Вы тут

У Беларусі рэканструявалі Біблію Васіля Кораня, створаную больш за 300 год таму


Больш за 300 гадоў таму майстар-разьбяр па дрэве Васіль Корань стварыў першую ў Расіі народную гравіраваную Біблію ў малюнках, аналагічную заходнім «Бібліям жабракоў», якая проста і лаканічна апавядала біблейскія сюжэты нават тым, хто наогул не ўмеў чытаць. Мастака лічаць пачынальнікам жанру рускага народнага сюжэтнага лубка, вядомага ва ўсім свеце. А нядаўна даследчыкі выявілі, што Васіль Корань — наш зямляк, ураджэнец мястэчка Дуброўна (цяпер гэта райцэнтр на Віцебшчыне).


«Біблію для народа» майстар рабіў у Мяшчанскай слабадзе ў Маскве на працягу 1692—1696 гадоў. Тыраж выдання складаў амаль 1000 паасобнікаў, але да нашых дзён дайшоў толькі адзін арыгінал — ён захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі Расійскай публічнай бібліятэкі імя М. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу.

Кіраўнік Акадэміі народнага мастацтва Расіі, маскоўскі мастак, графік Віктар Пензін разам з майстрамі-энтузіястамі пачаў рэканструкцыю Бібліі Васіля Кораня па старажытнай тэхналогіі, то-бок выразаючы ўручную на дошках загатоўкі для гравюр і тэксту, робячы чорна-белыя водціскі, а потым размалёўваючы іх, аднаўляючы страчаныя часткі слоў, рамак і арнаменту. На працу спатрэбілася амаль 10 гадоў. У 1992 годзе на адкрыцці Музея народнай графікі адноўленая «Біблія для бедных» упершыню была выстаўлена ў экспазіцыі. Цяпер такія копіі Бібліі прадстаўлены ў некалькіх музеях свету, у тым ліку ў Ватыкане, у Мадрыдзе, Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі. Летась кніга была прэзентаваная на радзіме мастака — у краязнаўчым музеі горада Дуброўна. А сёлета экспазіцыя «Бібліі для народа», якая ўтрымлівае 36 рэканструяваных лістоў з «Кнігі Быцця» і «Апакаліпсіса», адкрылася ў Мінску — і будзе працаваць да 29 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Акрамя таго, музей атрымаў у падарунак ад саарганізатараў выстаўкі чатыры драўляныя гравюры, водціскі папулярных лубочных рускіх малюнкаў XVІІІ стагоддзя і 2-томную кнігу даследчыцы Антаніны Саковіч.

— У якасці паралеляў з творчасцю Васіля Кораня яшчэ на ўваходзе ў выставачную залу мы зладзілі экспазіцыю твораў землякоў славутага майстра, самадзейных дубровенскіх мастакоў і пісьменнікаў — ураджэнцаў Віцебшчыны, — расказаў на адкрыцці выстаўкі дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў. — І нам вельмі прыемна, што ў Год малой радзімы ў межах праекта «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» гэты артэфакт і імя, якое па значнасці можна параўнаць са спадчынай Францыска Скарыны, зноў вяртаецца ў Беларусь.

Землякі, натуральна, цікавіліся: чаму разьбяр з'ехаў з Дуброўна ў Маскву — мо на радзіме ён цярпеў нейкі пераслед за «некананічныя выявы» Бога? Аднак віцэ-прэзідэнт Акадэміі народнага мастацтва Расіі Георгій Гадлеўскі, які правёў першую экскурсію па выстаўцы, з гэтым не згодны і мяркуе, што сакрэту тут няма: мастакі, а таксама рамеснікі рушылі туды, дзе былі больш запатрабаваныя і адпаведна маглі больш зарабіць. Нездарма ж у Мяшчанскай слабадзе сабралася мноства беларускіх майстроў, якія ўдзельнічалі ў аздабленні Гранавітай палаты маскоўскага Крамля, Збройнай, Залатой і Сярэбранай палат. Дарэчы, над Бібліяй Кораня, разважае спадар Гадлеўскі, разьбяр таксама хутчэй за ўсё працаваў не адзін, а з памочнікамі ад аднаго да трох чалавек: адзін «знаменіў» — наносіў малюнак, другі рэзаў загатоўкі на ліпавых дошках, трэці расфарбоўваў, а чацвёрты пісаў тэкст, выбіраючы ўрыўкі з Бібліі. Нездарма на адным з лістоў арыгінальнай «Бібліі бедных» пазначана: «рэзаў В. Корань, знаменіў Гры...». Але чыё імя стаіць за гэтымі трыма захаванымі літарамі, даследчыкі пакуль што дакладна не высветлілі — і значыць, пошукі варта працягваць...

На выстаўцы можна не толькі паглядзець усе 36 лістоў рэканструяванай «народнай Бібліі», але і пагартаць творы Кораня і Францыска Скарыны на спецыяльным сэнсарным экране. А дзякуючы партнёрам праекта ў часовай экспазіцыі прадстаўлены таксама цыганская Біблія, Каран і шэраг іншых духоўных кніг на царкоўнаславянскай, беларускай, польскай, украінскай, рускай мовах.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Вяртанне Бібліі Васіля Кораня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».