Вы тут

На ваенны факультэт БДУІР упершыню залічылі дзяўчын


Дар'я ГАРБАЧОВА, Валерыя РЫМЧОНАК, Карына ШЧУР і Ангеліна КУДЛАЧ таксама, як і 59 хлопцаў (менавіта столькі аказалася на першым курсе юнакоў), да паступлення прайшлі праз розныя выпрабаванні: медкамісію, тэсты на прафпрыдатнасць, гутарку з псіхолагам, здачу нарматываў па фізпадрыхтоўцы і іншыя. Цяпер дні іх курсанцкага жыцця распісаныя па хвілінах. Як ставяцца да выбару прафесіі бацькі дзяўчат? Як ім вучоба на факультэце? Якія дысцыпліны самыя любімыя?


Ва­ле­рыя Рым­чо­нак.

Васямнаццацігадовая Дар'я Гарбачова з аграгарадка Турэц Чэрвеньскага раёна ўпэўнена, што ў будучыні стане... палкоўнікам! Зараз для сябе яна абрала спецыяльнасць «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі». Курсантка прызнаецца, што прафесійны шлях ёй дапамог выбраць старэйшы брат, які служыць у спецназе.

— Ён часта дзяліўся цікавымі момантамі, звязанымі са службай, мяне гэта прываблівала. Да таго ж мой дзядуля таксама быў вайсковец, служыў на падводнай лодцы, так што, можна сказаць, у нас сямейная дынастыя. Памятаю, калі я сказала матулі пра цвёрды намер паступаць на ваенны факультэт, яна вельмі перажывала, але цяпер супакоілася. Лічу, што прафесія вайскоўца дысцыплінуе і арганізоўвае. Акрамя таго, ёсць нейкая рамантыка ў тым, як выглядае дзяўчына ў форме з пагонамі на плячах...

Дар'я падзялілася, што да залічэння на ваенны факультэт паўгода працавала над сваёй фізічнай падрыхтоўкай штодзень. Дзякуючы гэтаму цяпер ёй лягчэй даецца выкананне розных нарматываў.

— Таксама ў мяне атрымліваецца вучыцца «на выдатна», таму я часам маю прывілеі ў выглядзе дадатковых звальненняў. Увогуле, вучобе мы ўдзяляем шмат часу, мне больш за ўсё падабаюцца ваенныя дысцыпліны. З дзяўчатамі жывём у асобным блоку ў інтэрнаце. У вызначаны час маем магчымасць патэлефанаваць родным, — падзялілася студэнтка.

Сямнаццацігадовая Валерыя Рымчонак з Віцебска вучыцца на той жа спецыяльнасці, што і Дар'я. Са спортам сябруе ўжо шмат гадоў, таму выкананне нарматываў для паступлення прайшло для яе без узмоцненай падрыхтоўкі. Ваенны факультэт БДУІР дзяўчына лічыць для сябе вельмі перспектыўным, таму і намаганні для далейшай рэалізацыі ў кар'еры прыкладае немалыя.

— Яшчэ ў дзяцінстве зразумела, што буду ваеннай. Глядзела фільмы пра вайну і ўяўляла сябе на месцы герояў, а калі пасталела, жаданне трапіць у гэтую сферу толькі ўзмацнілася. Вызначыўшыся з установай адукацыі, вельмі перажывала, былі сумненні ва ўласных магчымасцях. Хваляванне заставалася, нават калі прыйшло ўсведамленне, што маю высокія балы для залічэння на курс — амаль 350. У мяне ёсць дакладнае разуменне, што хачу служыць на карысць нашай краіны. Спадзяюся, усё атрымаецца, — кажа Валерыя.

Дарэчы, наша гераіня найлепшая ў вучобе на курсе, яна бярэ ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах, дзе займае прызавыя месцы. Родных Валерыя бачыць часта: «Часам нават засумаваць не паспяваю (усміхаецца). Вучыцца на ваенным факультэце няцяжка, наадварот, падабаюцца дысцыпліна, дакладны распарадак дня».

З ма­май пас­ля пры­няц­ця во­ін­скай пры­ся­гі.

Курсанткі Карына Шчур і Ангеліна Кудлач разам адвучыліся ў кадэцкім вучылішчы, а пасля вырашылі паступаць на ваенны факультэт.

— Бацькі да апошняга думалі, што аддам перавагу звычайнай ВНУ. Але я зрабіла па-свойму. Фізічная падрыхтоўка пры паступленні была адным з галоўных аспектаў, падчас курса маладога байца нас правяралі на трываласць. Цяжкія для мяне аказаліся выпрабаванні з бронекамізэлькай. Але я з усім справілася, паступіла на спецыяльнасць «Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі» і вельмі гэтаму рада. У мяне ёсць мэта — даслужыць да высокага звання ў ваеннай справе, — падзялілася сямнаццацігадовая Карына.

Васямнаццацігадовай мінчанцы Ангеліне Кудлач абраць прафесію па душы дапамог прыклад старэйшага пакалення. Яе дзядуля служыў у органах унутраных спраў. Рашэнне адвучыцца ў кадэцкім вучылішчы падтрымала і матуля:

— Пасля вучобы ў гэтай установе задумалася: ці варта працягваць? Але адразу ж адказала сабе — так, ніякія цяжкасці мяне не палохаюць. Ведала, што пры паступленні на ваенны факультэт БДУІР будзе няпроста. Але мне пашанцавала, з боку родных была велізарная падтрымка. Навучацца ваенным дысцыплінам мне па душы. Упэўнена, што сюды лепш паступаць хлопцам і дзяўчатам з моцным характарам, тым, хто гатовы развівацца і духоўна, і фізічна.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва Валерыі Рымчонак

Загаловак у газеце: Чацвёрка першых

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.