Вы тут

«Ёсць маладыя бацькі, якія бяруць кнігі для чытання трохмесячным немаўлятам». Наведалі бібліятэкі Чавускага раёна


Ведаеце, дзе цяпер больш за ўсё чытаюць папяровыя кнігі? У вёсках. Людзі, якія захавалі найбольш блізкую сувязь з прыродай, з зямлёй, не спяшаюцца пераходзіць на электронныя носьбіты інфармацыі і духоўнага пажытку. Не з-за таго, што не ўмеюць карыстацца імі — яны актыўныя карыстальнікі смартфонаў, не горш за сваіх дзяцей і сяброў з горада. Але з задавальненнем ідуць у свае вясковыя бібліятэкі і няспешна выбіраюць там ужо досыць зачытаныя тамы з класікай або мемуарамі, дэтэктывамі, любоўнымі раманамі... І верагодна, яны куды больш за гараджан захавалі ў сваёй душы гармонію і спакой, устойлівую раўнавагу. Гэта я зразумела, калі бліжэй пазнаёмілася з Дзяржаўнай установай культуры «Чавуская бібліятэчная сетка».


Дырэктар Чавускай бібліятэчнай сеткі Алена МАКСІМОВІЧ.

Цэнтральная і дзіцячая бібліятэкі ў Чавусах справілі наваселле і ўтульна размясціліся ў нядаўна адкрытым пасля рэканструкцыі Раённым доме культуры.

Лаўцы бібліятэчных душ

Яна была ўтворана ў 2015 годзе. На той момант у раёне зачынілі тры вясковыя бібліятэкі. Дэмаграфічны спад — галоўны вораг беларускай вёскі. У населеных пунктах, дзе перастаюць нараджацца дзеці, спачатку зачыняюцца дзіцячы садок і школа, потым — пошта і крама. Бібліятэкі, па словах дырэктара Чавускай бібліятэчнай сеткі Алены Максімовіч, сыходзяць апошнімі.

І ўсё ж такі, за апошнія пяць гадоў колькасць «храмаў кніг» у Чавускім раёне ўдалося не толькі захаваць, але на адну адзінку павялічыць. Цяпер у структуры сеткі 16 бібліятэк: дзве ў горадзе (Цэнтральная і Дзіцячая), 11 у аграгарадках і тры ў вёсках, чатыры аб’яднаныя у бібліятэкі-клубы.

— Бібліятэкары на добрым узроўні выконваюць абавязкі клубнага работніка. Па-першае, нашы спецыялісты — прасунутыя карыстальнікі інфармацыйных тэхналогій, па другое, нас навучаюць арганізацыі масавых мерапрыемстваў, — упэўнена Алена Максімовіч.

Бібліятэкі-клубы ладзяць дыскатэкі, усе галоўныя святы і аб’ядноўваюць жыхароў вёсак ў творчыя групы.

Увогуле, бібліятэкі праводзяць вельмі шмат мерапрыемстваў, і як правіла, з чаяваннем, — дадае дырэктар. — Усе нашы бібліятэкары — жанчыны, добрыя гаспадыні. Мы прывабліваем чытача ўсімі магчымымі спосабамі.

На сяле, у адрозненні ад горада, няма праблемы малой колькасці чытачоў, бо акрамя як у бібліятэку, у многіх вёсках ужо больш няма куды пайсці, кажа кіраўнік сеткі. Бібліятэчная сетка абслугоўвае каля паловы ўсяго насельніцтва раёна.

Загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі горада Чавусы  Лілія КАЛІНІНА (злева) і бібліёграф Ганна БЯСПЁРСТАВА.

Пасля залатога веку

— Мы ганарымся сваёй падпіскай на перыядычныя выданні — на сёння гэта 156 найменняў, напалову — папулярная перыёдыка, на некаторыя выданні — чарга, — расказвае Алена Максімовіч. — Вясковыя бібліятэкі выпісваюць каля 25-27 газет і часопісаў.

Самым спрыяльным перыядам у фарміраванні бібліятэчных фондаў кіраўнік раённай структуры называе час рэалізацыі першага этапу Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Літаратуру для раёнаў тады закупляла абласная бібліятэка, зыходзячы з іх запытаў. У той час усе ўстановы атрымалі камп’ютары.

— Гэта было шыкоўна, — успамінае мая субяседніца. — У нас былі жывыя картатэкі, сфарміраваныя з улікам чытацкіх інтарэсаў. Мы тады закамплектаваліся энцыклапедычнымі выданнямі. Гэта былі залатыя гады для бібліятэк.

