Вы тут

Законапраект «Аб абароне персанальных даных» у вясеннюю сесію разгледзяць у другім чытанні


Абсалютна новы для нашай краіны законапраект прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні ў аўтарскай рэдакцыі ў чэрвені 2019 года. За аснову дакумента, які ўключае пяць раздзелаў, узята «Канвенцыя аб абароне прыватных асоб у адносінах аўтаматызаванай апрацоўкі даных асабістага характару» Савета Еўропы. Распрацавалі закон Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД), Міністэрства ўнутраных спраў і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце. Законапраект накіраваны на ўстанаўленне разумнага балансу паміж абаронай прыватнага жыцця і магчымасцю развіцця тэхналогій і сэрвісаў, якія заснаваны на выкарыстанні асабістай інфармацыі.


Днямі Пастаянная камісія па нацыянальнай бяспецы, якая рыхтуе дакумент да будучай сесіі, правяла пасяджэнне рабочай групы. Свае заўвагі і прапановы адносна зместу законапраекта накіравалі Камітэт дзяржаўнага кантролю, Нацыянальны банк, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства культуры, Саюз кампаній па рэінжынірынгу рыэлтарскай дзейнасці і кампанія «Твая сталіца».

Абарона персанальных даных — сфера, важная для кожнага беларуса. Чаму — журналістам тлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Мартынаў. Прыклад з жыцця: атрымліваючы ў краме картку зніжак, мы пакідаем на апрацоўку інфармацыю аб сабе. «Таму і ўзнікла неабходнасць разгледзець і прыняць гэты законапраект, каб абараніць нашых грамадзян, каб іх персанальныя даныя не былі прадстаўлены ці перададзены трэцяму боку, — расказаў Ігар Мартынаў. — Аператар, які будзе збіраць персанальныя даныя, абавязаны адказваць за іх абарону. І несці за гэта адказнасць».

Форма адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні пазней будзе змешчана ў разнастайных кодэксах. Будучы закон датычыцца ўсіх сфер дзейнасці і структур уласнасці — і дзяржаўных, і прыватных. У дакуменце ўстаноўлены пералік органаў, якім персанальныя даныя могуць быць адкрыты без дазволу асобы. Сярод іх следчыя органы і пракуратура.

Заўвагі, прапанаваныя зацікаўленымі бакамі, у асноўным мелі тэхнічны характар і не датычыліся канцэптуальных змен.

«Мы пракладаем шлях, таму прадугледзець усе нюансы, якія могуць быць цяпер і з'явяцца ў далейшым, не можам. Калі прымем закон і ён пачне дзейнічаць, тады зразумеем, што дзе трэба дапрацаваць, што змяніць. Так адбываецца заўсёды», — падкрэсліў дэпутат.

Буйным органам, які збірае і перапрацоўвае персанальныя даныя, з'яўляецца Міністэрства ўнутраных спраў. Яго прадстаўнікі на пасяджэнні рабочай групы падкрэслілі важнасць будучага закона.

«Для грамадства і дзяржавы павінны быць празрыстыя правілы. Трэба стварыць комплекс мерапрыемстваў па абароне персанальных даных, каб грамадзянін пры пэўных, прадугледжаных законам абставінах мог атрымаць доступ да сваіх персанальных даных і пацікавіцца, калі і пры якіх сітуацыях гэтыя даныя абарочваліся, ці патрабаваць у аператара, каб яны былі абязлічаны і знішчаны», — выказаў сваё стаўленне Аляксей Бягун, начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.

Пералік сітуацый, калі даныя прызнаюцца абязлічанымі (іншымі словамі, на іх аснове нельга ідэнтыфікаваць пэўную асобу), таксама прадугледжаны законам. Сярод іх, напрыклад, інфармацыя па перапісе насельніцтва, статыстычныя даследаванні.

Сярод заўваг, якія абмяркоўвала рабочая група, была прапанова выключыць са спецыяльных персанальных даных інфармацыю пра рэлігійныя перакананні асоб, даць магчымасць рыэлтарскім установам звяртацца па інфармацыю пра ўладальнікаў нерухомасці.

Нацыянальны банк прапанаваў пашырыць тэрмін захавання наймальнікам даных пра работнікаў.

Прынцыповы момант, на які звярнуў увагу Камітэт дзяржаўнага кантролю ў сваіх заўвагах да дакумента, звязаны з неабходным заснаваннем незалежнага органа па абароне персанальных даных. Разглядаліся варыянты, што такую работу могуць на сябе ўзяць пракуратура ці МУС. Але, згодна з Канвенцыяй, на якой асноўваліся распрацоўшчыкі і членамі якой яны жадаюць стаць, такі орган не павінен мець поліфункцыяналу. Да таго ж у гэтым выпадку праваахоўныя органы апынуцца паміж молатам і кавадлам — неабходнасцю захаваць персанальныя даныя і жаданнем пашырыць іх выкарыстанне для рэалізацыі сваіх непасрэдных функцый.

Распрацоўшчыкі новага закона падкрэсліваюць, што для яго эфектыўнай дзейнасці неабходна мяняць стаўленне людзей да персанальнай інфармацыі і навучыцца адказна працаваць з такімі данымі.

«Справа ў тым, што канстытуцыйнае права на абарону персанальных даных невыпадкова з'яўляецца фундаментам для рэалізацыі іншых правоў. Калі мы не забяспечваем права на абарону персанальных даных, астатнія правы заўсёды знаходзяцца пад пагрозай. Таму ў гэтай сферы павінна быць празрыстасць», — акцэнтаваў увагу прадстаўнік распрацоўшчыкаў Мікалай Савановіч, намеснік начальніка ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права — начальнік аддзела канстытуцыйнага права НЦЗПД.

Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: gazeta.a42.ru

Загаловак у газеце: Па сакрэце па ўсім свеце?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».