Вы тут

Каранавірус набірае моц? Што вядома


Колькасць загінулых у Кітаі ад каранавіруса 2019-nCoV вырасла да 132 чалавек. Дзяржаўны камітэт КНР па пытаннях аховы здароўя паведамляе аб 5974 пацвержаных выпадках захворвання, 31 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. У больш чым дзевяці тысяч чалавек — падазрэнне на захворванне. Адсочана больш за 65,5 тысяч тых, хто кантактаваў з хворымі, большасць з іх знаходзяцца пад назіраннем. 


recipe.ru

У беларускага дальнабойшчыка дыягназ не пацвердзіўся

Тым часам у пасёлку Прывольным пад Мінскам пазаўчора быў шпіталізаваны дальнабойшчык адной з лагістычных кампаній з падазрэннем на каранавірус. Кіроўца нядаўна вярнуўся з Кітая, ён быў у Маньчжурыі (гэта частка краіны, якая прылягае да расійска-кітайскай граніцы). У яго паднялася тэмпература і калегі выклікалі хуткую дапамогу. Медыкі прыехалі ў спецкасцюмах, а пацыента змясцілі ў спецыяльны ізаляцыйны бокс, у якім і перавозілі. 

— 11 студзеня мужчына выехаў з Маньчжурыі, далей ехаў толькі па тэрыторыі Расіі. Дзень таму ў яго паднялася тэмпература да 37,1 градусаў і пагоршылася самаадчуванне. Ён быў шпіталізаваны. Зараз тэмпература ў норме, пацыент знаходзіцца ў спецыяльным боксе ў бальніцы. Каранавірус у яго не пацвердізўся, — паведаміла прэсс-сакратар міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. 


Якія сімптомы і чым лячыць?

Каранавірус не мае спецыфічных сімптомаў. Як расказаў прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, доктар медыцынскіх навук Ігар КАРПАЎ, асаблівай клінічнай карціны не назіраецца: у хворага можа паднімацца тэмпература, але інфекцыя можа працякаць і без яе. Пры гэтым пацыент скардзіцца на боль у горле, насмарк, кашаль, магчымы кан’юнктывіт (запаленне слізістай абалонкі вока), дыярэйныя ўскладненні. Няма і спецыфічнага лячэння ад гэтай інфекцыі. Рэкамендуецца зняць хвораму інтаксікацыю, аказаць рэспіраторную падтрымку, праводзіць гарачкапаніжальную і абязбольвальную тэрапію. 

Заразіцца новым вірусам не так проста, як скажам, грыпам. Ён валодае невысокай кантагіёзнасцю. Захварэць можна пасля доўгага кантакту з хворым (падчас сумеснага пражывання) ці яго догляду (медыцынскаму персаналу). У групе рызыкі людзі, старэйшыя за 60 гадоў, якія маюць шэраг цяжкіх спадарожных захворванняў. Пры гэтым адным з ускладненняў з’яўляецца вірусная пнеўманія. Яна адрозніваецца ад больш звыклай нам бактэрыяльнай. 

— Вірусная пнеўманія заўсёды мае летальнасць, — тлумачыць Ігар Карпаў. — Вірусная інфекцыя, выкліканая 2019-nCoV, робіць шмат шуму не столькі з-за ўскладненняў, колькі ад таго, што вірус выйшаў у чалавечую папуляцыю нядаўна. Любое новае захворванне выклікае трывогу і мае патрэбу ў назіранні.


Меры перасцярогі ў Беларусі

Як заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, у Беларусі пакуль выпадкаў заражэння каранавірусам няма. Пры гэтым у краіне праводзяцца ўсе магчымыя супрацьвірусныя мерапрыемствы. У прыватнасці, меры перасцярогі ўзмоцнены ў аэрапорце Мінск. Прадстаўнікі медыцынскай службы будуць падымацца на борт кожнага самалёта, які прыляціць, і выяўляць пасажыраў з прыкметамі віруснай інфекцыі. Тыя, у сваю чаргу, будуць асобна праходзіць пагранічны і мытны кантроль, каб мінімізаваць колькасць кантактаў. У найбліжэйшыя дні ў аэрапорце будзе развернуты і лабараторны кантроль. У тых, хто пэўны час правёў у КНР, нягледзячы нават на каранцінныя мерапрыемствы на радзіме, пасля прылёту дадаткова возьмуць аналізы на каранавірус.  