Зараз купляць новыя кнігі ў рэгіянальных бібліятэк магчымасцяў няшмат, але, зрэшты, у Чавусах выкарыстоўваюць любую. Удаецца выкраіць грошы на галіновую літаратуру, кодэксы, у абавязковым парадку раён купляе сацыяльна значную літаратуру. «Белкніга» штогод бясплатна перадае частку не распраданых тыражоў, такім чынам летась Чавускі раён атрымаў каля 200 выданняў. Акрамя таго, раённая сетка актыўна карыстаецца абменнымі фондамі Нацыянальнай і абласной бібліятэк. Каля 500 кніг (як дэтэктывы, так і зборы твораў класікаў) летась падарылі чытачы. Дарэчы, класіка карыстаецца павышаным попытам на сяле, таму падораныя зборы твораў савецкіх часоў актыўна выкарыстоўваюцца ў бібліёбусах.

Бібліятэкі Чавускага раёна маюць магчымасць абслужыць і чытача, вочы якога ўжо дрэнныя памочнікі. Тут маецца багатая картатэка аўдыёвізуальных кніг, фільмаў з аўдыёдэскрыпцыяй (вусным апісаннем візуальнай інфармацыі). Пазалетась удала звярнуліся да выдавецтва «Народная асвета», і атрымалі ў падарунак дзесяць кніг, напісаных шрыфтам Брайля.

Найбольшыя даходы ў структуры платных паслуг насельніцтву раённай бібліятэчнай сетцы прыносіць друкаваная прадукцыя.

Не толькі кніга

Кніга, вядома, галоўны аб’ект работы любой бібліятэкі, але сёння яны робяць яшчэ шмат чаго: выхоўваюць, навучаюць, дапамагаюць наладзіць дыялог паміж уладай і насельніцтвам. Цяпер у чытальнай зале Цэнтральнай бібліятэкі Чавус аформлена выстава-экспазіцыя, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут абсталяваны цэнтр прававой інфармацыі і раз у месяц вядзе бясплатны прыём натарыус.

За ўласныя сродкі бібліятэка набыла фотапрынтары, ламінатар, перфабіндар, разак, што дазваляе выконваць платныя паслугі: выраб брашур, рэкламных плакатаў, запрашальнікаў, грамат, дыпломаў, падзяк, паштовак, календароў, блакнотаў, бейджаў, дзіцячых расфарбовак, друк фатаграфій і іншае. Спецыялісты тут валодаюць прыёмамі графічнага дызайну і мастацкага афармлення, вёрсткі. Бібліятэка мае невялікую крамку з уласнымі вырабамі. Летась установа зарабіла больш за 20 тысяч рублёў.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі Сняжана СВІСТУНОВА.

Чавуская бібліятэчная сетка — удзельнік міжнароднага праекта «Агульны горад» («Камгар», фінансуецца Еўрапейскім саюзам), які быў рэалізаваны ў 2018–2019 гадах на тэрыторыі трох гарадоў: Баранавічы, Магілёў і Чавусы. У рамках праекта добраўпарадкаваны гарадскі парк, а бібліятэка атрымала шэсць тысяч еўра, на якія купіла мэблю, камп’ютары, каляровы прынтар, абсталявала «Зялёны інфармацыйны цэнтр» і распрацавала Зялёную карту горада.

«Зялёны інфармацыйны цэнтр» — гэта дыялогавая пляцоўка паміж жыхарамі і ўладай у вырашэнні экалагічных праблем, — тлумачыць Алена Максімовіч. — Дзякуючы «Зялёнай карце» любы чалавек можа даведацца, дзе ў горадзе растуць інвазіўныя расліны, дзе адбываецца асобны збор адходаў, дзе маюцца велапаркоўкі і веладарожкі. З дапамогай QR- кодаў кожны карыстальнік смартфона можа дапаўняць карту і паведамляць пра экалагічна небяспечную сітуацыю».

У чытальнай зале Цэнтральнай бібліятэкі збіраюцца на свае паседжанні два клубы — «Краязнавец» для падлеткаў і «Хрызантэма», які аб’ядноўвае жанчын ва ўзросце «залатой восені».

