Вы тут

Наколькі падаражэюць долар і еўра пасля эпідэміі каранавіруса


Якія фактары ўплываюць на курс расійскага рубля і як эпідэмія і змены на знешніх рынках адбіваюцца на нацыянальнай валюце?


У сваіх каментарыях аналітык валютнага рынку Вадзім Іосуб прасочвае змены курсаў валют і беларускага рубля ў сувязі з наступствамі ўспышкі эпідэміі каранавіруса ў Кітаі. Прычым, вядома, гэты ўплыў на нашу валюту быў даволі апасродкаваны, лічыць ён. Адно з наступстваў эпідэміі — зніжэнне кошту сыравіны, у тым ліку прыкметнае падзенне цаны на нафту. А яно, у сваю чаргу, прыводзіць да прыкметнага падзення расійскага рубля. Менавіта таму долар да расійскага рубля падаражэў за мінулы тыдзень з 61,8 да 63,1, або на 2,1 %. Еўра падаражэла з 68,3 да 69,6 расійскага рубля, або на 1,9 %. Суадносіны еўра і долара змяніліся нязначна: еўра знізілася да долара з 1,1050 да 1,1020, або на 0,2 %.

Моцнае падзенне расійскага рубля да замежных валют у аўтаматычным рэжыме, як гэта звычайна бывае, прывяло да таго, што ў нас долар і еўра да беларускага рубля падаражэлі, а расійскі рубель патаннеў.

Долар за мінулы тыдзень падаражэў на 1,18 %, еўра вырасла на 0,99 %, а расійскі рубель упаў на 0,94 %. На распачатым тыдні тэндэнцыя па падзенні цэн на нафту і ўслед за гэтым зніжэнне расійскага рубля могуць працягнуцца. У выніку долар можа падаражэць да 2,16 беларускага рубля, еўра можа вырасці да 2,38 беларускага рубля. А расійскі рубель можа патаннець да 3,35 беларускага рубля за 100 расійскіх, лічыць эксперт.

Што ж мы маем цяпер? Перад выхаднымі долар быў у нас у раёне 2,138, а таргі на біржы ў гэты панядзелак пачыналіся ўжо з 2,15 рубля за долар. Амаль адразу, у гэты ж дзень, пачатковы курс «зялёнага» атрымалася панізіць да мінімальнага 2,146 рубля, аднак бліжэй да канца таргоў ён усё ж выйшаў за акрэсленыя рамкі і быў нават 2,1515. Сярэднеўзважаны курс усталяваўся ў раёне 2,1483 рубля за адзін долар.

Расійскія аналітыкі на гэта маюць уласнае меркаванне. «Эканаметрычныя мадэлі дазваляюць зрабіць высновы аб якасных і колькасных сувязях паміж абменнымі курсамі валюты — гэта азначае, што, напрыклад, рубель падае ў адносінах да долара, калі навіннае інфармацыйнае поле ўтрымлівае неспрыяльныя весткі аб падзеях у палітычным і эканамічным жыцці краіны, што і адбываецца цяпер». Расія мяжуе з Кітаем на ўсходзе, граніца не закрытая, таму навіна носіць негатыўную афарбоўку: пазіцыя рубля на валютным рынку будзе слабець. Гэта датычыцца і юаня.

Старшы аналітык Лізавета Навумава адзначае, што зніжэнне рубля адносна долара «адназначна звязана з нявызначанасцю і страхамі, якія ўразілі рынкі на фоне распаўсюджвання з Кітая невядомага каранавіруса». Іншыя эксперты дадаюць, што паміж РФ і КНР памяншаюцца абароты: сыравінныя, турыстычныя і гандлёвыя, што таксама прыводзіць да падзення курсаў рубля і юаня на валютным рынку.

І яшчэ адно. Сітуацыя з вірусам уплывае на памяншэнне аб'ёмаў вытворчасці ВУП Кітая, а таксама на зніжэнне аб'ёмаў спажывання вуглевадародаў у самім Кітаі і краінах-экспарцёрах. Гэта значыць, цэны на нафту знізяцца.

У Расіі як краіне — экспарцёры энергарэсурсаў будзе назірацца зніжэнне аб'ёмаў нацыянальнай вытворчасці, што азначае зніжэнне попыту на рубель як сродак грашовага абарачэння. У выніку чаканняў і падзення кошту нафты курс рубля зніжаецца ў дачыненні да еўра і долара, да якіх да гэтага рубель дастаткова доўга ўмацоўваўся.

З'явілася першая апакаліптычная ацэнка ўплыву каранавіруса на сусветную эканоміку, лічаць аналітыкі з Украіны. На іх думку, яго наступствы могуць быць параўнальныя з іпатэчным крызісам 2008—2009 гадоў (тады Украіна за год страціла амаль 15 % ВУП). Самае дрэннае ў гэтым прагнозе тое, што яго зрабілі ў рэйтынгавым агенцтве Mооdу's — гэта даволі кансерватыўныя хлопцы, якія рэдка панікуюць. У аснове іх прагнозу ляжыць разлічаны імі ж індэкс цэн на прамысловыя металы, ён упаў да трохгадовага мінімуму. Апошнія 30 гадоў рост глабальнай эканомікі карэляваў з цэнамі на метал. Калі сувязь захаваецца і ў 2020-м, то добрага чакаць не варта. Вядома, можна спадзявацца, што глабальная эканоміка ўжо не так залежыць ад прамысловых тавараў, як у 2008—2009 гадах, але для краін з сыравіннай эканомікай узровень прыбытку па-ранейшаму моцна залежыць ад цэн на метал. Застаецца верыць у прагноз кітайскіх эпідэміёлагаў, што эпідэмія дасягне піку ў сярэдзіне лютага, а пасля пойдзе на спад. І свет не паспее зусім спалохацца...

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».