Вы тут

Як паводзіць сябе, калі ты згубіўся? Ведае Максім Федаровіч


...Віталь прыехаў да сваякоў у вёску. Вырашыў схадзіць у грыбы. Заблукаў, пачаў шукаць дарогу дадому і трапіў у балота. Тэлефона з сабой не было... На пошукі зніклага адправіліся валанцёры. Лес быў з мноствам забалочаных участкаў, таму група за дзве гадзіны прайшла толькі 500 метраў. На шчасце, Віталь быў знойдзены...


Мы жывём у патоку мітусні, усе занятыя сваімі справамі, у кожнага ўласныя праблемы. Але ўсё ж ёсць тыя, хто не праходзіць міма чужой бяды і гатовы прыйсці на дапамогу. Адзін з такіх — 28-гадовы кіроўца з Маладзечна Максім Федаровіч, каардынатар пошукава-выратавальнага атрада «Анёл Паўночны Захад». У сваёй дзейнасці атрад не замяняе міліцыю ці МНС, а садзейнічае ўпаўнаважаным дзяржаўным органам.

Тры гады таму Максім разам з тысячамі іншых добраахвотнікаў адправіўся на пошукі дзесяцігадовага хлопчыка, які прапаў у Белавежскай пушчы.

— Мяне зацягнула, і я вырашыў застацца ў атрадзе. Уступіць у яго падштурхнула жаданне дапамагаць людзям і даказаць, што наша грамадства яшчэ здольнае на добрыя ўчынкі, — успамінае суразмоўнік.

Звесткі пра зніклых атрад атрымлівае ад іх сваякоў на сваім сайце. У залежнасці ад сітуацыі пошук можа быць розны: распаўсюджванне інфармацыі ў інтэрнэце, расклейка арыенціровак, тэлефанаванне ў бальніцы і іншыя месцы, куды маглі даставіць чалавека. Але часцей за ўсё члены атрада выязджаюць менавіта на пошукі. Выпадкі таксама розныя: грыбнік, які заблукаў; дзіця, што гуляла на вуліцы і знікла; пажылыя людзі са стратай памяці або іншымі захворваннямі; псіхічна нездаровыя.

— Часта ўсё адбываецца ў цёмны час сутак. Як ні дзіўна, ноччу ў лесе ў пэўным сэнсе арыентавацца лягчэй, чым днём у горадзе. Бо ў апошнім выпадку ты шукаеш сярод тысяч, а ва ўгоддзях — толькі аднаго, — працягвае Максім.

Два разы на год праводзяцца маштабныя вучэнні, на якіх добраахвотнікі адпрацоўваюць методыкі пошуку, вучаць новых валанцёраў. Асаблівая ўвага ў гэты час адводзіцца курсу медыцынскай падрыхтоўкі.

Удзельнікам атрада можа стаць любы, хто дасягнуў 18 гадоў, — галоўнае, каб не было праблем са здароўем. Бо для пошуку патрэбныя вытрымка і сілы: бывае, за ноч даводзіцца праходзіць па лесе кіламетраў дваццаць, і не па сцяжынках, а, як той казаў, напралом. Па словах суразмоўніка, людзі прыходзяць, спрабуюць і сыходзяць, затрымліваюцца адзінкі. Дзяўчаты складаюць палову ад усіх валанцёраў. Толькі не ўсе з іх выязджаюць на пошукі, у іх задача іншая: тэлефанаваць у бальніцы, апрацоўваць інфармацыю, атрыманую ад сведкаў, рабіць арыенціроўкі, апрацоўваючы карты мясцовасці.

Як паведаміў Максім, у краіне каля 150 валанцёраў, якія пастаянна выязджаюць на пошукі. Усе яны рознага полу, узросту, прафесіі. Але аб'ядноўвае іх дапамога незнаёмым людзям. У маладзечанскім атрадзе — шэсць чалавек. «Ён для нас як вялікая дружная сям'я. Мы заўсёды віншуем адно аднаго з днём нараджэння, з іншымі святамі, выязджаем адпачываць на прыроду».

— Дайце некалькі парад, як паводзіць сябе, калі ты згубіўся.

— Разгледзім выпадак у лесе. З сабой неабходна ўзяць ваду, ежу, запальніцу, зараджаны сотавы тэлефон, лекі, калі вы іх увесь час прымаеце. Не лішні будзе смеццевы пакет на 120 літраў: у выпадку непагадзі яго можна выкарыстоўваць як дажджавік, а калі давядзецца заначаваць, то як спальнік. Адзенне павінна быць зручнае, свабоднае і яркае. Камуфляж лепш не выкарыстоўваць, бо ў ім вы становіцеся менш прыкметныя.

Калі заблукалі, паспрабуйце адшукаць лінейны арыенцір (рака, дарога, лініі электраперадачы, чыгуначныя пуці) і рухацца ўздоўж яго. Абавязкова паведаміце пра здарэнне па тэлефоне родным ці ў МНС, або на кароткі нумар 7733. Эканомце зарад батарэі і свае сілы, бо пошукі патрабуюць часу. І, вядома ж, пачуўшы крыкі ратавальнікаў, адгукайцеся, свістайце, шуміце, каб вас было чуваць. Самае галоўнае: збіраючыся ў лес, неабходна паведаміць родным, куды накіроўваецеся і ў які час плануеце вярнуцца. Ад падобных простых правілаў залежыць ваша жыццё. Будзьце асцярожныя і беражыце сябе.

Кацярына Акушка, вучаніца 11 класа СШ № 2 г. Маладзечна

Фота з архіва Максіма Федаровіча

Загаловак у газеце: Адзін з анёлаў надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».