Вы тут

Больш за 500 мерапрыемстваў пройдзе падчас Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу


Больш за 500 мерапрыемстваў пройдзе падчас ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая пачне работу ўжо заўтра: каля 300 з іх пройдуць у выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14, астатнія — у кнігарнях сталіцы, Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ды іншых бібліятэках, у тым ліку вышэйшых навучальных устаноў. Пра гэта расказаў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ.


— Ганаровым госцем кніжнай выстаўкі-кірмашу стане Расійская Федэрацыя, галоўным экспанентам — ЗША. Мы ўдзячны, што да нас прыедуць шматлікія аўтары з розных краін, у прыватнасці вядомыя расійскія пісьменнікі Мікалай Чаркашын, Таццяна Усцінава, Мікалай Далгаполаў, Аляксандра Марыніна. Яны і іншыя літаратары возьмуць удзел у VІ Міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час», які адбудзецца ў рамках выстаўкі. Безумоўна, вялікую цікавасць выклікаюць і іншыя мерапрыемствы. Напрыклад, сумесны праект «Белпошты» з «Поштай Расіі», падчас якога пройдуць майстар-класы па складванні пісем у легендарныя франтавыя трыкутнікі. У дні выстаўкі кожны ахвотны зможа даслаць паштоўку з памятным штэмпелем і выявай сімволікі 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Шмат падзей будуць насіць сацыяльны, грамадска-палітычны характар, што важна для нашай краіны: гэта названы юбілей і Год малой радзімы. Вельмі шмат кніг, выдадзеных у канцы мінулага — пачатку гэтага года, прысвечаны гісторыі, развіццю асветы ў Беларусі. У прыватнасці, выданні «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» пра драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, кнігі-альбомы, даведачная літаратура, што расказвае аб прадстаўніках розных нацыянальнасцяў, якія вызвалялі Беларусь або ваявалі на нашай тэрыторыі падчас нямецка-фашысцкай акупацыі.

Міністр інфармацыі расказаў, што многія беларускія аўтары прадставяць на кніжнай выстаўцы свае краязнаўчыя даследаванні, што ў Год малой радзімы вельмі актуальна. Сярод іх — Юрый Кур'яновіч з кнігай пра старажытны Тураў, Іван Каліноўскі пра Прыдзвінне, Алесь Марціновіч пра Случчыну і Слуцк, Ігар Пракаповіч — пра Паставы і Пастаўшчыну. Міністр упэўнены, што гэтыя кнігі выклікаюць цікавасць ва ўсіх, хто вывучае гісторыю, асветніцтва і займаецца краязнаўствам».

— Трэба сказаць і пра стэнд Саюзнай дзяржавы, — дадаў Аляксандр Карлюкевіч. — Пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы будуць прадстаўлены ўсе выданні, якія выпусцяць у абедзвюх краінах. Гэта кнігі нашых беларускіх выдавецтваў, уключаючы Беларускае тэлеграфнае агенцтва, кнігі «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» і «Мастацкай літаратуры». З боку Расіі — выдавецтвы «Вече», «Время», «Лаборатория знаний» і іншыя. Выданні адлюстроўваюць нашы агульныя гісторыка-культурныя тэмы, яны прысвечаны турыстычнаму патэнцыялу абедзвюх краін, асобны блок будзе датычыцца 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Неад'емнай часткай стане праект «Вайна і мір», у рамках якога адбудзецца прэзентацыя праекта «Крыніцы памяці» выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Дарэчы, у гэтым зборніку дакументальных нарысаў Аляксандра Карлюкевіча і Уладзіміра Ліхадзедава ідзе аповед пра месцы Беларусі, якія звязаны з лёсамі паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, ваенных карэспандэнтаў з Расіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А ілюстрацыямі служаць старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава і сучасныя фатаграфіі.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ адзначыў, што ХХVІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — самая вялікая па колькасці наведвальнікаў, запрошаных краін і мерапрыемстваў у Беларусі, таксама яна займае другое месца сярод краін СНД, уступаючы толькі Маскоўскай кніжнай выстаўцы.

— Яна дапамагае не толькі развівацца ў кніжнай сферы, але і рэалізоўваць велізарную колькасць сацыяльных праектаў. У першы дзень адкрыцця плануецца мноства сустрэч і прэзентацый. Дэвіз сёлетняй выстаўкі — «Беларусь — адкрытая кніга»... Народа з адкрытым сэрцам. Народа, які чакае новых гістарычных старонак, у тым ліку аналізу нашага мінулага і будучыні. Пунктам прыцягнення ўвагі гасцей безумоўна стане прыгожае афармленне павільёна. Варта адзначыць, што вельмі важна, каб да нас далучалася як мага больш грамадскіх аб'яднанняў. Напрыклад, «Сваё асяроддзе» — група паэтаў-бардаў прэзентуе свае кнігі ў першы дзень выстаўкі.

Генеральны дырэктар Генеральнай дырэкцыі міжнародных выставак і кірмашоў, дырэктар Маскоўскага міжнароднага кніжнага кірмашу і Кніжнага фестывалю «Красная площадь», прадстаўнік Ганаровага госця выстаўкі Расійскай Федэрацыі Андрэй ГЕЛЬМІЗА паведаміў, што больш за 80 выдаўцоў Расіі прадставяць свае кнігі на Мінскай выстаўцы-кірмашы і больш за 60 мерапрыемстваў пройдзе на цэнтральным стэндзе і на іншых пляцоўках сталіцы.

— Прэзентуем вялікую калекцыю кніг, звязаную з 75-годдзем Вялікай Перамогі. Спецыяльны праект — «Прэзідэнцкая гістарычная бібліятэка. Серыя «Перамога» — рэалізаваны Расійскім гістарычным таварыствам і Выдавецкай групай «Эксма-АСТ». Туды ўвайшлі кнігі, якія пабачылі свет у час Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя класічнай кніжнай праграмы, мы сочым за тэндэнцыямі сучаснай моладзі і іх чытацкіх запатрабаванняў. Расце патрэба ў аўдыёкніжках, таму на выстаўцы-кірмашы будуць прадстаўлены выданні і ў такім фармаце.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ адзначыў, што Мінская кніжная выстаўка-кірмаш — гэта своеасаблівы экзамен для пісьменнікаў. Кожная вобласць прадставіць асобныя выданні, ад іх чакаюцца прэзентацыі новых міжнародных праектаў, шматлікія аўтограф-сесіі, круглыя сталы па розных тэмах.

Летась на Міжнародную мінскую кніжную выстаўку-кірмаш прыйшла 61 тысяча наведвальнікаў. Пра гэта расказаў старшыня Савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў, генеральны дырэктар ПК ТАА «Макбел» Дзмітрый МАКАРАЎ. «Сёлета чакаецца не менш, бо для гэтага ёсць усе перадумовы. Сёлетняя выстаўка будзе адрознівацца ад усіх дызайнам, інтэр'ерам, у тым ліку і нацыянальны стэнд. Сярод гасцей — 31 краіна. Уваход на выстаўку-кірмаш традыцыйна бясплатны», — адзначыў ён.

Запрашаем наведаць стэнд Выдавецкага дома «Звязда» на міжнароднай кніжнай выставе. Мы падрыхтавалі шмат цікавостак! Чакаем вас!

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Кастуся Дробава

Прэв'ю: rg.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.