Вы тут

Вольга Ропат. Чырвона-жоўты glаss​ (Урывак)


Аўтарка гэтага апавядання калекцыянуе водары, адценні, эмоцыі, вобразы і вобразныя сродкі. Любіць мастацтва і вельмі назіральная. З такімі людзьмі часам адбываецца неверагоднае.

 ...Мне падабаюцца твары механізмаў. Калі выпадковая штука глядзіць двума балтамі і адтулінай. Падабаюцца і «індустрыяльныя пейзажы». У іх ёсць нейкае метафізічнае жыццё.

— А што для цябе самае цяжкае ў творчым працэсе?

— Самае цяжкае?.. Нават не эскіз рабіць. Той перыяд, калі пачынаю пісаць і трэба вызначыць, якога колеру будуць дэталі. Гэта
нагадвае матэматычны рэбус. Ці штосьці хаатычнае, што можна прывесці да парадку. Трэба ўсё ўзважваць. Насамрэч у жывапісе багата матэматыкі. Шмат рацыянальнага.

Цямнела. Пачалі запальвацца ліхтары. Праспект Незалежнасці ажывіўся. У вокнах насупраць хтосьці стаяў за мальбертам. Калі паглядаеш на цені, на туманна-аранжавае святло ад лямпы або шэра-блакітнае ад тэлевізара, то ўнутры штосьці замірае, заціхае ў прадчуванні дзеі. Таму вокны — звычайнае шкло з рамай (сумую па драўляных жоўтых, зялёных, блакітных рамах, але гэта — асобная гісторыя) — быццам даюць дазвол на прагляд шматсерыйкі і адначасова служаць мяжой паміж знешняй цікаўнасцю і побытавай інтымнасцю. У майстэрні знаёмага мастака было крыху змрочна. Ён запаліў лямпу на адной металічнай назе, і тая, быццам пражэктар у тэатры, выпадкова кінула рабінавае святло на персанажа ў серабрыста-шэрым паліто.

Мастак уключыў музыку. Маленькую майстэрню захапілі ў палон электронныя гукі «Lіttlе 15». Я сядзела на канапе. Мой знаёмы сеў за стол, на якім валяліся металічныя дэталькі. Іншы раз здаецца, што хаосу не існуе, толькі своеасаблівы парадак, але не музейны. Я разглядала карціны, ён перабіраў «штучкі». Нас аб'ядноўвалі прастора, музыка і меланхалічнасць. А можа, настальгія?.. Майстэрню агарнула цёплая адзінота, бязважкасць, бясчассе. Нагадвала вось што: калі нічога не адбываецца, проста паглядаеш у акно ці п'еш гарбату, каву, і табе хораша (проста хораша! Калі такое з намі здараецца?..), адчуваеш ціхае шчасце, спакой і не хочацца рухацца, хочацца расцягнуць гэтае імгненне... І чаму яно такое крохкае і хуткае?..

Лямпа спрабавала зрабіць майстэрню ўтульнай, але «Lіttlе 15», металічныя дэталькі і персанаж у серабрыстым нібыта па нябачных кубіках разбіралі паветра майстэрні.

Углядалася ў карціну. Персанаж у шэра-серабрыстым паліто падміргнуў. Падміргнуў? Не, не можа быць.

— А яшчэ якая музыка ў цябе ёсць?

— У мяне яе багата. Ёсць класічная, ёсць электронная... Столькі пераслухаў!

— Уключыш што-небудзь з любімага? — з захапленнем спытала я.

Ён перабіраў Рахманінава, Шастаковіча, Шонберга, Вагнера... Падбіраў тое, што змагло б дапоўніць наш настрой — абыякавы, настальгічна-меланхалічны, з таемнай радасцю і яшчэ з чымсьці. Музыка запоўніла б майстэрню і пры гэтым не перашкаджала б нашым думкам або ўспамінам... Але мы проста сядзелі ды маўчалі. Сувязь між намі, аднак, не знікала.

Зноў паглядзела на карціну. З яе вырваўся дым. Люлька выдыхала яго ў майстэрню. Мужчына ў капелюшы зноў падміргнуў. Гэтым разам не здалося. Дрыжыкі ахапілі мяне. Лёгкі халадок прабегся, сціснуў і адпусціў.

— Выбраў?

— Не яшчэ.

Зноў кінула позірк на карціну. Дзе ён? Персанажа ў шэра-серабрыстым паліто не было. Паглядзела на мастака, а затым яшчэ раз на карціну. Не было! Унутры замерла.

— Паглядзі на карціну... Ты бачыш героя з люлькай, праўда?

Шэра-блакітныя вочы спыніліся на карціне.

— Не, не бачу. Не здзіўляйся. Такое ўжо здаралася. Нагуляецца і прыйдзе.

