Вы тут

Пасля рамонту ў Мінску адкрылася «Кнігарня пісьменніка»


У пярэдадзень XXVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ўзнавіў сваю работу славуты «гандлёвы пункт» ААТ «Белкніга» — «Кнігарня пісьменніка».


Фота Кастуся ДРОБАВА

Першую экскурсію па гандлёвай зале пасля сур'ёзнага рамонту правёў слаўны Несцерка — герой п'есы Віталя Вольскага. Павіншаваць гандляроў і пакупнікоў прыйшлі, зразумела, пісьменнікі і, канешне ж, юныя чытачы. Сваімі развагамі пра тое, што сёння значыць кнігагандаль для пашырэння ўвагі да беларускай кнігі, падзяліўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі вядомы празаік, грамадскі дзеяч Мікалай Чаргінец. Выступілі і дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт і празаік Алесь Бадак, мангольскі перакладчык, публіцыст, журналіст Бадам-Ачырын Галаарыд. Дарэчы, «Кнігарня пісьменніка» стане апорным пунктам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Менавіта ў гэтай краме можна будзе набыць любую кнігу выдавецтва з аўтографам паэта ці празаіка. Варта толькі папярэдне замовіць яе.

— «Кнігарня пісьменніка» — адзін з адрасоў, якія добра вядомы цікаўным да кнігі мінчанам, ды і не толькі мінчанам, — кажа дырэктар «Белкнігі» Аляксандр Вашкевіч. — Мы вырашылі ажыццявіць цэлую праграму па абнаўленні кнігарняў сталіцы, наданні ім прыстойнага, утульнага выгляду. Мяркуючы па статыстыцы, у краіне выдаецца досыць шмат кніг. Значыць, цікаўнасць да папяровых выданняў не зніжаецца. Гэта для нас добрая статыстыка — і «Белкніга» яшчэ болей намаганняў будзе прыкладаць да прапаганды кнігі. І мастацкай кнігі, выданняў для дзяцей і падлеткаў — у першую чаргу.

Варта нагадаць, што апошнім часам адкрыліся новыя кнігарні ў Бабруйску, Магілёве, Віцебску, Оршы, Слоніме, іншых гарадах краіны.

Кастусь ХАДЫКА

Загаловак у газеце: Месца сустрэч: «Кнігарня пісьменніка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?