«Гэта каля 20 чалавек, — расказвае загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лілія КАЛІНІНА. — Усе яны — надзвычай актыўныя і таленавітыя ва ўсім жанчыны, некаторыя спяваюць яшчэ і ў хоры ветэранаў, удзельнічаюць у фальклорным калектыве „Спадарыня“. Вельмі любяць конкурсы, напрыклад на лепшую гародніну або садавіну, якую вырасцілі на сваіх прысядзібных участках. На чэрвень плануем выстаўку вырабаў з адходаў».

Чавуская бібліятэчная сетка супрацоўнічае з Калінінградскай дзіцячай бібліятэкай і з бібліятэкай у горадзе Зеленаградску Калінінградскай вобласці. Сяброўства з апошняй пачалося дзякуючы актыўнаму чытачу і аўтару кнігі «Доўг» Васілю Іосіфавічу Чарнову, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, які ў складзе 385 стралковай дывізіі вызваляў Чавусы. Ужо двойчы госці з Зеленаградска прыязджалі ў Чавусы, тры разы паміж бібліятэкамі праводзіліся тэлемасты. Летась бібліятэкі ладзілі конкурс сярод школьнікаў на лепшае даследаванне пра герояў вайны — беларусаў, якія ваявалі ў Расіі. Сёлета плануюць заахвоціць дзяцей знайсці сведчанні, якія адлюстроўваюць жыццё і ваенную гісторыю савецкіх салдат, якія прымалі ўдзел ва Усходне-Прускай стратэгічнай аперацыі (з 13 студзеня па 9 мая 1945 года).

Загадчык дзіцячай бібліятэкі горада Чавусы Таццяна ФІЛІПЕНКА (зправа) і бібліятэкар Наталля КОТ.

«0+» даўно ўжо норма

У Дзіцячую бібліятэку Чавус цягам года прыходзіць каля паўтары тысячы чытачоў — не толькі мясцовыя дзеці, але і тыя, што прыязджаюць летам на канікулы з усяго былога Савецкага Саюза. А яшчэ бацькі, настаўнікі, кіраўнікі дзіцячых гурткоў.

«Ёсць маладыя бацькі, якія бяруць кнігі для чытання трохмесячным немаўлятам, — не хавае гонару загадчыца дзіцячай бібліятэкай Таццяна ФІЛІПЕНКА. — Сувязі з нашай бібліятэкай сем’і перадаюць з пакаленняў у пакаленне. Напрыклад, калісьці да нас сваіх дзяцей прыводзіла Тамара Аркадзеўна Ісаенка, а цяпер яна прыводзіць сваіх унукаў. Некаторых бацькоў мы ведаем з іх школьных часоў.

Гэтыя сувязі падтрымліваюцца і тэматычнымі сустрэчамі з «салодкім сталом». Дзяцей малодшага школьнага ўзросту збірае і прывучае да здаровага ладу жыцця клуб «Вітамінка», аматараў сямейнага чытання — аб’яднанне «Кніжны выхадны».

Тут робяць усё магчымае, каб улюбіць сучасных дзяцей у папяровую кнігу. Яшчэ адна актуальная праблема — адарванасць сучаснай моладзі ад роднай мовы. «Вельмі сумна, калі маладыя бацькі прызнаюцца, што не ўмеюць размаўляць на беларускай мове, — з горыччу кажа Таццяна Філіпенка. — Іх дзеці таксама зусім не разумеюць беларускай мовы, і гэта — сур’ёзная праблема. Мы спрабуем дапамагчы».

Падчас канікул і святочных дзён бібліятэка працуе з дзецьмі і маладымі людзьмі, якія маюць асаблівасці развіцця.

Бібліятэкар  сельскай бібліятэкі аграгарадку Вусце Святлана АНІКЕЕВА.

Сябар «Звязды»

Калі мы зайшлі ў крамку пры бібліятэцы, прыйшоў пабачыцца і перадаць прывітанне «звяздоўцам» Анатолю Клешчуку і Валянціне Доўнар даўні падпісчык і аўтар «Звязды», сябра Цэнтральнай бібліятэкі Чавусаў, памочнік настаяцеля праваслаўнага Свята-Узнясенскага прыхода Валерый ГАЎРЫШ.

Ён актыўны ўдзельнік сумеснага з бібліятэкай і дабрачыннага праекта «Духоўнасць. Маральнасць. Кніга». У канцы студзеня ў рамках праекта Валерый Гаўрыш і бібліятэкар Сняжана Свістунова сустракаліся з вучнямі 11-х класаў Сярэдняй школы № 2 горада Чавусы, расказвалі маладым людзям пра храмы і манастыры Беларусі. Шмат гадоў Валерый Гаўрыш змагаецца ў раёне з брыдкаслоўем — выступае перад дзецьмі, моладдзю і дарослымі, пра што, дарэчы, «Звязда» не аднойчы пісала.