У галаве ўсё зблыталася. «Што ўвогуле здарылася?», «Чаму ён збягае?», «Як можа герой з карціны выйсці з яе?», «Дзе ён?»...

Абсурд. Падышла «на аўтамаце» да акна (бо заўсёды, калі штосьці трывожыць, падыходжу да яго, нібыта вуліца мне дапаможа). Як сярод іх персанаж будзе жыць?.. Куды пойдзе?..


Тым часам Персанаж у шэра-серабрыстым паліто спыніўся каля мігатліва-задзірлівай шыльды «Бар», што вісела на трэцім паверсе дома пяцідзясятых гадоў. Чырвона-жоўтыя агеньчыкі заманьвалі, як мужчын (канешне, не ўсіх) заманьваюць чырвоныя лакіраваныя туфелькі. Персанаж паправіў левай рукой капялюш і пачаў караскацца па будынку да шыльды, каб убачыць памяшканне праз каляровае шкло. У арачным акне, у вітражных устаўках ён убачыў жаночы сілуэт і ўзбуджальны адбітак «раБ» на сцяне. Чырвоны шкляны аскепак разліў адценні. Персанаж схаваў люльку ў кішэню паліто, затым адчыніў акно і саскочыў у бар. Жанчына ў чорна-чырвоным ніяк не адрэагавала. Нічога не сказала і афіцыянтка.

Крывава-барвовыя з пераходам у малінавы (у залежнасці ад святла) сцены, круглыя столікі, квадратныя, напісаныя маслам нацюрморты з выцягнутымі вазамі ды кубкамі. Музыка — павольна-працяжная, з сексуальнымі стогнамі жанчын. Гукі не вырываліся, яны былі крыху схаваныя, апрацаваныя, з электронным прысмакам. Чырвоныя сцены ў сваім жыцці шмат што бачылі, і каб здзівіць іх, трэба было яшчэ пастарацца. Увогуле настрой памяшкання нагадваў выраз твару жанчыны з карціны «Абсент» Эдгара Дэга — разгубленасць, безвыходнасць і беспрасветная будучыня.

Персанаж павольна, ціхімі крокамі накіраваўся да століка, дзе сядзела жанчына ў чырвонай сукенцы з чорнымі квадратамі.

— Можна?

Манокль, ацэньваючы, бліснуў. Цёмна-барвовыя вусны з трэшчынкамі, як скураныя пальчаткі, пацягнуліся да цыгарэты. Выдых.

— Сядайце. Я не супраць.

Персанаж кідаў позіркі то на акенца, якое ўпрыгожваў вітраж, то на жанчыну, найчасцей — на яе твар. Яна зноў зацягнулася цыгарэтай. З цёмнай прорвы вывальваўся дым, зацягваючы, быццам паўпразрыстым вэлюмам, манокль у чорнай аправе.

— Кім вы працуеце? — спытаў Персанаж і з асцярожнасцю паглядзеў на яе.

Хітра назіраў за Персанажам рубін на пальцы. Мужчына заўважыў, што рукі суразмоўніцы нагадваюць бледныя шчупальцы васьмінога. Але раптам перавёў позірк на твар.

— Калісьці працавала журналістам. Добра разбіраюся ў мастацтве.

Грубы палец паправіў стрыжку, але жэст атрымаўся ненатуральна лёгкім, крыху какетлівы.

— А што вы робіце тут?

— А як вы лічыце?

Яе вочы наліліся падазронасцю, ад чаго павекі крыху набухлі, як цеста.

— Няма ідэй. Што можа рабіць жанчына ў бары/днём/у сераду?..

— Думаць.

У гэтую ж хвіліну афіцыянтка з грудзьмі як духмяныя свежыя булачкі крыкнула:

— Сіў, яшчэ будзеш што-небудзь заказваць?

Жанчына гарызантальна разрэзала паветра двума пальцамі, што азначала «не, хопіць».

— Значыць, вас завуць Сіў... і вы не з Беларусі?.. — быццам разгадаў загадку Персанаж.

— Калі дакладней — Сільвія, але мне больш падабаецца Сіў. Я з Германіі. Але даўно ў Мінску. (Паўза) Вы тут застаяцеся?

— Не. (Паўза) Калі не супраць, можам прайсціся па горадзе.

Празрысты парасон прызямліў іх, і яны скіравалі ў бок Нацыянальнага мастацкага музея.

— Чаму вы пра мяне нічога не пытаецеся? Няўжо вам не цікава? — спытаў Персанаж.

— А навошта? Пра што мне трэба — даведаюся.

— Шкада... Мне так хочацца вам столькі ўсяго расказаць! Столькі гісторый! Вы знаёмыя з Шагалам?

— Калісьці бачыліся.

— Зойдзем у Нацыянальны мастацкі? Хачу вас бліжэй пазнаёміць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».