Рэпрынтныя выданні, якія ўвайшлі ў каштоўны санкт-пецярбургскі праект “Белорусская библиотека”, дапамагаюць паглыбіцца ў беларускую даўніну, лепш разумець традыцыі продкаў
Абрад падтрымання ў храмах, на язычніцкіх капішчах нязгаснага свяшчэннага Агню спрадвеку існаваў у многіх культурах. Асаблівы гонар — быць ягонымі захавальнікамі — звычайна выпадаў толькі абраным. У даўніх традыцыях, што жылі на тэрыторыі старажытнай Літвы (тыя тэрыторыі, пэўны час і з каралеўскім горадам Наваградкам на чале, уваходзілі раней у склад Вялікага Княства Літоўскага, цяпер яны часткова — на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. — Рэд.), агонь-Зьніч зберагалі жрыцы-вайдэлоткі — дзяўчаты з вышэйшых саслоўяў, якія прынялі зарок бясшлюбнасці. За парушэнне зароку было вызначана вельмі строгае пакаранне: тую, што правінілася, вешалі голай на высокім дрэве, закопвалі жыўцом у зямлю ці, здаралася й такое, зашывалі ў скураны мех з камянямі, коткай, сабакам і змяёй ды везлі да Нёмана на дзвюх чорных каровах — і там апускалі мех у ваду.
Яркія карціны жыцця продкаў сёння ўспрымаюцца намі неадназначна, ды ўсё ж яны дапамагаюць спасцігнуць асаблівасці нацыянальнага менталітэту. Нямецкія хронікі, рускія летапісы, першыя сачыненні палякаў, замалёўкі падарожнікаў і амбасадараў — вось тыя рэдкія крыніцы, з якіх мы хоць нешта даведваемся пра даўнейшую гісторыю Беларусі. Вельмі цікава чытаць старажытныя апісанні мясцовых звычаяў прадстаўнікамі тых народнасцяў, з якімі побач даводзілася жыць продкам цяперашніх беларусаў.
Выдадзеныя часта больш за стагоддзе таму, многія гістарычныя працы, прысвечаныя падзеям даўняе пары (калі не распачаў яшчэ сваю падзвіжніцкую друкарскую дзейнасць — першым на ўсходнеславянскіх землях — знакаміты палачанін Францыск Скарына), сталі сёння бібліяграфічнай рэдкасцю. Багаты этнаграфічны матэрыял, звесткі пра археалагічныя знаходкі, геаграфічныя атласы й карты, зборнікі па гісторыі, культуры Беларусі ў сілу аб’ектыўных прычын былі падрыхтаваныя расійскімі навукоўцамі. Сёння ж тыя каштоўныя набыткі захоўваюцца ў навуковых фондах за межамі Беларусі — краіны, якой былі прысвечаны.
Каб зрабіць даступнымі ўнікальныя выданні, у Санкт-Пецярбурзе быў падрыхтаваны адзіны ў сваім родзе збор рэпрынтаў рарытэтных кніг (больш за 60 тамоў) па гісторыі, культуры Беларусі, якія выйшлі ў XVІІІ — пачатку XX стагоддзя. Такі праект пад назвай “Белорусская библиотека” рэалізавала выдавецтва “Альфарет”, якое спецыялізуецца на выпуску факсімільных кніг.
Комплекснае вывучэнне беларускіх зямель пачалося ў XІX стагоддзі. У 1830‑я гады ваеннае ведамства Расійскай імперыі выдала дзве шматтомныя серыі даследаванняў: “Военно-статистическое обозрение Российской империи” ды “Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба”. Некалькі тамоў гэтых серый былі прысвечаны Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай губерням. Пры тагачасных сродках сувязі звесткі з тых даведнікаў былі ў свой час неацэнныя і для ваенных, і для гандлёвых людзей: “В г. Полоцке паром на канате, поднимающий тяжести до 500 пудов и более, длина его 8 и ширина 4 сажени, на переезде потребно 15 минут”. Вычарпальная, пагадзіцеся, тэхнічная характарыстыка сродка перасоўвання!
Неацэннымі гістарыяграфічнымі крыніцамі па гэты дзень застаюцца шматтомныя працы археаграфічных камісій ды карпатліва сабраныя этнаграфічныя замалёўкі: песні, казкі, прыказкі, дзіцячыя гульні, выдатныя рэцэпты народнай медыцыны.
