Вы тут

За 45 гадоў сцэнічнай дзейнасці «Харошкі» сталі своеасаблівым брэндам Беларусі


Нядаўна ў Мінску на сцэне філармоніі з вялікім поспехам прайшоў канцэрт Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Канцэрт стаў заключным у рамках вялікага гастрольнага туру, прысвечанага 45-годдзю калектыву.


Як заўсёды, гэта было дзівоснае і непаўторнае свята высокага прафесійнага мастацтва. Жывая музыка, яркія нацыянальныя касцюмы, тэмпераментныя, эмацыянальна насычаныя танцы — усё гэта стварала на сцэне і ў зале незабыўную атмасферу радасці, святочнасці, на якую гледачы шчыра адгукаліся гарачымі апладысментамі...

«Харошкі» — калектыў аўтарскі. Яго стваральнік і нязменны кіраўнік — Валянціна Гаявая. Народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі краіны, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Францыска Скарыны і ордэна Дружбы народаў. Таленавіты харэограф, выдатны педагог, якая выхавала не адно пакаленне артыстаў.

Сёння ў «Харошках» многа моладзі, але працуюць і ветэраны калектыву — майстры, якія стаялі каля вытокаў ансамбля, а сёння з'яўляюцца яго гонарам. Гэта перш за ўсё заслужаныя артысты Фёдар Балабайка, Святлана Кашталапава-Патаповіч, Алеся Кур'ян, віртуозы сваёй справы Валянціна Гехт, Андрэй Асаёнак і многія іншыя.

Асобна трэба сказаць пра Фёдара Балабайку. Ён адзін з самых сталых удзельнікаў, працуе літаральна з першых дзён заснавання ансамбля. У свой час некаторыя гледачы хадзілі спецыяльна на Балабайку, які радаваў сваім унікальным талентам ствараць на сцэне камічныя, гумарыстычныя эпізоды. Атрымаўшы пенсію, Фёдар Якаўлевіч стаў з'яўляцца на публіцы радзей, эпізадычна. І вось у нядаўнім канцэрце зрабіў для гледачоў сюрпрыз — выступіў з прэм'ерай арыгінальнага музычнага нумара. І іграў з бляскам, засведчыўшы, што сваё ранейшае майстэрства не страціў.

Ва ўнісон танцам — адмысловыя, вытанчаныя строі. Касцюмы ў «Харошак» — сапраўдныя творы мастацтва, якія маюць не толькі мастацкую, але і этнаграфічную каштоўнасць. Артысты выступаюць у тканых і вышытых каляровымі ўзорамі спадніцах, кофтах, фартухах, мужчынскіх сарочках і кафтанах, у разнастайных галаўных уборах. Па гэтых строях можна прасачыць гісторыю адзення беларусаў, якія жылі ў розных мясцовасцях на працягу стагоддзяў.

Юбілейны год для калектыву ансамбля быў вельмі насычаны і напружаны.

— Мы, — расказвае Валянціна Гаявая, — далі своеасаблівыя справаздачныя канцэрты ў Драгічыне, Ганцавічах, Круглым і ў іншых райцэнтрах. Выступалі ў Крамлёўскім палацы, на сцэне культурнага цэнтра Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, у Літве. Вялікая работа зроблена на ІІ Еўрапейскіх гульнях: выступілі генеральным падрадчыкам арганізацыі культурнай праграмы для спартсменаў — удзельнікаў Гульняў. Узялі ўдзел больш чым у трыццаці канцэртах у фан-зонах і закрытых мерапрыемствах для замежных гасцей.

Але, бадай, самы яркі юбілейны канцэрт адбыўся напрыканцы мінулага года ў Вялікім тэатры оперы і балета, на якім «Харошкі» парадавалі гледачоў прэм'ерай «Купальскай сюіты» ў трох частках на музыку У. Гінько і І. Ерамяевіча. Арыгінальнымі сцэнічна-харэаграфічнымі сродкамі артыстам удалося паказаць, як мянялася, пераасэнсоўвалася жыццё беларусаў ад паганскіх часоў да прыняцця хрысціянства, прадэманстраваць шлях чалавечай душы ад розных жарсцяў да Усявышняга.

Юбілейныя канцэрты «Харошак» пераканаўча засведчылі, што калектыў знаходзіцца ў выдатнай творчай форме. Дзякуючы свайму непаўторнаму стылю, багатай фантазіі і арыгінальнасці задум, неверагодна высокаму выканальніцкаму майстэрству ансамбль займае ў сучасным беларускім мастацтве асаблівае, незаменнае месца. За сорак пяць гадоў сваёй сцэнічнай дзейнасці «Харошкі» сталі з'яваю ў нашым музычным мастацтве, своеасаблівым брэндам Беларусі. Моваю танца яны не толькі адлюстроўваюць яркія старонкі нашай гісторыі, але і раскрываюць душу беларуса.

Хочацца пажадаць таленавітым артыстам ансамбля і яго натхнёнаму, няўрымсліваму кіраўніку Валянціне Гаявой здзяйснення задуманых творчых планаў (а яны ў калектыва багатыя!), новых вяршынь у насычанай прафесійнай дзейнасці.

Зіновій Прыгодзіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Моваю танца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.