Афармленне кніжных паліц таксама працуе на прыцягненне чытачоў.

Выстава. Абанемент цэнтральнай бібліятэкі.

«Заўсёды ведала, дзе яе можна знайсці»

З горада мы адпраўляемся ў дзве вясковыя бібліятэкі.

Каменская налічвае 63 гады сваёй гісторыі, і таму, што гісторыя гэта слаўная, ёсць не адно сведчанне. Напрыклад, яе колішні бібліятэкар Валянціна Салаўёва ў 1986 годзе была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

У 2015 годзе бібліятэка заняла другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе па патрыятычным выхаванні. Тут рэалізуецца праграма «Расцім патрыётаў». Цяпер, калі ў Каменцы не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, работа бібліятэкі па захаванню памяці пра іх, пра цану Перамогі, набывае асаблівую значнасць. Тут захоўваюцца ўспаміны мясцовых жыхароў, напісаныя рукамі іх дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, у кожнай сельскай бібліятэцы карпатліва вядзецца работа па захаванню гісторыю населеных пунктаў, якія яна абслугоўвае.

У 2016 годзе бібліятэка Каменкі перамагла ў галоўным галіновым конкурсе краіны — «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».

Маці алімпійскай чэпміёнкі Дынары Алімбекавай і чытач Каменскай сельскай бібліятэкі Ірына ХІТРОВА.

Тут мы пазнаёміліся з маці алімпійскай чэмпіёнкі Дынары Алімбекавай Ірынай ХІТРОВАЙ. «Дынара ў гэтай бібліятэцы калісьці прападала. Я заўсёды ведала, дзе яе і сына можна знайсці, — з цёплай усмешкай успамінае Ірына Аляксандраўна. — Самі ведаеце, калі жывеш у вёсцы, клопату шмат, і дзеці большую частку часу пакінутыя самім сабе. Але ў нас тут такая завядзёнка — дзеці часта ходзяць у бібліятэку і клуб, тут усё ў адным будынку. Калі яны не на другім паверсе, значыць — на першым. Іх тут захапляюць: увесь час нейкія гурткі, дзеці нешта вырабляюць, малююць, бісерам вышываюць і да таго падобнае».

У бібліятэцы ёсць невялікая экспазіцыя, прысвечанае Дынары, з яе асабістымі рэчамі і аўтографам. І альбом, у якім захоўваюцца дзіцячыя фатаграфіі знакамітай біятланісткі тут, у сценах бібліятэкі, калі яна яшчэ падлеткам была ўдзельніцай клуба «Сябры лесу».

Уваход у Каменескую сельскую бібліятэку.

У Каменскай сельскай бібліятэцы.

Любая бібліятэка ў вёсцы, акрамя абслугоўвання чытачоў, дапамагае старшыні сельскага Савета ў абходзе двароў, абмерах зямлі, удзельнічае ў перапісе насельніцтва, выбарах, даглядае воінскія пахаванні. У Чавускім раёне больш за 100 помнікаў і пахаванняў часоў апошняй вайны, яны замацаваны за бібліятэкамі, клубамі і школамі раёна.

— Гэта правільна, — лічыць Алена Максімовіч. — У нашым раёне ішлі бязлітасныя баі, цяпер кожнае лета пашукавікі знаходзяць невядомыя раней пахаванні салдат, перахоўваюць, на перапахаванні прыязджаюць сваякі загінулых воінаў з усіх канцоў былога Савецкага Саюза — і нам не сорамна за стан салдацкіх магіл перад імі.

Бібліятэкар Каменскай сельскай бібліятэкі Алена МУРАШКА.

«Нашы кадры — гэта наш гонар»

Менавіта так пачала расказ пра сваіх калег Алена Максімовіч падчас дарогі з Каменкі ў Вусце. У Чавускай бібліятэчнай сетцы працуе 39 чалавек, спецыялістаў — 28, з іх сем маюць вышэйшую профільную адукацыю і 17 — сярэдне-спецыяльную профільную. Але бібліятэкары неспецыялісты не саступаюць сваім калегам з бібліятэчнай адукацыяй, а ў нечым — лепшыя, лічыць дырэктар. Сярэдні ўзрост калектыву — 42–46 гадоў.

— Нашы супрацоўнікі — паважаныя ў грамадстве людзі, — расказвае яна. — І трымаюцца за работу. На вёсцы зарабляюць не блага — каля 450 рублёў, у горадзе — 420 рублёў, многія толькі за стаж атрымліваюць даплату ў памеры каля 70 рублёў. Спадзяюся, што з гэтага года мы зможам павялічыць надбаўку да заробку за кошт па-за бюджэтных даходаў.

Сябра Цэнтральнай бібліятэкі Чавусаў і даўні падпісчык “Звязды” Валерый ГАЎРЫШ.

Бібліятэкі Чавускага раёна маюць багатую картатэку аўдыёвізуальных кніг, фільмаў з аўдыёдэскрыпцыяй (вусным апісаннем візуальнай інфармацыі) і кнігі, напісаных шрыфтам Брайля.

«У асноўным у мяне чытаюць сем’ямі»

У аграгарадку Вусце будынак культурна-спартыўнага цэнтра, у якім знаходзіцца бібліятэка, быў пабудаваны ў рамках Праграмы адраджэння і развіцця сяла 10 гадоў таму.

Бібліятэкар Святлана АНІКЕЕВА кажа пра сваю працу так, як расказваюць пра ўласную сям’ю.

— Ён у мяне самы лепшы, — гэта пра фонд дзіцячай літаратуры. — У мяне ёсць чытачы, якія чытаюць запоем, я іх ўсіх магу назваць па імёнах. У асноўным у мяне чытаюць сем’ямі. Калі чытае бабуля, то чытаюць і дзеці, і ўнукі. Стараюся раз на месяц наведаць пенсіянераў у аддаленых вёсках, а гэта кіламетраў за 15 адсюль.

— Святлана Міхайлаўна — чалавек з вельмі актыўнай жыццёвай пазіцыяй, — умешваецца ў нашу размову мастацкі кіраўнік культурна-спартыўнага цэнтра Таццяна Караленка. — Гэта наш памочнік ва ўсім, а галоўнае — у метадычнай рабоце. Яна яшчэ — вясковы стараста і дэпутат.

Сама бібліятэкар пастаралася перавесці размову на жанчыну, якая вяжа сурвэтку, звяраючы малюнак па схеме ў часопісу: «Наталля Леанідаўна Гушчына — зубны ўрач і наша чытачка, якой я вельмі ўдзячная, яна дае свае вырабы для афармлення выставак, актыўна чытае і дорыць кнігі ў бібліятэку. І дзеці яе чытаюць. А яшчэ яна — цудоўны кулінар».

Чытачы Каменскай сельская бібілятэкі Дана БАНДАРАВА з сынам.

Дзіцячая бібліятэка горада Чавусы.

Самая любімая катэгорыя чытачоў у гаспадыні Вусцянскай бібліятэкі — дзеці. Каб пазнаёміць іх з кнігай бліжэй, яна ладзіць масавыя мерапрыемствы, праводзіць гутаркі, віктарыны. «Уся работа пабудавана з клубам і амбулаторыяй, — раскрывае асаблівасці грамадскага жыцця аграгарадка бібліятэкар. — Я працую па праграме «Да кнігі і чытання праз вольны час і адносіны». У мяне там тры блокі...».

— А яшчэ Святлана Міхайлаўна ідзе ў краму, купляе за свае грошы печыва і цукеркі і ладзіць для дзетак салодкі стол, — дадае Таццяна Караленка.

— І не толькі я, яны таксама прыходзяць са сваімі, — папраўляе Святлана Анікеева. Мы робім і Спас, і Купалле, і Калядкі...

— Калядкі — гэта любімае мерапрыемства ў нашых дзяцей! — падхоплівае жыхарка Вусця.

Вусце стала апошнім пунктам «звяздоўскай» камандзіроўкі ў Чавусы. Таму напрыканцы размовы мы задалі пытанне: чым бібліятэка з’яўляецца для сучаснага сяла?

«Скажу менавіта пра нашу тэрыторыю, — пасля невялікага роздуму адказала Святлана Анікеева. — Нехта тут атрымоўвае духоўны пажытак, нехта прыходзіць проста паразмаўляць, адвесці душу. Атрымліваецца, што я і псіхолаг, і... ну не ведаю. Некага трэба і прыструніць», — смяецца.

Каменская сельская біблятэка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Чавускі раён

Загаловак у газеце: Фарпосты душы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.