Адно з найяркіх выданняў калекцыі, “Памятники русской старины в западных губерниях”, выходзілі пад кіраўніцтвам Пампея Мікалаевіча Бацюшкава — вядомага гісторыка й этнографа. Першыя чатыры выпускі расказвалі пра Валынь, наступныя два — пра Вільню, астатнія — пра Холмскую Русь. Раскошныя альбомы ўтрымлівалі чорна-белыя й каляровыя карты мясцовасці, віды праваслаўных сабораў і храмаў, літаграфіі з выявай старажытных разбураных цэркваў ды гісторыі аднаўлення іх, здымкі праваслаўных святынь і малюнкі артэфактаў старажытнасці. “Памятники…” грунтуюцца на пісьмовых і народных паданнях, у іх апісаны таксама й рэшткі твораў старажытнага дойлідства, пісьменства.
Ужо сучаснікі па вартасці ацанілі значнасць таго праекта. Калі ж у 1875 годзе гаворка зайшла пра спыненне выдання на шостым выпуску (як звычайна, не хапала сродкаў…), то ў прэсе з’явіліся шматлікія водгукі за прадаўжэнне выдання. Так, “Санкт-Петербургские ведомости” паведамлялі пра гэтае выданне, што яно “без сомнения, одно из замечательнейших русских археологических изданий. Оно ведется вполне сообразно с научными требованиями, а по художественному выполнению может считаться наравне с лучшими французскими и английскими изданиями в этом роде”. Усяго ж выйшла восем выпускаў, прычым яны ўпершыню былі перавыдадзеныя ў плыні праекта “Белорусская библиотека”.
Час бязлітасны да папяровай спадчыны. Далёка не ўсе выданні дайшлі да нас у першапачатковым выглядзе, і нават тыя асобнікі, што захаваліся ў бібліятэках, нярэдка маюць лакуны, пацёртасці на старонках, заломы. Не ўсе выданні знаходзяцца ў адкрытым доступе й вядомыя шырокаму колу аматараў гісторыі. У гэтым сэнсе асабліва не пашанцавала геаграфічным атласам і картам. Шэдэўры картаграфіі звычайна захоўваюцца як нацыянальны здабытак: у дзяржаўных архівах. Яны, як правіла, прызначаліся для службовага карыстання, вырабляліся ўручную, таму захаваліся ў адзінкавых экзэмплярах і ніколі не траплялі на антыкварны рынак. Вось тым, несумненна, і каштоўныя пярліны ў калекцыі “Белорусская библиотека” — факсімільныя копіі геаграфічных атласаў: Магілёўскага, Полацкага намесніцтваў, карты Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Калі ўважліва прыгледзецца да клапатліва выведзеных умоўных пазнак на старых вытанчаных картах, то мы пабачым прыстані й дарогі, цэрквы, манастыры, раскіданыя паўсюль мястэчкі, сёлы й вёсачкі, а каштоўны статыстычны матэрыял раскажа пра тое, колькі дзе было жыхароў, розных заводаў і лясных угоддзяў. Буйны ж маштаб здымкаў дае магчымасць убачыць драбнюткія дэталі, асаблівасці жыцця тае эпохі ва ўсіх падрабязнасцях.
Усе выданні праекта “Белорусская библиотека” — гэта вяртанне чытачам дакладных копій кніг. Яны выкананы ў лепшых традыцыях кніжнага мастацтва, пераплецены ў натуральную скуру ды ўпрыгожаны арыгінальным цісненнем. Буйнафарматныя атласы, якія з’явіліся ў канцы XVІІІ стагоддзя, пераплецены й прашытыя па старых тэхналогіях, і нават папера ў іх падабраная на ўзор той, старадаўняй.
Ва ўсе часы захаванне памяці пра мінулае, беражлівае стаўленне да традыцый былі прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці ва ўмацаванні нацыянальнага духу, Агню нацыі. У немалой ступені таму паспрыяе й другое нараджэнне гістарычных помнікаў пра шматвекавую гісторыю Беларусі.
Надзея Паршукова, супрацоўніца выдавецтва “Альфарет”, кандыдат філалагічных навук, г. Санкт-Пецярбург
Ад рэдакцыі. Нататкі, дасланыя з Санкт-Пецярбурга, мы падаем напярэдадні XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе ў сталіцы Беларусі з 5 па 9 лютага. Спадзяемся, што ў наведнікаў Кніжнага свята будзе магчымасць патрымаць у руках, пагартаць рарытэтныя, унікальныя выданні, пра якія расказвае паважаны аўтар. Бо Расія на выставе — Краіна-Ганаровы госць.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!