Вы тут

Белдзяржцырк прадставіў новую праграму «Водная феерыя. Фэнтэзі парк»


Яна стартуе 1 лютага і будзе доўжыцца да 10 мая. Цяперашняя праграма ўнікальная, таму што цыркавыя нумары на працягу ўсяго прадстаўлення суправаджаюць сотні водных струменяў, фантаны і феерычныя вадаспады. Арганізатары адзначаюць, што для гэтага пад купалам цырка падрыхтавана 200 тон вады. Акрамя воднага шоу гледачы змогуць атрымаць асалоду ад выступлення клоўнаў з ЗША, беларускіх акрабатаў на батуце, дрэсіраваных мядзведзяў, сабак, малпачак і марскіх ільвоў, а таксама паветраных гімнастаў.


Галоўны рэжысёр Белдзяржцырка Ала Нікалаева-Аліева адзначае, што ўсе нумары праграмы абкатаныя, хоць могуць відазмяняцца па ходзе сезона, некаторыя з іх будуць дапрацаваны. Аднак тое, што ў прадстаўленні мноства водных спецэфектаў, дадае артыстам цяжкасцяў у выступленні. «Асабліва складана даводзіцца тым, хто працуе ў паветры, таму што рэквізіт становіцца слізкі, але ў той жа час гэта дадае відовішчнасці», - адзначае рэжысёр. Каб стварыць настолькі маштабнае шоу, патрабуецца праца каля дзвюх соцень чалавек тэхнічнага персаналу.

Напярэдадні прэм'еры новай праграмы ў Белдзяржцырку адбылося адразу некалькі прыемных падзей. Па-першае, там нарадзілася малпачка Ева. Па-другое, добрыя навіны прыйшлі з Монтэ-Карла, дзе праходзіў 44-ы Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. У ім бралі ўдзел 150 артыстаў з 18 краін свету. Прадстаўнік беларускага цырка Сяргей Несцераў заваяваў на фестывалі «Сярэбранага клоўна». У нумары Несцерава ўдзельнічаюць пяць белых тыграў, якія выконваюць унікальныя трукі. Беларускі артыст са сваімі падапечнымі двойчы прымушаў залу стоячы апладзіраваць свайму майстэрству.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі