Вы тут

Французы здымуць фільм аб дзiкай прыродзе Беларусi


Французская кампанія NOMADES сумесна з універсітэтам Латарынгіі плануе зняць дакументальны фільм аб дзікай прыродзе Беларусі. Пад прыцэлам камер апынуцца прыродаахоўныя комплексы і іх насельнікі - воўк, рысь і мядзведзь. Мэта стужкі -- паказаць умовы суседства людзей з драпежнікамі. Дакументальную карціну плануюць паказаць па дзяржаўным тэлебачанні Францыі, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.


“Французы ў асноўным з бояззю ставяцца да гэтых драпежнікаў: яны ўпэўненыя, што іх сумеснае існаванне з людзьмі практычна немагчыма. На прыкладзе Беларусі мы хочам паказаць, што гэта не зусім так і што драпежнікі не аказваюць істотнага негатыўнага ўплыву на чалавека”, - цытуе прэс-служба міністэрства словы на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінлясгаса аднаго з аўтараў праекта Алена Крэцьена.

У выпадку згоды беларускага боку здымкі плануюць правесці на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” і Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Па словах прадстаўніка кампаніі NOMADES, яны адрозніваюцца ад існуючых прыродаахоўных комплексаў Францыі.

“Безумоўна, у нас ёсць прыродныя тэрыторыі, якія знаходзяцца пад асаблівай аховай - гэта вельмі прыгожыя лясы! Але там няма драпежнікаў. А ў Беларусі ёсць адразу ўсё. Менавіта таму мы б хацелі зняць фільм у вас”, -- растлумачыў Ален Крэцьен.

У сваю чаргу першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка адзначыў, што са свайго боку ведамства гатова аказаць неабходную падтрымку праекту.

“Будучы паляўнічым, я разумею, што зняць на відэа буйных драпежнікаў будзе складана. Але калі выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і мінімізаваць удзел чалавека, то магчыма. Беларусь ганарыцца сваёй прыродай і нам сапраўды ёсць што паказаць еўрапейцам”, - рэзюмаваў Валянцін Шатраўка.

У бліжэйшы час французскі бок разлічвае атрымаць неабходныя ўзгадненні, пасля чаго зможа прыступіць да рэалізацыі праекта.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв'ю: problr.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.