Вы тут

Любоў Турбіна. Цюркамоўныя зацікаўленні


 

Любоў Турбіна. Цюркамоўныя зацікаўленні

Любоў Турбіна нарадзілася ў 1942 годзе ў Ашхабадзе. У Каракумскі край (Туркменістан) яе сям’я трапіла ў эвакуацыю падчас Вялікай Айчыннай вайны. Неўзабаве пасля нараджэння дачкі Турбіны вярнуліся ў Расію. Пасля быў Мінск, дзе прайшлі яе школьныя гады, юнацтва, студэнцтва і станаўленне як прафесійнага паэта і літаратуразнаўцы. Некаторы час працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Займалася вывучэннем сувязей беларускай літаратуры з азербайджанскай, туркменскай, узбекскай літаратурамі. Жыве ў Маскве, працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук.

— Любоў Мікалаеўна, калі вы адкрылі для сябе тэму кантактаў Беларусі з цюркамоўнымі літаратурамі?
— Прызнацца, тэма «Сувязі беларускай літаратуры з цюркамоўнымі літаратурамі СССР» у Інстытут імя Янкі Купалы была «спушчана зверху» якраз тады, калі я закончыла Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Я сама напрасілася на гэты клопат. Бо ўсімі генамі трымала ў памяці сваё нараджэнне ў сталіцы Туркменістана.
— Ці займаліся вы такой або блізкай тэмай раней, да гэтых пачаткаў?
— Моў усходніх ніхто не ведаў. І, адпаведна, да мяне ніхто цюркамоўнымі літаратурамі не займаўся. Літаратурныя сувязі з рэспублікамі Каўказа, Сярэдняй Азіі складваліся за кошт стасункаў паэтаў і празаікаў, якія шмат куды ездзілі.
— Так, у 1980-я гады мне туркменскія пісьменнікі расказвалі пра сустрэчы з беларускімі паэтамі ў Каракумскім краі ў розныя дзесяцігоддзі — пра Алеся Адамовіча (расказваў Какалы Бердыеў), Рыгора Барадуліна (Акмухамед Вельсапараў), Алеся Жука і Міколу Калінковіча (Керым Курбаняпесаў), Любоў Філімонаву (Курбан Чаліеў)…
— Вось яны і ездзілі ў творчыя камандзіроўкі, на ўсялякія спецыяльныя фестывалі. І прывозілі з далёкіх мясцін цікавыя ўражанні — у вершах, апавяданнях, нарысах… Так, у Рыгора Барадуліна быў нарыс «Браты па агню». Я шмат пра што якраз і даведалася з гэтага тэксту. Шукала і іншыя крыніцы… — Чаму ў якасці разгалінаванняў вашых даследаванняў былі выбраны менавіта гэтыя тры цюркамоўныя літаратуры: туркменская, азербайджанская і ўзбекская? Ці не было жадання заняцца, напрыклад, турэцкай літаратурай?
— Спачатку я хацела заняцца туркменскай мовай. Хацела пачаць менавіта з яе. Але нікога не знайшла ў настаўнікі. Затое быў у мяне знаёмы, яшчэ па Інстытуце фізікі, дзе я была на практыцы, пакуль вучылася ў БДУ на фізічным факультэце. Азербайджанскі камуніст… На той час ён ужо быў абязножаны — ляжаў дома, не мог хадзіць. Але розумам гэты чалавек быў надзіва дзеяздольны. І нават сам прапанаваў мне займацца мовай. І не за грошы, а проста таму, што вельмі сумаваў па сваёй роднай мове. А яшчэ я прачытала, што азербайджанская мова ў ХІХ стагоддзі была падобная на французскую. Універсальная і вельмі ўжо прыдатная на практыцы. Пасля мне яшчэ даслалі падручнік туркменскай мовы. А па ім ужо Давуд Шчэрбаб стаў вучыць мяне.
— Яны вельмі блізкія — туркменская і азербайджанская мовы… Мы неяк на кніжнай выстаўцы ў Мінску з азербайджанскім паэтам Чынгізам Алі аглу гарталі туркменскі часопіс. Здаецца, «Дунья эдэбіяты» — «Сусветную літаратуру». І Чынгіз-ага ўсё спакойна перакладаў…
— І мне гэта таксама адкрылася адразу. А ў сакавіку 1986 года я паехала ў Баку для вывучэння азербайджанскай мовы ажно на тры месяцы. Так планавалася на крайні выпадак… Але жыццё распарадзілася іначай. Грымнуў Чарнобыль. І я вярнулася ў Мінск, да сям’і.
— Для даследавання тэмы вы ўсур’ёз узяліся за асваенне азербайджанскай мовы. Цікавіла вас і туркменская мова… Наколькі паспяхова ў гэтым асваенні прасоўваліся? Ці перакладалі азербайджанскую паэзію?
— Вершы я пішу на рускай мове. І адпаведна вершы азербайджанскіх паэтаў перакладала на рускую. Перш-наперш — творы Вагіфа Самедаглы, сына Самеда Вургуна. Ён быў яшчэ і музыкантам. Мае пераклады яго вершаў змясціў мінскі часопіс «Всемирная литература». Здаецца, напрыканцы 1999 года. Былі і іншыя пераклады, але яны не друкаваліся… З туркменскіх паэтаў шмат перакладала Атамурада Атабаева…
— Дарэчы, народны паэт Туркменістана Атамурад Атабаеў — перакладчык і беларуса Алеся Бадака… Яны сустракаліся ў Ашхабадзе.
— Я гэтага не ведала. Вершы Атамурада Атабаева друкаваліся ў маіх перакладах на рускую мову ў ашхабадскім часопісе «Юность»…
— Двухмоўнае выданне. Туркменская версія — «Яшлык». У часопісе выступала і беларуская даследчыца, пісьменніца Любоў Філімонава.
— Ёсць у мяне і вершы, прысвечаныя Атамураду Атабаеву…
— Якія публікацыі сталі вынікам вашых даследаванняў адносна сувязей беларускай літаратуры з цюркамоўнымі?
— Былі надрукаваны два грунтоўныя артыкулы: «Беларуска-азербайджанскія літаратурныя сувязі савецкага перыяду» і «Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі». Яны выйшлі ў «Дакладах АН БССР».
— Ці сочыце цяпер, з Масквы, за развіццём міжнародных стасункаў беларускай літаратуры?
— Асаблівую цікавасць па-ранейшаму выклікаюць повязі беларускай літаратуры з усходнімі. У мяне ёсць многія выданні, якія пабачылі свет у апошнія гады. Спадзяюся на новыя здабыткі ў гэтым накірунку. Мажліва, нешта і сама яшчэ перакладу з тых самых туркменскай, азербайджанскай, узбекскай літаратур.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.