Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. Арына Сабаленка страціла адну пазіцыю ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Перад стартам на Аustrаlіаn Ореn яна была 12-й, а цяпер займае 13-е месца. Экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 53-й пазіцыі, Аляксандра Сасновіч займае 113-е месца, Вольга Гаварцова на 187-м радку. Нагадаем, на гэтым тыдні беларускія тэнісісткі ў складзе нацыянальнай зборнай правядуць стартавы матч Кубка Федэрацыі ў гасцях у каманды Нідэрландаў.

Рэйтынг WTА ўзначальвае аўстралійка Эшлі Барці, на другой пазіцыі румынка Сімона Халеп, замыкае першую тройку чэшская тэнісістка Караліна Плішкава.

У мужчын на першую пазіцыю вярнуўся трыумфатар Аustrаlіаn Ореn серб Новак Джокавіч, другім ідзе іспанец Рафаэль Надаль, трэцяе месца ў швейцарца Роджэра Федэрэра. Найлепшы з беларусаў, Ягор Герасімаў, знаходзіцца на 90-м радку рэйтынгу, Ілля Івашка займае 152-е месца.


2. Беларускія лёгкаатлеты выступілі адразу на некалькіх еўрапейскіх турнірах. Два сярэбраныя медалі яны заваявалі на міжнародным турніры Mееtіng d'аthlеtіsmе Mоndеvіllе, які прайшоў у французскім Мондэвіле. Віталь Парахонька ў вырашальным забегу на 60 м з бар'ерамі фінішаваў другім з вынікам 7,79 сек., а Крысціна Ціманоўская ў забегу на 60 м стала сярэбраным прызёрам спаборніцтваў, пераадолеўшы дыстанцыю за 7,23 сек. У прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі адзначылі, што дадзены час для Крысціны — найлепшы, які калі-небудзь паказвала беларуска на замежных спаборніцтвах. Таксама гэты вынік з'яўляецца найлепшым сярод еўрапейскіх спартсменак у гэтым зімовым сезоне.

Тым часам бар'ерыстка Аліна Талай заняла другое месца на міжнародным турніры па лёгкай атлетыцы Mееtіng dе Раrіs. У фінальным забегу яна пераадолела 60 м з бар'ерамі за 7,97 сек. Беларуска паказала найлепшы вынік сярод еўрапейскіх спартсменак у гэтым зімовым сезоне.

Скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова выйграла міжнародны турнір VІАСTІV RасеАrts, які прайшоў у нямецкім Бохуме. Анастасія паказала ў сваёй найлепшай спробе вынік у 6,71 м.


3. Зборная Беларусі па міні-футболе пацярпела тры паражэнні ў элітным раўндзе кваліфікацыі чэмпіянату свету ў партугальскім Павоа-дэ-Варзім. У матчы 3-га тура групы А беларусы саступілі камандзе Фінляндыі з лікам 2:4, а да гэтага прайгралі партугальцам (1:2) і італьянцам (3:5). Такім чынам, беларуская каманда заняла апошняе месца і не трапіла ў фінальную стадыю чэмпіянату свету.

Пераможцы чатырох груп элітнага раўнда атрымліваюць прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю ЧС-2020, а каманды, якія занялі другія месцы, правядуць у красавіку стыкавыя паядынкі яшчэ за два пропускі.

Фінальная частка сусветнага першынства з удзелам 24 найлепшых каманд планеты пройдзе з 12 верасня па 4 кастрычніка ў Літве.


4. У мінскім футбольным манежы стартаваў першы турнір памяці вядомага беларускага футбаліста Валянціна Белькевіча. У ім выступаюць восем юнацкіх камандаў (U-16), усе матчы турніру пройдуць у футбольных манежах Мінска, Брэста, Гродна і Гомеля. Завяршыцца розыгрыш 21 сакавіка.

Нагадаем, Валянцін Бялькевіч з'яўляецца адным з самых яркіх гульцоў у суверэннай гісторыі беларускага футбола. У сваёй прафесійнай кар'еры ён гуляў за роднае мінскае «Дынама» (у складзе якога стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі) і кіеўскага «Дынама» (дзе заваяваў восем тытулаў чэмпіёна Украіны і гуляў у паўфінале Лігі чэмпіёнаў). У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі правёў 56 матчаў, забіўшы 10 мячоў.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: За рысай дзясяткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».