разнастаіць свята, унесці штосьці новае і здзівіць. Сёлета балем кіраваў Галівуд. Па чырвонай дарожцы прайшліся Чарлі Чаплін, Ніколь Кідман, Лайза Мінэлі, Кэмеран Дзіяс, Ума Турман, Джон Траволта… А рэй вялі непараўнальныя зоркі оперы Мансэрат Кабалье (Святлана Марусевіч) і Лучана Павароці (Дзмітрый Шабеця). Адметнасць балю 2020-га — неверагодна насычаны канцэрт-сюрпрыз «А карабель плыве» на галоўнай сцэне тэатра: зорны карабель наведалі вядомыя артысты Вялікага Ніна Шарубіна, Уладзімір Пятроў, Ілья Сільчукоў, Вікторыя Красінская, Дзмітрый Шабеця, Таццяна Траццяк, Ілья Гагідзэ (у ролі Лучана Павароці), Віктар Мендзелеў (Чарлі Чаплін)... Усіх пакарыла Ціна Цёрнер у выкананні Анастасіі Вахомчык, таксама Мэрылін Манро (Алена Таболіч), Фрэнк Сінатра (Станіслаў Трыфанаў)…

А хацелі б зазірнуць у выязное казіно, дзе грошы не патрэбны? А яшчэ — на музычныя віктарыны, караоке, фотазоны... Пляцоўкі працавалі сінхронна, і ад насычанасці займала дух. Сінема-баль перадаваў эстафету Чаплін-балю. Традыцыйна ўзялі ў палон забавы, батлы, майстар-класы, зоны адпачынку, фотасесіі, самай запатрабаванай з якіх стала фотабудка — аператыўны пункт сэлфі з імгненным друкам фотакарткі (даўжэзная чарга — менавіта сюды). І ці трэба гаварыць, што ўсё багацце праграмы ахапіць аказалася ледзь магчымым... Працягнуць наступным разам?!

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.