Лабараторную дыягностыку на наяўнасць новага вірусу ў Беларусі ўжо прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У пераважнай большасці з іх быў выяўлены вірус грыпу тыпаў А і В. Тым часам улады Кітая робяць усё магчымае, каб вірус не распаўсюджваўся за межы краіны. У прыватнасці, усіх ахвотных выехаць з КНР будуць змяшчаць у каранцін на 14 дзён, і толькі пасля гэтага яны атрымаюць дазвол на выезд. У тым ліку двухтыднёвы каранцін пройдуць і студэнты, якія павінны вярнуцца ў Беларусь з навагодніх канікул. Між іншым, у нас іх вучыцца каля чатырох тысяч (больш за ўсё ў БДУ — 1400, ёсць яны і ў іншых, у тым ліку рэгіянальных ВНУ).


rbc.ru

Кітайскім студэнтам падоўжылі канікулы, будаўнікам «Вялікага каменю» — адпачынак

Міністэрства адукацыі Беларусі ў сваю чаргу рэкамендавала ВНУ, дзе навучаюцца студэнты з Кітая, падоўжыць зімнія канікулы на два тыдні. Але гэта тычыцца толькі тых, хто паехаў на канікулы на радзіму. Студэнты, якія засталіся на гэты час у Беларусі, пачнуць заняткі ў новым семестры па звычайным графіку — з 10 лютага. 

Каля паўтысячы кітайцаў працуе ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». Пераважная большасць з іх — будаўнікі. Каля 400 з іх з’ехалі на навагоднія канікулы ў Кітай. У 10 лічбах лютага плануецца іх вяртанне ў Беларусь. Як паведамілі ў індустрыяльным парку, у сувязі ў успышкай каранавіруса, некаторым супрацоўнікам падоўжаць адпачынак, і яны прыедуць у Беларусь пазней. Тыя, хто вернецца, два тыдні не будзе выходзіць са сваіх пакояў — гэта час інкубацыйнага перыяду каранавірусу. Сярод мер прафілактыкі і больш інтэнсіўная і частая ўборка і санітарная апрацоўка памяшканняў. На ўваходах паставяць цеплавізары, якія дазваляюць выяўляць людзей з павышанай тэмпературай. 

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік днямі сустрэўся з паслом КНР у Беларусі, а таксама правёў нараду з Міністэрствам транспарту і камунікацый, мытным і пагранічным камітэтамі, службамі аэрапорта, прадстаўнікамі авіякампаніі «Белавія». Усе прапанаваныя эпідэміялагічныя мерапрыемствы знайшлі разуменне ва ўсіх зацікаўленых міністэрстваў і ўстаноў. 


Вірус на піку ці толькі набірае моц?

Нягледзячы меры перасцярогі, каранавірус выйшаў за межы Кітая. Захворванні зафіксаваны ў Тайландзе (14), Тайвані і Ганконгу (па 8), Сінгапуры, Макаа і Японіі (па 7), ў ЗША і Аўстраліі (па 5), Францыі, Германіі, Малайзіі і Паўднёвай Карэі (па 4), Вьетнаме і Канадзе (па 2), Камбоджы, Непале, ААЭ і Шры-Ланцэ (па 1). Аб увядзенні жорсткіх мер аб’явіў Ганконг: там будуць закрыты чатыры пагранічныя пункты на зямлі, два — на вадзе, адменена паромная пераправа і спынены чыгуначныя шляхі зносін з астатнімі раёнамі Кітая. У Тыбеце ўлады заявілі аб закрыцці ўсіх славутых месцаў і ўвядзенні двухтыднёвага каранціну ў адносінаў да ўсіх прыезжых. Улады ЗША, Аўстраліі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі, Францыі выказалі намер вывезці сваіх грамадзян з правінцый Кітая, дзе распаўсюджваецца інфекцыя. 

Кітайскія ўрачы ўпэўнены, што свайго піку вірус дасягне цягам бліжэйшых 10 дзён, пасля чаго сітуацыя стабілізуецца. З імі не згодныя вучоныя ва ўніверсітэце Ганконгу, якія мяркуюць што колькасць хворых у найбуйнейшых гарадах Кітая дасягне максімуму ў красавіку-маі. 

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: vtv.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.