Вы тут

Анкалогія — не прыгавор, але чым раней выяўлена пухліна, тым лепш вынікі лячэння


Летась амаль 50 тысячам беларусаў упершыню быў пастаўлены анкалагічны дыягназ. Штогод колькасць новых выпадкаў раку павялічваецца на тысячу. Мужчыны найчасцей хварэюць на рак прастаты, жанчыны — на рак малочнай залозы. Пры тым, што захваральнасць расце, смяротнасць ад гэтага захворвання крыху зніжаецца. Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі.


— Калі ўзяць апошнія 10 гадоў, то захваральнасць вырасла на 15 %, смяротнасць знізілася на 1,8%. У 2010 годзе смяротнасць складала 187 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, летась — 184 чалавекі на 100 тысяч, — паведаміў намеснік дырэктара па хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Віктар КАХНЮК.

Якія анказахворванні найчасцей сустракаюцца ў беларусаў?

Сярод мужчын самым распаўсюджаным з'яўляецца рак прастаты. На другім месцы рак лёгкага, на трэцім — коларэктальны (рак тоўстай кішкі). У жанчын лідзіруе рак малочнай залозы, на другім месцы — коларэктальны, на трэцім — рак маткі.

— Такая структура захваральнасці ў нас захоўваецца на працягу апошніх чатырох-пяці гадоў, — адзначыў Віктар Кахнюк.

Наколькі своечасова ставіцца дыягназ?

У 2019-м ранняя выяўляльнасць раку — на 1-2 стадыі — склала 67 %. І гэта лепш, чым год таму. А як вядома, у лячэнні анкахвароб тэрмін адыгрывае ключавую ролю: чым раней выяўлена злаякасная пухліна, тым лепш вынікі лячэння і тым большы працэнт пацыентаў вылечваецца.

Як палепшыць выяўляльнасць?

— Гэта можна зрабіць шляхам укаранення скрынінгу на дзяржаўным узроўні. Чалавек добра сябе адчувае, ходзіць на працу, яго нічога не турбуе, але ў яго ўжо ёсць захворванне. Важна яго запрасіць на абследаванне. У нашай краіне ўжо ёсць скрынінг раку малочнай залозы, коларэктальнага, раку прастаты. Укараненне скрынінгу дазволіць павысіць выяўляльнасць раку на ранняй стадыі, — кажа Віктар Кахнюк.

Эксперт тлумачыць, што пры некаторых, як правіла, унутраных лакалізацыях пухлін абследаванне не заўсёды простае. А ёсць візуальныя лакалізацыі, якія даволі проста выявіць. Для гэтага пацыенту дастаткова прыйсці да ўрача. Напрыклад, у выпадку з ракам малочнай залозы, паставіць дыягназ не складана.

— У нас рак поласці рота выяўляецца ў 40 % выпадкаў на апошняй, 4-й стадыі. А гэта, між іншым, візуальная лакалізацыя.

Летась у межах праграмы скрынінгу раку малочнай залозы абследавана 75 тысяч жанчын (скрынінг робяць у 50-70 гадовай узроставай групе, лічыцца, што пік гэтага захворвання — 49 гадоў). Рак выяўлены ў 379 з іх, у тым ліку ў 344 — на ранняй стадыі. На рак прастаты абследавана 138 тысяч мужчын. Захворванне знайшлі ў 884 (у 80,7 % — на 1-2 стадыі). На коларэктальны рак праверылі 30 тысяч чалавек, анкалагічны дыягназ пастаўлены ў 81 выпадку (82 % на ранняй стадыі).

Якія вынікі лячэння?

На дыспансерным уліку ў Беларусі летась знаходзілася 318 тысяч чалавек, якія маюць анкалагічныя дыягназы. З іх 160 тысяч (а гэта 51 %) знаходзяцца на ім пяць і больш гадоў.

— Еўрапейскі паказчык пяцігадовай выжывальнасці пры раку складае ад 50 да 60 %. І мы ў яго ўпісваемся. Мы добра лечым — на еўрапейскім узроўні. А каб мець яшчэ лепшыя вынікі, трэба раней дыягнаставаць хваробу.

Ад чаго найчасцей паміраюць?

Нягледзячы на тое, што ў мужчын дамінуе рак прастаты, ад яго паміраюць нячаста, бо гэта захворванне добра паддаецца лячэнню. Асноўная прычына анкалагічнай смяротнасці ў мужчын — рак лёгкага. На другім месцы — коларэктальны рак, на трэцім — рак страўніка. Жанчыны найчасцей паміраюць ад рака малочнай залозы, коларэктальнага раку і раку страўніка.

Як лечаць?

Асноўны шлях лячэння раку — хірургічны. Штодзень у Беларусі анколагі робяць у сярэднім 343 аперацыі, у тым ліку каля сотні — у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Будучыня гэтага напрамку — у павелічэнні колькасці камбінаваных аперацый, пашырэнні паказанняў да органазахоўных умяшанняў, развіцці эндаскапічных метадаў. Яшчэ два спосабы лячэння — прамянёвая і хіміятэрапія. Апошняя таксама імкліва мяняецца. У прыватнасці, лячэнне індывідуальна падбіраецца кожнаму пацыенту на аснове малекулярна-генетычнага профілю пухліны.

— Узяць дваіх хворых з аднолькавай лакалізацыяй. У аднаго на фоне хіміятэрапіі поўны рэгрэс, а ў іншага наадварот — прагрэс. Такім чынам, паўстала пытанне аб малекулярна-генетычным даследаванні пухлін. Сёння ў нас ніхто не прызначае лячэнне без такога даследавання, — падкрэслівае Віктар Кахнюк.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».