Родным рускага салдата Антона Аўдушчанкі, пра якога ў родзе не было ніякіх вестак з часу яго адпраўкі на фронт у 1941‑м, удалося знайсці ягонае месца пахавання: у Светлагорскім раёне Беларусі
Шмат часу прайшло з пераможнага мая: сёлета будзе 75 гадоў, як народ-пераможца жыве ў міры. Але ж не могуць супакоіцца людзі, якія ў пару ваеннага ліхалецця атрымалі паведамленні з фронту пра роднага чалавека: прапаў без вестак. Ёсць надзея, што можа знойдзецца. Можа хоць які слядочак архіўны, ці згадка баявых сяброў падкажа нешта больш канкрэтнае, дапаможа вярнуць салдата з палону невядомасці. Нашчадкі, унукі ды праўнукі салдатаў Вялікай Айчыннай, выкарыстоўваючы электронныя базы дадзеных, цяпер вядуць пошукі, збіраюць звесткі па крупінках, робяць запыты ў архівы.
І наша беларускае зямляцтва ў Бранску ў такой пошукавай працы задзейнічана. Калі ёсць падставы меркаваць, што загінуў савецкі салдат на тэрыторыі Беларусі, то нярэдка й да нас звяртаюцца людзі па дапамогу. Вось і Ала Аляксееўна Мармазінская, дырэктар Нецьінскай школы імя Юрыя Леўкіна (гэта Бранскі раён) даўно шукала месца гібелі й пахаванні свайго дзеда. Ён, Антон Архіпавіч Аўдушчанка, 1913 года нараджэння, родам быў з Трубчэўскага раёна. Прызвалі яго ў Чырвоную армію ды адправілі на фронт у 41‑м. Пакінуў салдат дома жонку Праскоўю Рыгораўну, сыноў Аляксея, Аркадзя й дачку Ганну. З тых часоў ніякіх вестак пра яго ў родных і не было: ну як прапаў чалавек. Вядома ж, на вайне ўсялякае здаралася. І хоць унучка прадпрымала спробы адшукаць дзедавы сляды, але ўсё — безвынікова.
І вось пашанцавала сыну Ганны, дачкі салдата: ён адшукаў першыя звесткі пра гібель дзядулі менавіта ў Беларусі. А дзе канкрэтна? З просьбай дапамагчы ўстанавіць месца гібелі, удакладніць месца пахавання дзядулі Ала Аляксееўна звярнулася ў беларускае зямляцтва. Мы, ужо маючы пэўны досвед падобных пошукаў, зрабілі запыты. Як аказалася, “рядовой А. А. Авдущенко 139 сп 41 сд 63 А Бел Фронта погиб 10 февраля 1944 года на южной окраине леса у деревни Петровичи Паричского района Полесской области Белорусской ССР”. Такім быў запіс ваеннага часу, знойдзены ў архівах. Мы ўстанавілі: цяпер вёска Пятровічы — на тэрыторыі Светлагорскага раён Гомельскай вобласці. Даведаліся таксама, што ў 1956‑м парэшткі салдата былі перапахаваныя ў брацкай магіле ў вёсцы Чэрнін. І яшчэ такая вестка прыйшла з далёкага мінулага: 4 студзеня 1944 года, незадоўга да гібелі, “рядовой Авдющенко А. А. приказом № 47/н 41‑й стрелковой дивизии 63‑й Армии Белорусского фронта от имени Президиума Верховного Совета Союза ССР награжден Орденом Красной Звезды”. Фармулёўка такая: “...за образцовое выполнение боевых заданий командования на фронте в борьбе с немецкими захватчиками и проявленные при этом доблесть и мужество”.
Мы зрабілі запыт у Светлагорскі райвыканкам. Адказваючы на яго, беларусы даслалі на адрас зямляцтва фатаграфіі брацкай магілы з помнікам загінулым воінам і, самае галоўнае, — фотаздымак мемарыяльнай пліты, на якой значыцца пахаваным радавы Аўдушчанка А. А. Яшчэ былі прыкладзены й кантакты старшыні Мікалаеўскага сельвыканкама Міхаіла Іванавіча Караля, які выказаў гатоўнасць прыняць сваякоў салдата, калі яны прыедуць, каб наведаць брацкую магілу. Я бачыў, як слёзы навярнуліся на вачах Алы Аляксееўны, калі яна знаёмілася з гэтай інфармацыяй. Тут жа расказала ўсім сваякам: есць куды паехаць, пакланіцца, ускласці кветкі. Родзічы салдата плануюць усе разам паехаць на Гомельшчыну ды ўшанаваць памяць блізкага чалавека, пра лёс якога нічога не было вядома 78 гадоў. Ала Аляксееўна выказала вялікую падзяку беларускаму зямляцтву, якое паспрыяла ў пошуках слядоў дзядулі-байца, які загінуў за вызваленне Беларусі. Мы ж казалі: беларусы ўдзячныя ўсім героям, якія вызвалялі нашу родную зямлю. Тое бачна, дарэчы, і па дагледжанай брацкай магіле, дзе пахаваныя байцы розных нацыянальнасцяў, якія вызвалялі Беларусь. Вось так і мацуецца дружба брацкіх народаў.
Мікалай Голасаў, старшыня праўлення Беларускага зямляцтва на Браншчыне
Ад рэдакцыі. У інтэрнэт-архіве ГР мы знайшлі публікацыю Мікалая Голасава “Памяць стукае ў сэрцы” (ГР, 27.10.2016) з яскравым падзагалоўкам: “Беларускае зямляцтва на Браншчыне, якое адзначае 10‑гадовы юбілей, дапамагае тым, хто шукае сляды прапалых без вестак і загінулых родзічаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны”. Тады Мікалай Іванавіч з ягонымі паплечнікамі па беларускай суполцы змаглі дапамагчы знайсці весткі пра родных людзей мінчаніну, выкладчыку БДУ, былому консулу Беларусі ў Францыі Валерыю Рыдкому, а таксама жыхару Бранска, палкоўніку запасу Паўлу Чупрыгіну.
Надзвычай добрую справу робіце, шаноўныя беларусы Бранска! Спадзяемся, і з ушанаваннем памяці герояў вайны ў вёсцы Хамінцы Лоеўскага раёна Гомельшчыны (родам адкуль Мікалай Голасаў) таксама ўсё атрымаецца.
Што да пахавання савецкіх воінаў у вёсцы Пятровічы, то ў брацкіх магілах там пахавана больш за 1000 чалавек — з самых розных куткоў Савецкага Саюза. Падрабязныя спісы ёсць на даведачна-інфармацыйным партале гарадскога пасёлка Парычы: http://www.parichi.by/requiem_regions/113/173/
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.